у..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) накіраванасці дзеяння ўнутр прадмета або асяродцзя, напр.: убіць, увезці, уплесці;

2) распаўсюджання дзеяння на ўвесь аб’ект або на частку яго, напр.: увешаць, удзяліць;

3) давядзення дзеяння да пэўнага выніку, напр.: угаварыць, угарнуць, усаліць;

4) працякання дзеяння насуперак чаму-н., напр.: усядзець, уцярпець;

5) аддзялення часткі ад прадмета, змяншэння або павелічэння яго колькасці, аб’ёму, змянення якасці, напр.: урэзаць, удвоіць, усушыць;

6) устойлівасці дзеяння, напр.: устаяцца, улегчыся;

7) поўнага паглыблення ў дзеянне, напр.: учытацца, удумацца;

8) звычак суб’екта, яго асаблівых рыс, напр.: унадзіцца, ужыцца;

9) стану суб’екта, напр.: упіцца, угаманіцца;

10) узаемнасці дзеяння, напр.: угаварыцца, умовіцца, улюбіцца.

II. Ужыв. для ўтварэння прыслоўяў са знач.:

1) месца, прасторы, напр.: убок, уверсе;

2) часу, напр.: увосень, уначы;

3) меры і ступені, напр.: удвайне, утрайне;

4) спосабу дзеяння, напр.: употай, уголас.

III. Утварае форму закончанага трывання дзеясловаў, напр.: уджаліць, уклеіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)