Ка́пур ’пяхцер’, ’гняздо, у якім выводзяцца восы’ (рагач., Сл. паўн.-зах.: генетычна роднаснае да рус. ка́пор ’чапец’, якое паходзіць з гал. kaper ’шапка’ < італ. capparo, capero (Фасмер, 2, 184).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маўклі́с ’маўклівы чалавек’ (гродз., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 46), слова паходзіць з літ. mauklỹs ’непрыгожы, нязграбны’. Фактычна, аднак, тут мы маем толькі запазычаны канчатак ‑c (і́с).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адвака́т (БРС, Шат., Нас.). Новае запазычанне з рускай мовы, дзе з ням. Advokat (XVII ст.). Ням. Advokat паходзіць ад лац. advocatus (< advocare ’клікаць на дапамогу’), Шанскі, 1, А, 46.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́йсы ’пісягі на кепска вымытай кашулі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа), слова паходзіць ад літ. paišos ’плямы сажы’, параўн. paišaĩ ’сажа, куродым’, pajšýti мазаць’. Субстратны балтызм?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл. Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.​Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎЛЯ́НЕ,

племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на Звалынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),

струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб. стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш. муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́ШКІНСКАЕ БАРО́КА, нарышкінскі стыль, маскоўскае барока,

умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.​Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.​Чаглакоў, не захавалася).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл. Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш. слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язых. 3 изд. Мн., 1985.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НЕ (ад поле),

1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн. Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл. шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.

2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас. р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)