узва́р, ‑у, м.

Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уля́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Абляпацца чым‑н., вымазацца чым‑н. Уляпацца глінай.

2. Трапіць у бяду, непрыемную справу. [Фіма:] — Будзем прадаваць пралескі.. Ніхто з дэлегатаў сходу не ведае, дзе будзе збор. Такому чалавеку кажы: «Налева, да канца квартала». Бора там да трэцяга пашле, а трэці — да чацвёртага... Глядзі, не ўляпайся!.. Баранавых.

3. Закахацца ў каго‑н. [Васіль:] — Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што... Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.

Разм.

1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.

2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчу́нак, ‑нку, м.

1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.

2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінціклю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Цацка, упрыгожанне. Пакой прыбраны па-панску, усялякіх там фінціклюшак на сталах ды этажэрачках. Машара.

2. звычайна мн. (фінціклю́шкі, ‑шак). Несур’ёзныя, пустыя ўчынкі, словы. Усё гэта далёкія ад сур’ёзнай справы фінціклюшкі.

3. Пустая, несур’ёзная жанчына, якая думае толькі пра ўборы і гульні. [Апанас:] — Яна [Вольга] мяне гэтымі днямі здумала вучыць — фінціклюшка. Пестрак. [Зыль:] А да мяне прыходзілі. [Гарнец:] Хто? [Зыль:] Прышчэпа. А з ім нейкая фінціклюшка. Казала — настаўніца. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУКВА́Р, азбука,

падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.​Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.​Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.​Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.​Байкова, С.​Некрашэвіча, М.​Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.​Федасенка, М.​Пігулеўскі і І.​Пісарчык, С.​Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.​Сіўко (1929—32 з Л.​Лукіной, 1937—41 з З.​Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.​Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСК,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскай вобл., цэнтр Дзяржынскага р-на. На чыг. лініі (ст. Койданава) і аўтадарозе Мінск—Баранавічы. За 38 км ад Мінска. 24,6 тыс. ж. (1996).

Вядомы з 12 ст. як г. Крутагор’е. У 12—13 ст. пабудаваны Койданаўскі замак. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1442 як г. Койданава (назва паходзіць ад імя паўлегендарнага татарскага военачальніка Койдана, які нібыта быў тут разбіты ў 13 ст. ці знаходзіўся на службе ў войску ВКЛ у 14 ст.). З 1483 належаў кн. В.​М.​Вярэйскаму. магнатам Гаштольдам, з 1539 — вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому. У 1550—1831 належаў Радзівілам. З 1831 дзярж. маёмасць. Быў буйным цэнтрам кальвінізму, у 17 ст. пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. У 1588 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 каля Койданава адбылася Койданаўская бітва 1812. У 1871 праз мястэчка пракладзена чыгунка. У канцы 19 — пач. 20 ст. 2 вучылішчы, 2 яўр. школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, сінагога, мясц. прамысловасць. У 1897—4744 ж. У 1899 пабудавана Койданаўская запалкавая фабрыка «Дружына». З 1924 цэнтр Койданаўскага раёна (у 1932—37 нац. польскі). У 1932 горад перайменаваны ў Дзяржынск. У 1937—39 у Мінскім р-не, потым цэнтр Дзяржынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Дз. і раёне 17 606 чал., дзейнічала Дзяржынскае патрыятычнае падполле. У 1970—11,5 тыс. жыхароў.

Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (з-ды доследна-мех., эксперым.-мех., маторарамонтны і інш.), лёгкая (швейная і тэкст. ф-кі, ільнозавод) і харч. Дзейнічае Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры — касцёл апекі Божай (2-я пал. 18 ст.), Пакроўская царква (1851). Памятны знак у гонар 850-годдзя заснавання Крутагор’я—Койданава—Дз. (1996). Помнік у гонар вызвалення горада.

Брацкая магіла чырвонаармейцаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга феадалізму.

А.​І.​Валахановіч (гісторыя).

Фрагмент забудовы горада Дзяржынск.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),

горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс. ж. (1993). Порт на Паўн. м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць маст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.

Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл. Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.

Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.​Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.​Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.​П.​Берлаге, В.​М.​Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.​М.​Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.​Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.​Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.

Цэнтр Гаагі.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)