Пе-пе-пе ’падзыўныя для кароў’ (лях., ДАБМ, камент., 895). Гукапераймальнае, утворанае, магчыма, з пачатковага складу і.-е. назвы скаціны *pekʼu‑ (параўн. лац. pecus ’скаціна’, ст.-інд. páçu, paçús, авест. pasu‑ ’тс’, ст.-грэч. πέκος ’шкура’, гоц. faíhu ’грошы’, ст.-в.-ням. fihu ’скаціна’, прасл. *pьsъ ’(калматы) сабака’). Параўн. і інш. падзыўныя словы для кароў з гэтым жа коранем: псе-псе-псе, псейка‑псейка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перга́мент ’апрацаваная скура жывёлы, на якой пісалі да вынаходніцтва паперы’, ст.-бел. паркгаминъ, паргаминъ, парк(г)аменъ, перкгаминъ, поркгаминъ (1395 г.). Са ст.-польск. pargamin, pergamin (Булыка, Лекс. запазыч., 59), якія праз ст.-в.-ням. pergamin ці лац. pergamēntum са ст.-грэч. περγαμνός — прыметнік ад назвы горада Πέργαμον у Малой Азіі, дзе упершыню спецыяльна апрацаваная скура была выкарыстана ў якасці пісчага матэрыялу (Брукнер, 396; Фасмер, 3, 235).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плі́тніца1 ’куча камення’ (шчуч., Сл. рэг. лекс.). Да пліта ’камень’ (гл.) і суф. ‑ніц‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 164).

Плі́тніца2 ’цагельня’ (добр., Мат. Гом.). Да пліта ’цэгла’, якое сустракаецца ўжо ў XII ст. (Кірыла Тураўскі) і, відаць, узыходзіць да ст.-грэч. πλίνθο, ’плоская цэгла, плінфа’ і суф. ‑иіц‑а са значэннем месца. Параўн. рус. пск. платня ’месца, кар’ер, дзе з горных парод здабываюць пліты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ктыка ’жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі ведаў, палажэнняў; скарыстанне ведаў, навыкаў на справе; дзейнасць урача або юрыста’ (ТСБМ), ’нечаканы выпадак, абставіны’ (Нас.), пра́хтыка ’практыка’ (Шат.), пра́ктык, практыкава́ць, практы́чны. Ст.-бел. практика, практыка ’інтрыгі; прароцтва’ < ст.-польск. praktyka < лац. practica (Булыка, Запазыч., 257). Сучаснае пра́ктыка праз рус. пра́ктика (гл. Крукоўскі, Уплыў, 78) узыходзіць да той жа лацінскай крыніцы і, далей, да грэч. πρακτική (Фасмер, 3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́рпур ’ярка-чырвоны колер, фарба’ (ТСБМ), ст.-бел. пурпура ’тс’; сюды ж пурпуро́вачка (пра дзяўчыну) (карэліц., Марц.). Запазычана з ням. Purpur праз рус. пу́рпур ’тс’, або з лац. purpura, магчыма, праз польск. purpura (параўн. Булыка, Лекс. запазыч., 111), вядомага з XVI ст. (Банькоўскі, 2, 966), што ўзыходзяць да грэч. πορφύρα ’фарба з соку мідыі; тканіна, афарбаваная гэтым сокам’, што ў сваю чаргу паходзіць з невядомай палеабалканскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піра́т ’марскі разбойнік’, ст.-бел. пиратъ (з XVII ст.). Запазычана са ст.-польск. pirat ’тс’, якое з ням. (с.-в.-ням. perate) ці з франц. pirate, — апошнія з лац. pirāta ’тс’, якое з грэч. περατής < πειράξω (την θαλατταν) ’выпрабоўваю (мора)’. Крукоўскі (Уплыў, 78) мяркуе, што бел. слова прыйшло праз рус. мову, дзе стала ужывацца пасля Феафана Пракаповіча. Гл. таксама Голуб-Ліер, 373; Фасмер, 3, 265.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́мзаць, рэмзаць ’плакаць’ (пух., ганц., Сл. ПЗБ; калінк., Сцяшк. Сл.; БДА, 911), ’доўга і нудна гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’скрыпець’, ’плакаць’ (Крывіч, 12, 1926, 109), рус. ры́мза ’плакса’, рымо́нить ’раўсці, плакаць’. Чаргаваннем галосных звязана з рус. рюма, реветь, параўн. літ. riáumoja ’раўсці’, лат. rumor ’гул, гоман, мармытанне’, ст.-ісл. rymr ’шум, рык’, rymja ’раўсці, бурчаць’, грэч. ὠρῡ́μαι ’раву, галашу’ (Фасмер, 3, 528–529 з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саве́т ’назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб’, ’распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой-небудзь установе, арганізацыі, таварыстве і пад.’ (ТСБМ), ’савет, нарада’ (Бяльк.), саве́ты ’савецкая ўлада; савецкія людзі’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). З рус. сове́т, сове́товать (Крукоўскі, Уплыў, 43). Рус. з царкоўнаславянскай, параўн. ст.-рус. съвѣтъ, ст.-слав. съвѣтъ, якое калькуе грэч. συμβούλιον ’нарада’; гл. Фасмер, 3, 705.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скамлі́ца ‘лаўка’ (Нас.), фальк. скаміца ‘тс’ (барыс., Нар. сл.), скамʼі́ца ‘тс’ (Ян.), скамені́ца ‘лаўка’ (Нар. Гом.), скаме́йка ‘лаўка, услон’ (Бяльк.). Укр. скамни́ця ‘лаўка, услон’, рус. скамья́, скаме́йка, дыял. скамля́ ‘лаўка, услон’. Запазычанне ў старажытнарускую мову з с.-грэч. σκαμνί(ον), мн. л. σκαμνία ад σκάμνον, якое з лац. scamnum ‘лаўка’ ад scabō, ‑ere ‘церці, стругаць’ (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слане́чнік ‘расліна Heliantus L.’, ‘насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак’, дыял. сланэ́чнік, сланэ́шнік, слано́шнік, сло́мачнік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Кіс., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Інстр. 1, Жыв. сл.), ‘дзевясіл, Inula helenium L.’ (Касп.). З польск. słonecznik, słoniecznik < słonce ‘сонца’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 59), таму што расліна паварочвае галоўкі за сонцам; калька лац. навуковай назвы, якая ад грэч. ἥλιος ‘сонца’; гл. Махэк, Jména, 243.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)