умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус.футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часунайб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел.прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЧЫВА́ДЗЕ,
грузінскія кампазітары. Бацька і сын.
Мелітон Антонавіч (5.1.1863, в. Баноджа, каля г. Цхалтуба — 21.11.1937), нар.арт. Грузіі (1933). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Збіраў нар. песні, кіраваў харамі. У 1918 заснаваў Кутаіскае муз. вучылішча (цяпер яго імя). Адзін з пачынальнікаў груз. оперы («Тамара Каварная», 1897, паводле драм. паэмы «Дарэджан Каварная» А.Цэрэтэлі) і раманса.
Андрэй Мелітонавіч (н. 1.6.1906, С.-Пецярбург), нар.арт.СССР (1968), Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Тбіліскую (1926, клас М.Іпалітава-Іванава) і Ленінградскую (1931) кансерваторыі. З 1935 выкладаў у Тбіліскай кансерваторыі (з 1942 праф.). Адзін з заснавальнікаў груз. кампазітарскай школы сав.часу. Аўтар 3 опер. у т. л. «Мзія» (1950), першага нац. балета «Сэрца гор» («Мзечабукі», 1936), балетаў «Старонкі жыцця» (1961), «Мцыры» (1964), 4 сімфоній, 4 канцэртаў для фп. з арк., канцэрта для фп. і струннага арк. (1978), камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хароў, песень, музыкі да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946 і 1947. Дзярж. прэмія Грузіі 1969.
Літ.:
Хучуа П. Мелитон Баланчивадзе Тбилиси, 1964;
Орджоникидзе Г. Андрей Баланчивадзе. Тбилиси, 1967;
А.Баланчивадзе: Сб. статей и материалов. Тбилиси, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн.ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г.амер. матэматыкам Р.Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.С.Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).
У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Літ.:
Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1960;
Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Маскве,
цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаў СССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.А.Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.С.Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.Р.Раманава і братоў Я. і К.Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.Скарыны (84 экз.), С.Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СТАРЫ́ ЗА́МАК,
комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 ст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанка ў Нёман, на месцы паселішча 11 ст. У пач. 12 ст. стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гродзенскага княства. Тут былі ўзведзены Гродзенскі княжацкі церам, Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Верхняя царква, інш. жылыя і гасп. пабудовы. У выніку шматлікіх аблог крыжакамі (1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402) Гродзенскі Стары замак часткова разбураўся, але быў адноўлены. У 1580 княжацкі церам перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замкавыя ўмацаванні прыйшлі ў заняпад. У замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Да нашага часу зберагліся рэшткі муроў абарончых умацаванняў. Традыцыйна комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак. Уваходзіць у склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.
Літ.:
Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993.
Гродзенскі Стары замак у 14—16 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак у 16—18 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак. Сучасны выгляд.