ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),
затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).
П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст.н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач.н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл.Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.
Літ.:
Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКІ́М,
штат Індыі, ва ўсх. Гімалаях. Мяжуе з Непалам, Кітаем, Бутанам. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. каля 500 тыс.чал. (2001) — народы тыбецкага паходжання, выхадцы з Непала і Бенгаліі. Адм. ц. — г. Гангтак. С. — горная краіна. Горы выш. 6—8 тыс.м на Пн (г. Канчэнджанга, выш. 8585 м), каля 2 тыс.м на Пд. Клімат мусонны, у далінах умераны, у гарах халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. каля -4 °C, у ліп. каля 16—18 °C. Ападкаў каля 3000 мм за год. Лістападныя і хвойныя лясы займаюць каля 50% тэрыторыі. Развіта пераважна сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць рыс, кукурузу, батат, сою. С. — гал. пастаўшчык кардамону на сусв. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Лесанарыхтоўкі. Здабыча і перапрацоўка поліметал. руды. Невял. прадпрыемствы харч. і тэкст. прам-сці. Саматужныя промыслы (рэчы хатняга ўжытку, разьба па дрэве, вырабы з серабра, дываны). Транспарт аўтамабільны і ўючны. Турызм.
Стараж. насельніцтва С. — племя лепча. З 13 ст.тут з’явіліся выхадцы з Тыбета — бхотыя. З 16 ст. на тэр. С. пашырыўся будызм у форме ламаізму. У пач. 17 ст. склалася самаст. княства С. на чале з правіцелямі (чаг’яламі) тыбецкага паходжання, якое было ў васальнай залежнасці ад Тыбета. У пач. 19 ст. падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. З 1861 С. — брыт. пратэктарат (афіцыйна пацверджана англа-кіт. канвенцыяй 1890), а пасля заваявання Індыяй незалежнасці (1949) — інд. пратэктарат. Шматлікія паўстанні супраць дэспатычнай улады чаг’ялаў прымусілі Індыю ў 1974 увесці ў С. свае войскі. Была абрана Нац. асамблея С. У крас. 1975 на рэферэндуме большасць яго насельніцтва ўхваліла далучэнне С. да Індыі. З мая 1975 С. — 22-гі штат Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМІРЭ́ЧЧА,
паўднёва-ўсходняя частка Казахстана паміж азёрамі Балхаш на Пн, Сасыкколь і Алаколь на ПнУ, хрыбтом Джунгарскі Алатау на ПдУ, хрыбтамі Паўн.Цянь-Шаня на Пд. Назва ад 7 рэк гэтага раёна: Ілі, Каратал, Біен, Аксу, Лепса, Баскан, Сарканд. Ужываецца таксама каз. назва Джэтысу (ад каз. жэты — сем і су — вада). На ПнЗ і Пн, у раўніннай частцы пашыраны пясчаныя, часткова саланчаковыя пустыні і лугава-тугайныя ландшафты ўздоўж рэк. На ПдУ у перадгор’ях да выш. 2000 м — лісцевыя лясы, вышэй — яловыя лясы і альпійскія лугі. У пустынях развіта жывёлагадоўля (мясная авечкагадоўля і каракуляводства), на арашальных землях уздоўж рэк вырошчваюць збожжа і тэхн. культуры, каля г. Алматы (гал.прамысл. цэнтр) — прыгарадная гаспадарка і садоўніцтва.
Як гіст. вобласць уключае і даліну р. Чу. У старажытнасці С. насялялі плямёны сакаў (1-е тыс. да н.э.), усуняў (2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У сярэдзіне 6 ст.тут утварыўся Зах.-Цюркскі каганат (гл.Цюркскі каганат), у 8 ст. — дзяржавы цюргешаў (да 758) і карлукаў (з 766). З канца 10 ст. С. ў складзе Караханідаў дзяржавы, каля 1140—1213 — Каракітаяў дзяржавы. У 1218—20 заваявана мангола-татарамі. У 16 ст. на тэр. С. ўтварыўся каз. Старэйшы жуз, які ў 1840—60-я г. далучаны да Рас. імперыі. У 1867 у складзе Туркестанскага ген.-губернатарства ўтворана Сямірэчанская вобл. з цэнтрам у г. Верны (цяпер Алматы). Адбывалася каланізацыя краю рас. казакамі і сялянамі-перасяленцамі, у 1867—1920 існавала Сямірэчанскае казацкае войска. У 1918—24 Сямірэчанская (з 1922 Джэтысуйская) вобл. у Туркестанскай АССР (у складзе РСФСР). У выніку нац.-дзярж. пераўтварэнняў 1924—36 тэр. С. далучана да Казахстана (большая ч.) і Кіргізіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),
сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).
Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.
Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна). На аснове ўкр.нар. верша Т.Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь» М.Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.Танка, П.Панчанкі, К.Кірэенкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКАГА ВУЧНЁЎСТВА ШКО́ЛЫ, школы ФЗВ,
ніжэйшыя прафесійныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых для прам-сці ўнутры самой вытв-сці. Школы ФЗВ за 2—4 гады давалі практычныя навыкі для рабочага ў пэўнай галіне, пачатковыя спец.тэарэт. веды, агульную і паліт. адукацыю. У сувязі з адсутнасцю ў БССР буйных прамысл. прадпрыемстваў яны напачатку не мелі тут значнага пашырэння. Першая ў БССР школа ФЗВ адкрыта ў 1923 пры шклозаводзе «Камінтэрн» у Бабруйскім пав. У 1925/26 навуч.г. працавалі 3 (156 вучняў), у 1926/27—15 (1073 вучні), у 1931—103 (20,8 тыс. вучняў) школы ФЗВ. Камплектаваліся яны на базе 7-гадовай школы, у 1920-я г. — на базе 4—5 груп (класаў) сямігодкі. У 1929 школы ФЗВ перададзены ў веданне органаў прам-сці, а за Наркаматам асветы пакінута агульнае кіраўніцтва навуч. працэсам. У 1933 пераўтвораны ў навуч. ўстановы для падрыхтоўкі рабочых масавых спецыяльнасцей; тэрмін навучання скарочаны да 6 месяцаў — 1 года, агульнаадук. прадметы выключаны з навуч. планаў, 80% адводзілася вытв. навучанню. Прымаліся асобы 15—16 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, выпускнікі адпрацоўвалі на вытв-сці не менш як 3 гады. У 1930-я г. частка школ ФЗВ рэарганізавана, некат. пераўтвораны ў тэхнікумы, у астатніх тэрмін навучання павялічаны да 1,5—3 гадоў. У выніку колькасць навучэнцаў значна скарацілася. Школы ФЗВ былі састаўной часткай завода ці фабрыкі і падпарадкоўваліся непасрэдна дырэктару прадпрыемства. Яны рыхтавалі кадры для мясц. патрэб, праграмы і тэрміны навучання вызначаліся кожным наркаматам асобна. У сувязі з курсам на цэнтралізацыю падрыхтоўкі рабочых і стварэннем у 1940 сістэмы прац. рэзерваў школы ФЗВ страцілі сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́ЧЫНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
сярэдняя навуч. ўстанова ў 1718—1832 у г. Шчучын Гродзенскай вобл. У 1718 у Шчучын піяраў запрасіў гаспадар мястэчка Ю.Глябецкі, які перадаў ім мясц. парафіяльны касцёл і ахвяраваў 23 735 злотых. Калі маёнтак перайшоў да яго дачкі Тэрэзы, яна пацвердзіла фундацыю бацькі; тое ж у 1726 зрабіў і сойм. Калегіум пры кляштары св. Георгія засн. ў 1718 (пры ім пэўны час дзейнічалі семінарыя для ордэнскай моладзі, дзе выкладаліся нават усх. мовы, і аптэка). Існаваў на прыватныя ахвяраванні, падпарадкоўваўся Літоўскай навуч. акрузе. Меў 3 класы і 5 выкладчыкаў. У 1783 Адукацыйная камісія рэарганізавала калегіум у падакруговае вучылішча (у 1785 у ім было 119, у 1789—69 вучняў; у 1803 было 5 класаў і 7 выкладчыкаў). У 1804 з Гродзенскай дамініканскай школы сюды пераведзены фундуш у 40 тыс. злотых гродзенскага старосты А.Храптовіча для ўтрымання 10 юнакоў са збяднелай шляхты, а калегіум пераўтвораны ў 6-класнае пав. вучылішча з гімназічным курсам навучання (выпускнікі мелі права паступаць ва універсітэты). У 1817 было 7 выкладчыкаў і 201 вучань, у 1822—152 вучні, у 1823—73 вучні. 19.2.1823 тут утворана нелегальнае вучнёўскае т-ва (філіял віленскіх філаматаў), якое было раскрыта паліцыяй. У 1825 калегіум ператвораны ў звычайнае 4-класнае пав. вучылішча, у 1832 скасаваны. У ім выкладаў прыродазнавец С.Юндзіл, вучыліся філосаф К.Нарбут, гісторык-археограф М.Догель, геолаг І.Дамейка, паэт Ю.Корсак і інш.
Літ.:
Белецкий А.В. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа за первый период его существования, 1803—1832. Отд. 3. Вильна, 1906;
Сборник материалов для истории просвещения в России. Т. 1. СПб., 1893;
Beauvois D. Szkolnictwo Polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich, 1803—1832. T. 2. Rzym;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вінакур ’вытворца спірту’ (БРС, КТС). Укр.винокур, рус.винокур, польск. (з «Літвы» ў Карловіча) winokur ’тс’. Усх.-слав. утварэнне ад віно і курыць (гл.) ’выпальваць’. Тутвіно ўжыта не ў першасным значэнні ’віно вінаграднае’, а ў другасным ’алкаголь, спірт, гарэлка’. Прынамсі, у XIX — пач. XX ст. спіртныя напіткі выраблялі вінакурныя заводы. Такім жа чынам утворана і чэш.vinopal < víno + páliti, pálenka ’самагон’, польск.gorzelany, gorzelnik, gorzeć ’паліць, гарэць, выпальваць’. Сюды ж вінаку́рны, вінаку́раны, вінакурства (БРС, КТС), а таксама новатвор (калька з рускай мовы) вінакурэнне (КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́птка ’пятля’ (Сцяшк. МГ), га́птачка (Сцяшк. МГ, Шат.), га́фтка. Бел.га́фтка (засведчана з XVI ст., Булыка, Запазыч., 80), укр.га́фтка (вядомае з XVIII ст.) запазычаны, паводле Слаўскага (1, 390), з польск.haftka ’тс’, а гэта з с.-в.-ням.haft (ням.Haft); памяншальную форму польск. слова Корбут (PF, IV, 485) тлумачыў запазычаннем з ням. памяншальнага haftchen ’тс’. Форму га́птка (як і га́пка, гл.) можна тлумачыць непасрэдным адлюстраваннем польск.дыял.haptka < ням. (так Сцяц. Нар., 125), але тут (у адрозненне ад га́пка) поўнасцю захоўваецца кансанантная група ‑ptk‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кастамя́жына ’старая жывёліна’ (Шат.). Зыходнай можна лічыць форму (без суфіксальнай часткі) кастамяга ’тс’. Экспрэсіўнае па паходжанню слова. Можна меркаваць, што тут мы маем справу са складаным словам (зыходнае *kosto‑męga < *kosto‑męga, да *kostь ’косць’ і *męk‑ ’мяккі’; першапачаткова ’старая жывёліна са старымі, мяккімі ўжо касцямі’). З другога боку, ёсць такія Утварэнні, як, напрыклад, рус.костомьіга ’пакінуты ў полі касцяк’ (Даль), дзе першая частка слова тая ж, што ў кастамяжыне; некалькі розныя, але, відаць, роднасныя другія часткі⇉мяга і -мыга. Няясна. Няма ў Трубачова, Эт. сл.