Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЕ (semen),
орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.
Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,
паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II i III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш.Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),
распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
1) здольнасць асобіны і папуляцыі жыць і размнажацца. Вызначаецца плоднасцю, працягласцю перыяду размнажэння і колькасцю асобін, якія дасягнулі палаваспеласці.
2) Здольнасць асобіны выжываць да вызначанага моманту жыццёвага цыкла, напр. да пачатку перыяду размнажэння.
3) Ж. насення, уласцівасць насення захоўваць здольнасць да прарастання. Насенне, якое толькі што сабрана або захоўваецца пры нізкай т-ры, часта не прарастае, хоць і мае здаровы зародак або жыццяздольнае. Гэта выклікаецца перыядам спакою, пасля якога насенне можа даць нармальныя ўсходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,
насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТКА,
сухі аднанасенны плод раслін з тонкім скурыстым ці плевачным каляплоднікам. Мае крылападобныя сім. (бяроза, вяз) ці асім. (ясень) вырасты, з дапамогай якіх насенне распаўсюджваецца ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.