КЛЯКА́ЧКА, стафілея (Staphylea),

род кветкавых раслін сям. клякачкавых. 11 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.: гімалайская (S. emodi), перыстая (S. pinnata), трохлістая (S. trifolia).

Дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце няпарнаперыстае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя або жаўтаватыя, у мяцёлках.

Плод 2—8-гнездавая каробачка. Бутоны ўжываюць як прыправу, квашаныя, марынаваныя, салёныя, насенне — ласунак, з яго вырабляюць пацеркі, ружанцы. Меданосныя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Клякачка перыстая.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЛІЯ (Neslia),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі 1 від — Н. мяцёлчатая (N. paniculata). Трапляецца каля дарог, на ўзгорках, у пасевах збожжавых культур.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя, густаапушаныя. Лісце ланцэтападобнае, сцябловае — са стрэлападобнай асновай, прыкаранёвае — чаранковае, тупое. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Плод — стручочак. Насенне мае алей, лісце — сіні фарбавальнік. Пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Неслія мяцёлчатая.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРЫ́ЎКА,

выдаленне з радкоў ці гнёзд лішніх раслін для паляпшэння ўмоў росту астатніх. Выкарыстоўваюць на загушчаных пасевах цукр. буракоў, кукурузы на зерне, сталовых і кармавых караняплодаў, сланечніку і інш. прапашных культур. Праводзіцца ўручную або з дапамогай культыватара ці прарэджвальніка, якія падразаюць ч. раслін у радку. Пры адсутнасці своечасовай П. ўсходы выцягваюцца, затрымліваюць рост, рэзка зніжаецца ўраджай. Не патрабуюць П. пасевы, зробленыя сеялкамі дакладнага высявання, якія сеюць праз аднолькавыя адлегласці калібраванае насенне (пункцірныя пасевы).

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кардамо́н

(гр. kardamomon)

травяністая расліна сям. імбірных, пашыраная ў тропіках, а таксама насенне гэтай расліны, якое ўжываюць як вострую прыправу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мерамі́за

(н.-лац. meromyza)

насякомае сям. злакавых мушак атрада двухкрылых; пашкоджваюць усходы, сцёблы і насенне збожжавых злакаў і злакавых траў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

суперэлі́та

(ад супер- + эліта)

самае лепшае, адборнае насенне сельскагаспадарчых раслін, якое найбольш поўна перадае ўсе адзнакі і ўласцівасці пэўнага сорту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жываро́дзячы, ‑ая, ‑ае.

Які дае патомства шляхам нараджэння жывых дзіцянят (пра жывёл, якім увогуле ўласціва адкладанне яец або ікры). Жывародзячая яшчарка. Жывародзячыя рыбы. // Пра расліны, насенне якіх здольна прарастаць на мацярынскай асобіне. Жывародзячыя расліны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

муска́т, ‑у, М ‑каце, м.

1. Насенне мускатніку, мускатны арэх.

2. Сорт вінаграду з духмянымі ягадамі. А колькі на рынку пахучае дыні, Інжыру, айвы і мускату мядовага! Арочка.

3. Дэсертнае віно з гэтага вінаграду.

[Фр. muscat, ад лац. muscatus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПОЛІСПАРО́З ЛЁНУ, бурая плямістасць сцёблаў, ломкасць сцёблаў,

хвароба лёну, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду аўрэабазідый. Пашкоджвае сцёблы, лісце, насенныя каробачкі, насенне. Пашыраны на Беларусі ў раёнах ільнасеяння (найб. у гады з вільготным халодным летам). Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу, разносіцца ветрам, вадой, насякомымі-шкоднікамі (напр., ільнянымі блошкамі). На раслінах утвараюцца бурыя плямы, сцёблы робяцца кволымі, крохкімі, лёгка ламаюцца. Хворыя пасевы палягаюць, зніжаецца ўраджайнасць, пагаршаецца якасць валакна — яно траціць трываласць, дрэнна адстае ад кастрыцы.

Поліспароз лёну.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЭ́ПІЦА, капуста палявая (Brassica campestris),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. Пашырана ў Еўразіі, у Паўн. Афрыцы, Амерыцы і Аўстраліі — заносная. Вырошчваецца як алейная культура. На Беларусі трапляецца на палях, агародах, уздоўж дарог, на сметніках.

Аднагадовая расліна выш. да 100 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Прыкаранёвае лісце простае, лірападобна-перыстае, апушанае, сцябловае — голае, суцэльнае, сядзячае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне мае да 45% свірэпавага алею Маладое лісце спажываюць як салату. Алейная, харч., меданосная, кармавая, рудэральная расліна.

А.​М.​Скуратовіч.

Свірэпіца палявая.

т. 14, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)