ЛІСЯ́НСКІ (Юрый Фёдаравіч) (13.8.1773, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 6.3.1837),
расійскі мараплавец. Капітан I рангу (1809). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1786). У 1803—06 як камандзір карабля «Нява» ўдзельнічаў у першай рас. кругасветнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам І.Ф.Крузенштэрна. Частку падарожжа прайшоў асобным шляхам. Экспедыцыя абследавала малавядомыя раёны Ціхага ак., зрабіла назіранні за марскімі цячэннямі, адкрыла міжпасатныя проціцячэнні ў Ціхім і Атлантычным ак., сабрала этнагр. матэрыял. Даследаваў в-аў Кадзьяк і частку архіпелага Аляксандра. Пасля заканчэння экспедыцыі Л. служыў на Балтыйскім флоце; у 1809 выйшаў у адстаўку. У гонар Л. названы: востраў, адкрыты ім у паўн.-зах. частцы Гавайскіх а-воў; паўвостраў на паўн. узбярэжжы Ахоцкага м. і гара на в-ве Сахалін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́ШЫН (Юрый Васілевіч) (н. 23.2.1956, г.п. Валавец Закарпацкай вобл., Украіна),
бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў культасветвучылішча ў г. Хуст Закарпацкай вобл. (1974). Працаваў на Украіне: у 1974—77 у Закарпацкім нар. хоры, у ансамблі Закарпацкай ваен. акругі, у 1978 саліст балета Укр.нар. хору імя Р.Вяроўкі. У 1977 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі, ансамблі «Харошкі». З 1979 у Дзярж.акад.нар. хоры Рэсп. Беларусь імя Г.Цітовіча, з 1996 балетмайстар. Выканаў сольныя партыі танцаў «Лявоніха», «Вілейскія кавалеры», «Дзяўчына з Палесся», «Таўкачы», «Прысюды», вак.-харэагр. кампазіцыі «На зямлі беларускай». Творчая манера адметная віртуознасцю, вытанчанай пластычнасцю, высокай культурай выканання, шырокім выкарыстаннем складаных танц. элементаў. Паставіў вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Жніўная» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗБАР (Юрый Іосіфавіч) (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),
рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.
Тв.:
Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА (Юрый Паўлавіч) (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Г.А.Фатыхава.
Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да «Беларускага календара» на 1992 год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр.Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял.Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ДСКІ (Юрый Аляксандравіч) (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.Гальдоні, «Атэла» У.Шэкспіра, «Маскарад» М.Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́КІ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял.кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РА,
старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн.Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр.Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МІНЫ,
расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1988). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф.Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 ў Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш.Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.
Літ.:
Москалева И. Ю.Соломин. М., 1974;
Закржевская Л. В.Соломин. М., 1979.
Да арт.Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ (Юрый Уладзіміравіч) (30.6.1873, Масква — 17.12.1943),
рускі гісторык, археограф. Чл.-кар.Рас.АН (1922), акад.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра I да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.
Літ.:
К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.