мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ГЕРМА́НІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Ставіла за мэту аб’яднанне Германіі і лібералізацыю паліт. жыцця. Штуршком да яе стала рэвалюцыя 1848 у Францыі. Пачалася з выступлення ў Бадэне (27 лют.), і ў хуткім часе ахапіла большасць германскіх дзяржаў. Найб. значныя падзеі адбыліся ў Аўстрыі (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі) І Прусіі. У Берліне дэманстрацыі рамеснікаў, рабочых, студэнтаў і гандляроў перараслі 18 сак. ў нар. паўстанне. Пад яго націскам кароль Прусіі вымушаны быў скасаваць цэнзуру, пагадзіцца са скліканнем прускага Нац. сходу і вывесці войскі са сталіцы. 29 сак. створаны ўрад Прусіі на чале з лідэрамі ліберальнай апазіцыі Л.Кампгаўзенам і Д.Ганземанам. 22 мая пачаў працу Нац. сход Прусіі; большасць месцаў у ім належала лібералам, якія стаялі за ліберальную канстытуцыю, але супраць радыкалізацыі рэвалюцыі. 18.5.1848 у Франкфурце-на-Майне пачаў дзейнасць агульнагерм. Нац. сход, т.зв. Франкфурцкі парламент, скліканы для вырашэння пытання пра аб’яднанне Германіі; большасць у ім таксама належала лібералам. Але створаны сходам часовы імперскі ўрад на чале з аўстр. эрцгерцагам Іаганам не быў падтрыманы Аўстрыяй, Прусіяй і інш.ням. дзяржавамі. На сходзе распачалася барацьба паміж прыхільнікамі «вялікагерманскага» (з удзелам Аўстрыі) і «малагерманскага» (без Аўстрыі) варыянтаў герм. дзяржавы. Тым часам паражэнне паўстання ў Аўстрыі ў кастр. 1848 падштурхнула караля Прусіі да роспуску прускага Нац. сходу (8 ліст.), прызначыць новы ўрад на чале з кансерватыўнымі дзеячамі і ўвесці ў Берлін войскі. У снеж. 1848 уступіла ў дзеянне канстытуцыя, якая павялічыла паўнамоцтвы караля пры захаванні шэрагу дэмакр. свабод. Франкфурцкі парламент працягваў працу, выдаў у снеж. 1848 «Асн. правы нямецкага народа», а 27.3.1849 — імперскую канстытуцыю на аснове «малагерманскага» праекта. «Імператарам немцаў» быў абраны кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм IV. Аднак 28.4.1849 ён адмовіўся ад імперскай кароны, а ў маі—чэрв. 1849 прускія войскі задушылі паўстанні ў абарону канстытуцыі ў Саксоніі, Рэйнскай вобл., Пфальцы і Бадэне. 18 чэрв. ўрад Вюртэмберга разагнаў Нац. сход, які пэўны час яшчэ працягваў збірацца ў Штутгарце. Нягледзячы на няўдачу з аб’яднаннем Германіі, рэвалюцыя паспрыяла лібералізацыі паліт. жыцця ў ням. дзяржавах і хуткаму іх капіталіст. развіццю.
Літ.:
Степанова Е.А., Левикова С.З. Борьба за единую демократическую Германию в период революции 1848—1849 гг.М., 1955;
Кан С.Б. Немецкая историография революции 1848—1849 гг. в Германии. М., 1962;
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ ТЭА́ТР АГІ́НСКАГА,
прыдворная тэатральная трупа гетмана вял.літ. Міхала Казіміра Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Засн. да 1771, спыніў дзейнасць пасля 1791. У т-ры працавалі прафес.італьян., ням., польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770—80-я г. пры т-ры існавала муз. школа.
Рэпертуар т-ра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 1790—91 на гастролях у г. Дубна, Украіна), опер італьян. кампазітараў Дж.Паізіела, Э.Дуні, А.Грэтры, П.А.Мансіньі, Н.Іамелі, А.Сакіні, П.А.Гульельмі, К.В.Глюка, Дж.Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Елісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Мар’яна», 1786) і інш. Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А.Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах т-ра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 муз. камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш.муз. твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д.Грабенбаўэра, Г.Давіа, П.Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Кінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янкі і М.Лазарыні. Філіялы т-ра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канаце; паміж 1777—80 пабудаваны «Дом оперы» арх. І.Мараіна, разбураны пасля 1804), які леў вял. сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вял. колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатр. баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхн. магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры т-ры быў спец. піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц.Г.Ваксмунт). Дэкарацыі для т-ра стваралі Мараіна і тэатр. машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пад імем Ян Бой). Сярод інш. мастакоў т-ра: К.Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І.Рэгер (1776—78), Ян Рустэм (1788—90), А.С.Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.
Літ.:
Барышаў Г.І. Слонімскі тэатр М.Агінскага // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;
Яго ж. Слонімскі унікум // Тэатр. Мінск. 1984. № 6;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНЮ́ТА Стэфанія Міхайлаўна (13.5.1905, Мінск —6.11.2000),
бел. актрыса. Дачка М.П.Станюты. Нар.арт. Беларусі (1957). Нар.арт.СССР (1988). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). Сцэн.дзейнасць пачала ў 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. З 1920 у БДТ, з 1926 у БДТ-2, з 1931 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Адметныя рысы творчасці С. — шырыня дыяпазону, валоданне разнастайнымі сродкамі сцэн. выразнасці, яркі пластычны малюнак роляў, эмацыянальнасць, выразнасць слова, жэста, мімікі, уменне карыстацца іроніяй, гратэскам. Стварыла шэраг нар. характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасць, жыццядзейнасць, шчодрасць і чалавечнасць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я.Купалы), Алена («Салавей» З.Бядулі), Ганна Пятроўна («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Рыпіна («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава), бабуля Вера («Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), цёця Моця («Машачка» А.Афінагенава), Карміліца («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Дуэнья («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Яркую камедыйнасць, вострую сатырычнасць спалучала з высокім драматызмам, паглыбленнем у псіхалогію шматграннага жаночага характару: Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), пані Вашамірская («Салавей»), Куліна Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А.Макаёнка), Каргота («Тры Іваны — тры браты» А.Вольскага), Кашкадамава («Сям’я» і Папова), Жабрачка («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Глафіра, Міхееўна («Ваўкі і авечкі», «Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Шарлота («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі), Гіза («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.Фермо), Мод («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ер) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Родная справа», «Цешча», «Памяць зямлі», «Трывожны месяц верасень», «Развітанне», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Чужая бацькаўшчына», «Радуніца», «Мама, я жывы» і інш., тэлефільмах «Мы — хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Літ.:
Бушко Т. Разнапланавая актрыса: (С.М.Станюта) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Сабалеўскі А. Шматграннасць характару // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980;
Азгур З. Актриса Стефания Станюта // Азгур З. То, что помнится... Мн., 1984. Кн. 2;
Арлова Т. Гатовы ўсё аддаць — і тым багаты // Арлова Т. Купалаўцы. Мн., 1985;
Станюта А. Жизнь актрисы. Мн., 2001.
В.А.Ракіцкі.
С.М.Станюта.С.Станюта ў ролі Арыны Радзівонаўны.С.Станюта ў ролі Мод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧАГА (СВГ) у 1-ю сусветную вайну 1914—18, орган вышэйшага палявога кіравання і месца знаходжання галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі. У пач. вайны размяшчалася ў Баранавічах, з 21.8.1915 — у Магілёве, з 26.2.1918 — у Арле. На чале ўзбр. сіл стаяў Вярх. галоўнакамандуючы з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, яго штаб першапачаткова складаўся з 5 упраўленняў. У пач. вайны ў СВГ было 9 генералаў, 36 афіцэраў, 12 ваен. чыноўнікаў і 125 салдат. У ходзе вайны склад СВГ павялічваўся, і на 14.11.1917 у яе ўваходзілі 15 упраўленняў, 3 канцылярыі, 2 к-ты (усяго больш за 2 тыс. генералаў, афіцэраў, чыноўнікаў і салдат). Пры Стаўцы знаходзіліся і ваен. прадстаўнікі саюзных дзяржаў Антанты. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Стаўка стала цэнтрам арганізацыі Карнілава мяцяжу 1917. Пасля перамогі ў Петраградзе Кастр. рэвалюцыі 1917 СВГ (Вярх. галоўнакамандуючы ген. М.М.Духонін і камісар Часовага ўрада В.Б.Станкевіч) 26 кастр. (8 ліст.) заклікала армію выступіць супраць сав. улады. 4—11 (17—24) ліст. прадстаўнікі кадэтаў, эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы т.зв. агульнарас. ўрад на чале з эсэрам В.М.Чарновым. З 7(20) ліст. Духонін пры падтрымцы прадстаўнікоў Антанты адмовіўся выконваць указанні сав. ўрада і пачаць перагаворы з Германіяй аб перамір’і. 9(22) ліст. ён адхілены ад пасады і на гэтую пасаду прызначаны бальшавік прапаршчык М.В.Крыленка. 19 ліст. (2 снеж.) па загадзе Духоніна з турмы ў Быхаве выпушчаны генералы Л.Г.Карнілаў, А.І.Дзянікін і інш., якія ўцяклі на Дон. У гэты ж дзень Магілёўскі ВРК устанавіў кантроль над Стаўкай. 20.11(13.12).1917 СВГ занята атрадам рэв. войск на чале з Крыленкам, а Духонін забіты салдатамі. 21.11(4.12).1917 пры рэв. Стаўцы створаны ВРК (старшыня І.Ф.Баярскі), які прызначыў сваіх камісараў у аддзелы і ўпраўленні СВГ, распрацаваў дакументы аб дэмакратызацыі і дэмабілізацыі арміі. 16(29).12.1917 ВРК рэарганізаваны ў Цэнтр.к-т дзеючых армій і флоту (Цэкадорф) у складзе 50 чал. (старшыня М.У.Рагазінскі). 9.12.1918 пры Стаўцы створаны Рэв. палявы штаб — орган аператыўнага кіраўніцтва ўзбр. барацьбой з контррэвалюцыяй, пачала выдавацца газ. «Революционная ставка». У сувязі з дэмабілізацыяй арміі 5.3.1918 пасада Вярх. галоўнакамандуючага скасавана, 9.3.1918 спыніў дзейнасць Цэкадорф, 16.3.1918 — штаб Стаўкі.
Вярх. галоўнакамандуючымі былі: вял.кн. Мікалай Мікалаевіч, імператар Мікалай II, М.В.Аляксееў, А.А.Брусілаў, Карнілаў, А.Ф.Керанскі, Духонін, Крыленка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАШКЕ́ВІЧ Мікалай Сцяфанавіч (н. 23.8.1938, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990), праф. (1994). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ (з 1990 Ін-тгіст.-паліт. даследаванняў): з 1976 заг. сектараў гісторыі Вял.Айч. вайны, гісторыі партыі, аддзела гісторыі паліт. партый сацыяліст. арыентацыі. З 1992 у Бел.н.-д. цэнтры дакументацыі і рэтраінфармацыі, заг. кафедры гісторыі і беларусазнаўства Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ. З ліст. 1999 в.а. дырэктара Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе пытанні гісторыі бел.нац.-вызв. руху, фарміравання класаў, паліт. партый і грамадскіх рухаў на Беларусі ў 19—20 ст., станаўлення і развіцця бел. дзяржаўнасці ў 20 ст., сац.-класавых адносін у сав.час. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Бальшавікі Беларусі ў барацьбе за перамогу Кастрычніка», «Дары данайцаў» (абедзве 1987), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Кастрычнік 1917 і лёсы палітычнай апазіцыі» (ч. 1—3, 1993), «Палітычныя партыі Беларусі» (1994), «Праграмы палітычных партый Расіі, канец XIX — пачатак XX стст.», «Станаўленне і крушэнне аднапартыйнай сістэмы ў СССР, 1917—1991» (абедзве 1995), «Палітычныя партыі і палітычная паліцыя» (1996), «Гісторыя Беларусі» (ч. 2, 1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), зб-каў арт. «Бальшавікі і непралетарскія партыі ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў гады грамадзянскай вайны» (1982), «Перабудова і міжнацыянальныя адносіны» (1989). Удзельнічаў у падрыхтоўцы зб-каў дакументаў і матэрыялаў «К.Каліноўскі: З друкаванай і рукапіснай спадчыны», «Па волі народа: З гісторыі ўтварэння БССР і стварэння КПБ» (абодва 1988), «Ідэалагічная дзейнасць Кампартыі Беларусі, 1918—1945» (ч. 1, 1990) і інш.
Тв.:
Непазбежнае банкруцтва. Мн., 1974;
На защите идей Октября: Из истории идейно-полит. борьбы в Белоруссии в голы гражданской войны (1919—1920 гг.). Мн., 1978;
Почему не состоялась БНР? Мн., 1980 (разам з І.І.Коўкелем);
На пути к истине: (Из истории нац.-освободит. движения в Белоруссии. 1917 г.). Мн., 1983;
Приговор революции;
Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
На грани возможного: Идейно-полит. борьба вокруг создания бел. государственности // Неман. 1989. № 10—11;
Гісторыя Беларусі: Насельніцтва, фарміраванне і вызначэнне этніч. і дзярж.-адм. межаў. Беларускае замежжа. 2 выд.Мн., 1997 (разам з Г.С.Марцулем);
Юбилей, который всегда с нами // Бел. думка. 1998. № 12;
Проблемы учебника: к вопросу о формировании однопарт. системы в Беларуси // Гісторыя: прабл. выкладання. 1999. № 1;
Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст. — люты 1917 г.) // Бел.гіст.часоп. 1999. № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДА́Н (ад араб. Білад ас-судан — краіна чорных),
прыродная вобласць у Афрыцы ад паўд. межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8°паўн. ш.) і ад Атлантычнага ак. да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з Пн на Пд больш за 1 тыс.км, з З на У каля 5,5 тыс.км; пл. каля 5 млн.км².
Размешчана ў межах Афрыканскай платформы. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння рэк Нігер, Белы Ніл, катлавіна воз. Чад, запоўненыя антрапагенавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Пераважаюць выш. 200—500 м. На З прыбярэжная нізіна Сенегамбіі — апушчаная прыатлантычная ч. платформы (200 м ніжэй узр. м.). Узвышаныя ўчасткі адпавядаюць антэклізам — крышт. плато Джос, Дарфур і часткова перакрытае асадкавай тоўшчай Кардафан з астраўнымі гарамі. Стараж. вулканічныя конусы ў Сенегале і Дарфуры звязаны з неагенавымі разломамі (г. Мара — 3088 м, найб.выш. ў С.). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы часовых вадацёкаў, азёрныя ўпадзіны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Летам значны ўплыў паўд.-зах. экватарыяльнага мусону, зімой — паўн.-ўсх. гарачага і сухога пасату. Колькасць ападкаў ад 100 на Пн да 2000 мм на Пд за год, вільготны сезон 2—10 мес. На Пд т. зв. зенітальныя дажджы. Сярэднегадавыя т-ры на З 23—24 °C, на У 26—29 °C. Найб. рэкі Ніл з Собатам, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая і Чорная Вольта. У бас.р. Нігер і Бахрэль-Газаль шмат невял. азёр. Найб. ў С. воз.Чад (пл. мяняецца і паступова скарачаецца). З Пн на Пд ярка выражана шыротная занальнасць змены ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. На Пн паўпустыня і сухая саванна, дзе пераважае калючкава-дрэвавая фармацыя. Кусты акацыі выш. 1—5 м. Большую ч. С. займае тыповая саванна са злакавым покрывам (віды барадачу, выш. 1—1,5 м). Трапляюцца асобныя або групы дрэў (парасонавыя акацыі, пальмы дум і веерная, баабабы, малачаі). На Пд высакатраўная саванна і лесасаванна. Лясныя масівы з густым падлескам прымеркаваны да далін рэк (галерэйныя лясы) і катлавін. Глебы пераважна чырв. фералітныя, алферытныя, чырв.-бурыя, чырв.-карычневыя. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці: антылопы, жырафы, слон, леў, бегемот і інш.; з птушак — страусы, балотны бусел, дрофы і інш. Зона саваннаў — тэр. актыўнага стараж. земляробчага асваення і жывёлагадоўлі. С.-г.дзейнасць прывяла да ўзмацнення працэсаў апустыньвання. На тэр. С. поўнасцю або часткова знаходзяцца дзяржавы: Сенегал, Гамбія, Гвінея—Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Буркіна-Фасо, Гана, Tora, Бенін, Нігер, Нігерыя, Камерун, Чад, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Судан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎЛА́Й Валянцін Паўлавіч (8.2.1914, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 27.4.1947),
бел. паэт, дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Маленства правёў на радзіме бацькоў, у в. Рудаўка Слонімскага р-на. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (у 1925 выключаны за нежаданне адмовіцца ад бел. нацыянальнасці), у 1927—29 у Віленскай бел. гімназіі (выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі). За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог (1929—30). У 1930—32 працаваў у газ. «Звязда» і вучыўся ў БДУ. У снеж. 1932 адкліканы на падп. працу ў Зах. Беларусь — чл.цэнтр. рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку час. «Літаратурная старонка» — легальных неафіц. органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦККПЗБ у Цэнтры нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў Літ. фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Пры спробе перайсці граніцу ў Сав. Беларусь у 1934 арыштаваны, засуджаны на 8 гадоў зняволення ў гродзенскі астрог. Пасля вызвалення Зах. Беларусі працаваў у лідскай раённай газ. «Уперад» (1939—41). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл., разведчык спецгрупы «Буравеснік» (1942—44). У 1944—45 адказны сакратар навагрудскай раённай газ. «Звязда», у 1945—47 ст.навук. супрацоўнік і нам. дырэктара Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1928. Меў псеўданімы Бунтарны, Янка Дванаццаты, Паўлюк Сірата, В.Тарскі і інш. Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуніст. падполлі (паэма «Непераможная», выд. на шапірографе, 1928). У першым пасмяротным зб. «Выбранае» (1947) палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х г., характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутр. гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жыццё, даводзячы іх да гранічнай маст. дасканаласці. Эстэт. набытак Т. ўзнімаецца на ўзровень рэв. паэзіі свету. Аўтар публіцыст. нарысаў пра рэв.-вызв. і антыфаш. барацьбу, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, І.Крылова.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1955;
Выбр. творы. Мн., 1958;
Творы. Мн., 1961;
[Выбр. вершы і паэмы]. Мн., 1967;
Пілую вершам краты. Мн., 1984.
Літ.:
Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969;
Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964. № 10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАМЕНАЛО́ГІЯ (ад феномен + ...логія),
у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне пра з’явы свядомасці; у вузкім — кірунак у філасофіі 20—пач. 21 ст., прадстаўнікі якога імкнуцца Вызваліць філас. свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філас. аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.
У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак: як навука пра прадметы вопыту (І.Кант, І.Г.Ламберт), вучэнне пра канкрэтныя выяўленні абсалютнага духу, якія ў гіст. развіцці паслядоўна змяняюць адно аднаго (Г.Гегель). У 19 ст. пад Ф. таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстр. філосафы і псіхолагі Ф.Брэнтана, К.Штумпф, А.Мейнанг распрацавалі метадалагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў. Узнікненне Ф. як самаст. ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э.Гусерля, які прапанаваў разглядаць Ф. як метад даследавання «чыстай» свядомасці і іманентных, апрыёрных структур чалавечага існавання.
Гал. ўвага ў Ф. звяртаецца на пазавопытныя, пазагіст. структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхал. перажываннях. Ф. дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб’ектаў і інш. форм пазнання. Ф. выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай ці сац. сферы, а суб’ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сац. і псіхафізіял. істоту. У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг структурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў; прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з Ф., прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб’ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхал. свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс. Ф. значна паўплывала на гуманіт. думку 20 ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер), увайшлі ў склад філас. герменеўтыкі (Г.Г.Гадамер) і аксіялогіі (М.Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р.Інгардэн), правазнаўстве (Х.Конрад-Марціус), сацыялогіі (М.Натансон, А.Шуц, А.Фіркант) і інш.
Літ.:
Мотрошилова Н.В. Принципы и противоречия феноменологической философии. М., 1968;
Гуссерль Э. Философия как строгая наука: Пер. с нем. Новочеркасск, 1994;
Антология феноменологической философии в России. Т. 1—2. М., 1998—2000;
Хайдеггер М. Основные проблемы феноменологии: Пер. с нем. СПб., 2001;