род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПАРЫ́С (Cupressus),
род голанасенных раслін сям. кіпарысавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплай зоне Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Паўн. Афрыцы. Культывуецца 11 відаў у Крыме, Сярэдняй Азіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Найб. вядомы К. вечназялёны (C. sempervirens).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з пірамідальнай ці разгалістай кронай выш. да 30 м або кусты. Дажываюць да 2000 гадоў. Лісце лускападобнае, шчыльна прыціснутае да парастка, шыза-зялёнае ці блакітнаватае. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. да 3 см. Насенне плоскае, з крыламі. Драўніна пахучая, лёгкая, мяккая, не пашкоджваецца насякомымі. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў. Дэкар. расліны.
І.М.Гарановіч.
Кіпарыс вечназялёны: галінка з мікрастробіламі і шышкай; унізе — шышкі і насенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кустывыш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁНАВЫЯ (Solanaceae),
сямейства двухдольных раслін. Каля 90 родаў, 2500 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях пераважна Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. На Беларусі найб. вядомыя П.: харч. — баклажан, бульба, памідор, перац струкавы; дэкар. — петунія, фізаліс; тэхн. — махорка, тытунь.
Травы, кусты або паўкусты, часам з лазячымі ці павойнымі сцёбламі, радзей невял. дрэвы (у тропіках). Лісце чаргаванае, простае, цэласнае або перыстаскладанае. Кветкі двухполыя, адзіночныя ці сабраныя ў завіткі. Плод — ягада або каробачка, радзей касцянка. Многія П. маюць алкалоіды і інш. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).
Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Вечназялёныя кустывыш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КУРА,
японская дэкар. вішня сям. ружавых. Пашырана на Д. Усходзе, у Японіі і Кітаі. Больш за 500 сартоў, выведзеных пераважна на аснове дзікіх відаў вішні дробнапілаватай (Cerasus sernilata = Prunus sermlata) і кароткашчаціністай (C. subhirtella = P. subhirtella).
Кусты або дрэвы выш. 1—20 м. Крона рознай формы (калонападобная, ніцая, раскідзістая і інш). Лісце падоўжана-ланцэтнае, вострапілаватае, вясной — пурпуровае, летам — зялёнае або аранжавае, восенню — жоўта- ці ярка-чырв., фіялетавае або карычневае. Кветкі белыя, ружовыя, часта махровыя. дыяметрам 3—5 см. Плод — касцянка, неядомы. Часам да С. адносяць усе вішні, якія маюць махровыя і ружовыя кветкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІТЭ́Р (франц. solitaire ад лац. solitarius адзінокі) у садова-паркавым мастацтве, адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкар. раслін. Мае самаст.дэкар. значэнне — канцэнтруе ўвагу на дэталях садова-паркавай кампазіцыі.
Салітэрныя дрэвы вызначаюцца памерамі, формай кроны, афарбоўкай, дэкар. кветкамі, пладамі і гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Найчасцей выкарыстоўваюць святлолюбівыя пароды (хвоя звычайная, бярозы павіслая і яп., лістоўніцы сібірская і еўрап., таполі канадская і пірамідальная, акацыя белая, лох серабрысты, яблыні Нядзвецкага, ягадная і інш.). Кусты С. бываюць у штамбавай (ружы, глог), сцелістай (ядловец казацкі) і інш. формах. Кветкава-дэкар. расліны для С. падбіраюць буйныя, з яркімі і арыгінальнымі кветкамі і лісцем (півоні, вяргіні, астыльбы, хосты, папараці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНУ́ЗІЯ (ад грэч. synusia сумеснае знаходжанне, згуртаванне),
прасторава і экалагічна адасобленая ч. расл. згуртавання (фітацэнозу), якая складаецца з відаў раслін адной або некалькіх экалагічна блізкіх жыццёвых форм. Паняцце «С.» ўвёў ням. геабатанік Х.Гамс (1918), які з батанікамі швед. Э.Дзю Рые і эст. Т.Ліпмаа распрацавалі т.зв. метад С., згодна з якім С. — зыходны аб’ект вывучэння расліннасці. С. адрозніваюцца ў марфал., фларыстычных, экалагічных і фітацэнатычных адносінах. У лясах умеранага пояса трапляюцца дзесяткі С., у т. л. ярусныя (дрэвы, кусты, кусцікі), эпіфітныя (лішайнікі, імхі, водарасці на ствалах), эпіфальныя (паразітычныя грыбы на лісці), эпіксільныя (грыбы на адмерлай драўніне), унутрыглебавыя (мікраарганізмы) і інш.