НАГА́І Вялікія і Малыя,
дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б. ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.
т. 11, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСКІ ПРЫКА́З,
адзін з цэнтр. дзярж. органаў Расіі ў 1549—1720, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і бягучую працу па зносінах з замежнымі краінамі. Гал. функцыі: адпраўка пасольстваў Расіі за мяжу, прыём замежных пасольстваў, падрыхтоўка інструкцый рас. паслам, пагадненняў, вядзенне перагавораў, з пач. 18 ст. — прызначэнне і кантроль за дзейнасцю пастаянных рас. дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой. П.п. займаўся таксама выкупам рас. палонных, кіраваў шэрагам зямель на ПдУ і ў інш. рэгіёнах краіны, ведаў данскімі казакамі і служылымі татарамі-памешчыкамі цэнтр. паветаў. У 17 ст. ад П.п. залежалі прыказы Маларасійскі, Смаленскі і ВКЛ. У П.п. захоўваліся дзярж. пячаткі і архіў. Узначальваўся кіраўніком (звычайна дзякам) і калегіяй з 2—6 чал., падзяляўся на павыцці (аддзелы) паводле тэр.-дзярж. прыкмет. З узнікненнем у пач. 18 ст. Пасольскай канцылярыі П.п. паступова страчваў значэнне, у 1720 скасаваны і заменены Калегіяй замежных спраў.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989.
т. 12, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІ (саманазва хальмг),
народ, асноўнае насельніцтва Калмыкіі (146 тыс. чал.); усяго ў Рас. Федэрацыі 166 тыс. чал. (1992). Гавораць на калмыцкай мове. Вернікі — будысты, ёсць праваслаўныя.
т. 7, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,
баявыя дзеянні рас. сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз. яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс. чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс. чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж. нач. сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.М.Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс. рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс. чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.М.Смірноў, В.В.Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.А.Квіткін, І.М.Лівотаў, А.А.Нішчанкоў, У.А.Свіньін, Б.Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.А.Румак і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;
Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.
А.М.Лукашэвіч, В.А.Юшкевіч.
т. 12, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ у Маскве.
Склаўся на базе 5 асн. гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
т. 13, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пру́глічка ’драўляны падгалоўнік у ложку’ (рас., Шатал.). Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 126), паколькі слова не этымалагізуецца на славянскай глебе і ягоны арэал блізкі да балтыйскага, яно магло быць запазычана з балтыйскіх моў; параўн. літ. brūklỹs ’тоўстая палка, кавалак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́цікі ’пацёкі, рагі (поту, слёз, дажджу і пад.)’ (Бяльк., Шымк. Собр., Касп.; рас., Шатал.; круп., шуміл., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’ледзяшы’ (ЛА, 3; ушац., Нар. лекс.). Ад *пуцік ’дарожка’, памянш. да пуць ’шлях, дарога’, параўн. укр., рус. пу́тик ’дарожка’, в.-луж. pućik ’дарожка, сцежка’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КО́МІ (устарэлая назва зыране),
народ, карэннае насельніцтва Рэспублікі Комі (292 тыс. чал.), усяго ў Рас. Федэрацыі 336 тыс. чал. (1992). Гавораць на комі-зыранскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
т. 8, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (н. 5.5.1930, Масква),
вучоны-эканаміст, сав. дзярж. дзеяч. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1984), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1952). З 1956 на навукова-пед. рабоце. З 1986 дырэктар Ін-та эканомікі Рас. АН, адначасова ў 1989—91 нам. старшыні СМ СССР, старшыня дзярж. камісіі СМ СССР па эканам. рэформе. Навук. працы па праблемах палітэканоміі сацыялізму, удасканалення гасп. механізму, фарміравання канцэпцыі пераходу да рынку.
Тв.:
Политическая экономия и экономическая политика. М., 1970;
Новый тип экономического мышления. М., 1987;
Перестройка: пути и проблемы. М., 1988.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́РЫНЦАЎ Сяргей Сяргеевіч, (н. 10.12.1937, Масква), рус. вучоны-філолаг, літаратуразнавец, перакладчык. Чл.-кар. Рас. АН (1987), акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук. Скончыў Маскоўскі ун-т (1961). Працаваў у Ін-це гісторыі мастацтваў; з 1969 у Ін-це сусв. л-ры імя Горкага. Працы па гісторыі познаантычнай і сярэдневяковай л-ры; па зах. філасофіі культуры 20 ст. Аўтар вершаваных і празаічных перакладаў («Кніга Іова», творы Платона, Калімаха, Плутарха, Гёльдэрліна, Тракля, Гесэ і інш.). Адзін з аўтараў энцыклапедыі «Міфы народаў свету» (Т. 1—2, 1987—88). Дзярж. прэмія СССР.
Тв.:
Плутарх и античная биография. М., 1973;
Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977.
т. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)