ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,

каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр. італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс. чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц. араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян. сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс. чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян. ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.

Літ.:

Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,

баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн.г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс. чал., саюзнікаў — 320 тыс.

Літ.:

Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНА́РЫІ (італьян. carbonaro літар. вугальшчык),

члены тайнага аднайм. т-ва ў Італіі і інш. краінах Еўропы ў 1-й пал. 19 ст. З’явіліся ў пач. 19 ст. на Пд Італіі, пасля 1815 і ў інш. італьян. дзяржавах. Змагаліся за нац. вызваленне ад франц., потым аўстр. панавання і ўстанаўленне канстытуцыйнага ладу. Прадстаўлялі розныя слаі грамадства ад сялян да ліберальных дваран і ніжэйшага духавенства. Запазычылі ў масонаў складаную іерархічную структуру і сістэму абрадаў, мелі сваю сімволіку. Назву «К.» звязвалі з легендай пра сваё паходжанне ад сярэдневяковых вугальшчыкаў, якія ўрачыстым рытуалам выпальвання драўлянага вугалю сімвалізавалі духоўнае ачышчэнне чалавека; падобны абрад яны выконвалі і на тайных сходах членаў т-ва. К. ўзначальвалі рэвалюцыі 1820—21 у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій і П’емонце. Пасля іх паражэння хутка аднавілі дзейнасць як неакарбанарскі рух (існаваў да 1840-х г.). Удзельнічалі ў паўстаннях 1831 у абласцях Эмілія-Раманья і Парма. Пад уплывам італьян. К. узнік карбанарскі рух у Францыі, Швейцарыі і на Балканах. Пазней уліліся ў інш. тайныя т-вы. У 1-й трэці 19 ст. словам «К.» часта называлі кожнага рэвалюцыянера-змоўшчыка.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ЧЭ ((Croce) Бенедэта) (25.2.1866, Пескасеролі каля г. Неапаль, Італія — 20.11.1952),

італьянскі паліт. дзеяч, гісторык, філосаф, літаратуразнавец, публіцыст, прадстаўнік неагегельянства і італьян. лібералізму. У 1902—20 праф. Неапалітанскага ун-та. У 1903—44 выдаваў літаратуразнаўчы час. «La Critica» («Крытыка»). З 1910 сенатар. У 1920—21 міністр асветы. У 1925 напісаў маніфест супраць фашызму ў Італіі. У 1943 удзельнічаў у аднаўленні Ліберальнай партыі (да 1947 яе старшыня). У 1947 заснаваў у Неапалі Італьян. ін-т гіст. даследаванняў. Выступаў за «абсалютны гістарызм», сцвярджаючы, што рэчаіснасць — гэта гісторыя і нішто іншае. Вылучаў 4 асн. формы актыўнасці духу: эстэтыку, логіку, эканоміку, этыку. Заснавальнік «этыка-палітычнай» школы ў італьян. гістарыяграфіі; адстойваў непарыўную сувязь гісторыі з філасофіяй, лічыў, што гісторыя заклікана не проста рэгістраваць падзеі, але і выхоўваць, дапамагаць усведамленню сучаснасці; актыўнымі творцамі гісторыі лічыў інтэлектуальныя слаі грамадства, яго эліту. Фашызму, яго культуры і ідэалогіі проціпастаўляў ідэалы свабоды, прагрэсу. Аўтар прац «Эстэтыка» (1902), «Логіка» (1909), «Філасофія Дж.​Віка» (1912), «Тэорыя і гісторыя гістарыяграфіі» (1917), «Арыёста, Шэкспір і Карнель» (1920), «Гісторыя Італіі з 1871 да 1915 г.» (1928) І ІНШ.

Н.​К.​Мазоўка.

Б.Крочэ.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«П-2»,

«Прапаганда-2», сакрэтная масонская ложа (гл. Масонства) у Італіі, раскрытая паліцыяй у сак. 1981. Налічвала 953 (па інш. звестках 1600) членаў, сярод якіх былі прадстаўнікі вышэйшых органаў улады і важнейшых сектараў эканомікі. Кіраўнік — былы ўдзельнік фаш. руху Л.​Джэлі. Час заснавання невядомы. На думку некат. даследчыкаў, «П-2» працягвала традыцыі прэстыжнай ложы «Прапаганда», што дзейнічала ў Стараж. Егіпце (г. Александрыя), або, што больш верагодна, аднайменнай сакрэтнай рым. ложы 1860-х г. Асн. задача, сфармуляваная Джэлі, — «масонства павінна стаць уплывовым цэнтрам нябачнай улады, здольным аб’ядноўваць людзей, якія вырашаюць лёс нацыі»; гал. мэта — падрыхтоўка дзярж. перавароту з мэтай захопу ўлады ў Італіі правымі сіламі. Лічыліся годнымі любыя сродкі, у т. л. тэрор (ёсць звесткі пра ўдзел Джэлі ў падрыхтоўцы выбуху на вакзале ў г. Балоння 2.8.1980, калі загінулі 85 чал.). Ложа падтрымлівала сувязі з замежным масонствам і спецслужбамі ЗША. 15.6.1981 «П-2» абвешчана па-за законам.

Літ.:

Малышев В.В. За ширмой масонов. Мн., 1985;

Росси Дж., Ломбрасса Ф. Во имя ложи: Пер. с итал. М., 1983.

М.​Я.​Рыбко.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),

Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас. р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-ра студз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн. с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

га́бра

(іт. gabbro, ад Gabbro = назва горада ў Італіі)

магматычная горная парода цёмнага колеру, якая складаецца з плагіяклазу і піраксену, выкарыстоўваецца як будаўнічы і абліцовачны матэрыял.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),

дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РЫ, Бары (Barry) Чарлз (23.5.1795, Лондан — 12.5.1860), англійскі архітэктар, прадстаўнік неакласікі і неаготыкі. У 1817—20 вандраваў па Італіі, Грэцыі, Б. Усходзе. Работы: Маст. галерэя ў Манчэстэры (1824—35), будынкі клубаў Падарожнікаў (1829—31) і Рэформаў (1837—41), ансамбль Парламента (1840—68, з О.​П’юджын, Э.​Бэры) у Лондане, ратуша ў Галіфаксе (Йоркшыр, 1859—62, скончана Э.​Бэры).

Ч.Бэры, О.​П’юджын, Э.​Бэры. Будынак парламента ў Лондане. 1840—68.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦА́НА (Bolzano),

горад на Пн Італіі, ва Усх. Альпах, у сутоку рэк Адыджэ і Ізарка. Адм. ц. правінцыі Бальцана. 101 тыс. ж. (1990). Важны трансп. вузел (чыгункі і аўтамаб. дарогі) на шляхах паміж Італіяй і Германіяй праз перавал Брэнер. Развіты энергаёмістыя галіны прам-сці, выплаўка спец. сталяў, алюмінію, магнію, ферасплаваў. Аўтамаб., хім., дрэваапр., тэкст., абутковая прам-сць. Цэнтр турызму і зімовага спорту. Штогадовыя міжнар. кірмашы. Музеі. Арх. Помнікі 13—16 ст.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)