скрып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.
•••
За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.
Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм. Уберагчы ад небяспекі, гібелі, знішчэння; захаваць жывым, выратаваць. Яны [браты] ўратавалі Радзіму ад згубы, Сваю ж маладосць Не змаглі ўберагчы. І. Калеснік. Шкада бацьку расставацца з дзецьмі, але што зробіш: у гэтай завірусе таксама іх не ўратаваць. Шчарбатаў. [Кірыла] ішоў разам з людзьмі, стомлены, але задаволены, што зрабілі важную справу — уратавалі хлеб. Гурскі. // Захаваць, зберагчы, пазбавіць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Лугавец:] — У засушлівыя гады, перакрыўшы шлюзы, мы ўратуем тарфянікі ад перасушкі... Краўчанка. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фамі́лія, ‑і, ж.
1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Колас.
2. Уст. Сям’я, члены сям’і. Жыла пад гэту пару ў Сіўцы адна досыць цікавая фамілія. Зарэцкі. — І вось я пытаюся ў вас, — у голасе [Гелены] была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй. Караткевіч.
3. У Старажытным Рыме — сям’я разам з рабамі і кліентамі (у 1 знач.).
[Лац. familia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРЦЁМ’ЕЎ (Валянцін Міхайлавіч) (н. 15.5.1934, г. Масква),
вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1989), д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1956), дзе і працаваў. З 1987 дырэктар, з 1993 заг. лабараторыі Ін-та прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне аўтам. кіравання. Распрацаваў тэорыю дынамічных сістэм з выпадкова зменнай структурай.
Тв.:
Оптимизация динамических систем случайной структуры. М., 1980 (разам з Г.Я.Казаковым);
Основы автоматического управления. М., 1986;
Локационные системы роботов: Справ. пособие. Мн., 1988;
Анализ систем случайной структуры. Мн., 1993.
т. 1, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦІШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1933, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. гістолаг і эмбрыёлаг. Д-р мед. н. (1986), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1960 у гэтым ін-це. Навук. працы па эмбрыялогіі, станаўленні эндакрыннай сістэмы ва ўмовах нормы і пры стрэсавых сітуацыях. Увёў у практыку даследавання эмбрыялагічных эндакрынных залоз чалавека гістахім. метады, электронную мікраскапію, колькасны аналіз.
Тв.:
Надпочечные железы. Мн., 1977;
Гистофизиология органов кроветворения и иммунитета: Учеб. пособие. Мн., 1988 (разам з Н.А.Жарыкавай, В.Л.Жарыкавай);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).
т. 1, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЦІ́НА ((Aretino) П’етра) (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 1.4.1936, Мінск),
бел. філосаф, палітолаг. Д-р філас. н. (1987), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1989 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1993 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы сучаснай зах. філасофіі, паліталогіі, тэорыі міжнар. адносін, сац. прагназавання і фарміравання асобы.
Тв.:
Проблемы «массовой культуры» и массовых коммуникаций. Мн., 1972 (разам з Г.П.Давідзюком);
Личность и социальное прогнозирование. Мн., 1977;
Проблемы внешнеполитической доктрины Республики Беларусь как самостоятельного независимого государства // Восточная Европа: политический и социокультурный выбор. Мн., 1994.
т. 2, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́ТАЎ (Барыс Аляксандравіч) (н. 1.4.1938, г. Арэхава-Зуева, Расія),
бел. вучоны ў галіне тарфяной вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1960). З 1977 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах мадэлявання, мадэм. апісання і аптымізацыі тэхнал. працэсаў распрацоўкі радовішчаў торфу з улікам рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар падручніка «Тэхналогія і комплексная механізацыя тарфяной вытворчасці» (1988, з В.А.Нікіфаравым) і інш. вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Моделирование и оптимизация процессов брикетного производства. М., 1976;
Математические методы в торфяном производстве. М., 1991 (разам з У.Дз.Капёнкіным).
т. 2, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫЁНІ (Вахушты) (1696—1751),
грузінскі гісторык і географ. Пабочны сын картлійскага цара Вахтанга VI. Дзед П.І.Баграціёна. Вучыўся ў місіянераў. У 1717—24 удзельнічаў у паліт. жыцці Картлійскага царства: у жн.-ліст. 1722 правіў краінай, у 1724 камандаваў войскамі Ніжняга Картлі, правёў там перапіс; разам з царом Вахтангам, сям’ёй і світай выехаў у Расію. Аўтар «Гісторыі царства Грузінскага» (1745; ахоплівае падзеі 15—18 ст.) і 2 геагр. атласаў (1-ы складзены ў 1735, меў 8 картаў Грузіі; 2-і ў 1742—43, 19 картаў і генеалагічныя схемы царскай дынастыі Багратыёнаў).
Тв.:
Рус. пер. — История царства Грузинского. Тбилиси, 1976.
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ДЫС ((Balodis) Карл) (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен. мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
т. 2, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)