ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),

адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БРА́ГІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПнЗ ад г. Лоеў, паміж вёскамі Рэкорд і Бушацін. Створана на р. Дняпро (1149 км ад вусця) у 1987. Пл. 9,68 км², даўж. 4,5 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 6,2 м, аб’ём вады 42,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЫДА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на Пн Зах.-Сібірскай раўніны, паміж Тазаўскай і Обскай губамі і Енісейскім зал. Карскага м. Даўж. каля 400 км, шыр. да 400 км, выш. да 200 м. Узгоркавая раўніна, складзеная з марскіх і ледавіковых адкладаў; на Пд пераходзіць у Танамскае ўзвышша. Клімат суровы. Тундра, на Пд лесатундравае рэдкалессе. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. Радовішчы прыроднага газу.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКАЯ СУ́ВЯЗЬ, міжгародняя сувязь,

від тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж карэспандэнтамі, якія знаходзяцца на далёкай (практычна неабмежаванай) адлегласці адзін ад аднаго. Адначасовая перадача тэлеф., тэлегр., фотатэлегр., тэлевізійных і інш. сігналаў ажыццяўляецца па паветраных, кабельных, радыёрэлейных, спадарожнікавых і інш. лініях сувязі (гл. Многаканальная сувязь). Для кампенсацыі затухання сігналаў на асобных участках ліній устанаўліваюць узмацняльныя пункты або прамежкавыя (рэтрансляцыйныя) станцыі.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца з балота паміж в. Чэрнін і в. Новае Жыццё Краснапольскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—500 м. Пойма перарывістая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу амаль 6 км, далей — звілістае.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў у Карскім м., паміж Гыданскім п-вам і п-вам Таймыр. Даўж. каля 225 км. шыр. каля ўваходу 150 км. глыб. 6—20 м. Упадае р. Енісей. Свабодны ад лёду 3 летнія месяцы. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (нельма, омуль), промысел цюленя, бялухі. На ўсх. беразе каля ўваходу ў Е.з. порт Дыксан.

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СТРЫЯ (Istria),

паўвостраў паміж зал. Трыесцкім і Рыекскім Адрыятычнага м., у Харватыі, Славеніі і Італіі. Выступае ў мора амаль на 100 км. Пл. 3,7 тыс. км². Вапняковае пакатае плато ўздымаецца з ПдЗ на ПнУ. Выш. 100—600 м, найб. — 1396 м (г. Учка). Развіты карст. Клімат міжземнаморскі. Бедная міжземнаморская расліннасць (травы, шыбляк). Буйныя гарады: Трыест (Італія), Пула (Харватыя).

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІКРА́Т (Kallikratēs),

старажытнагрэчаскі архітэктар сярэдзіны 5 ст. да н.э.; прадстаўнік перыяду класікі. Пабудаваў на Афінскім акропалі невял. іанічны храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі; праект 449 да н.э., скончаны каля 420 да н.э.), Парфенон (447—438 да н.э., з Іктынам). Удзельнічаў у буд-ве так званых доўгіх сцен (каля 457—445 да н.э.) паміж Афінамі і Пірэем.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),

сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)