ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),
раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс. га дзяржаўных і 27 тыс. га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс. га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.
І.П.Хаўратовіч.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́ліўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паліва; які выкарыстоўваецца як паліва. Паліўны газ. // Прызначаны для падачы, перавозкі, захоўвання паліва. Паліўны бак. Паліўны склад. // Які мае адносіны да вытворчасці, здабычы паліва. Паліўная прамысловасць.
2. Разм. Прыгодны для таго, каб паліць (пра дровы, печ і пад.). Паліўная печ.
паліўны́, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да паліўкі. Паліўное земляробства. Паліўны сезон. // Прызначаны для паліўкі. Паліўныя жалабы. // Які мае патрэбу ў паліўцы. Паліўныя культуры. Паліўныя землі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.
1. Рабіць пустым, бязлюдным; руйнаваць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады. В. Вольскі. Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр, штабс-капітан Ваганаў, .. пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Колас.
2. Рабіць пустым, вымаючы тое, што было ўсярэдзіне. Было такое адчуванне, быццам хтосьці пакручвае на верацяно ўсё з сярэдзіны, з грудзей і жывата, і так бесканцоваю ніткаю пустошыць чалавека. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
царко́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да царквы (у 1 знач.), звязаны з рэлігіяй, царквой, набажэнствам. Царкоўны прыход. Царкоўнае вучэнне. Царкоўныя кнігі. Царкоўная музыка. // Які належыць царкве. Царкоўныя землі. // Які праводзіцца царквою, у царкве (у 2 знач.). Царкоўны шлюб.
2. Які мае адносіны да царквы (у 2 знач.). Царкоўная вежа. □ Гэта быў, трапіўшы сюды па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў. Раненька, як толькі сонечныя пр[амя]ні пазалацілі царкоўныя крыжы, ударылі званы. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА, Вялікая Польшча (Wielkopolska),
гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст. — Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
П.Р.Казлоўскі.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.
Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЛІТО́ЎСКА-РУ́СКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Литовско-Русского государства»,
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.В.Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.
В.Ф.Голубеў.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖО́РА, інгры,
народ прыбалтыйска-фінскай этнамоўнай групы, які насяляў тэр. басейна р. Нява і частку паўд. узбярэжжа Фінскага заліва (гл. Іжорская зямля). Упершыню ў летапісах згадваецца пад 1228. На думку даследчыкаў, назва паходзіць ад левага прытока Нявы р. Іжора (Inkere, Ingere) або ад асабістага княжацкага імя Ігар ці Інгвар. Моўныя даследаванні даюць падставу меркаваць, што І. з’яўляецца часткай карэлы. У 11—1-й пал. 12 ст. землі І. ўвайшлі ў склад Наўгародскай зямлі, потым паводле дагавора 1617 адышлі да Швецыі, у 1702—03 вернуты ў склад Расіі. Асн. заняткі — рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Да пач. 20 ст. захоўвалі сваю мову, моцна асіміляваны.
А.В.Іоў.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛІКІ (лац. Italici),
індаеўрапейскія плямёны, якія насялялі ў старажытнасці Апенінскі п-аў. Розніліся моваю, памерамі тэрыторыі, колькасцю насельніцтва, узроўнем культуры і эканомікі. У 1-м тыс. да н.э. падзяліліся на 2 галіны: лац.-фаліскскую (жылі ў Лацыі і паўд. Этрурыі) і оскска-умбрскую (займалі землі да Паўд. Італіі). Паводле падання, Рым засн. лац. каланістамі ў 8 ст. да н.э., пазней узвысіўся над І. У выніку рым. экспансіі ў 5—3 ст. да н.э. І. страцілі самастойнасць, ч. іх зямель трапіла пад уладу Рыма. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. І. атрымалі правы рым. грамадзян, на працягу 1 ст. н.э. раманізаваны.
т. 7, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)