англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.
Тв.:
Lord of the Flies;
The Pyramid;
Envoy Extraordinary. М., 1982;
Рус.пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;
Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;
Повелитель мух. М., 1990;
Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.
Літ.:
Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;
Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВА (Аляксандра Іванаўна) (н. 1.10.1921, с. Затаболаўка Кустанайскага р-на, Казахстан),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1963). Нар.арт.СССР (1969). Скончыла Маск. тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1949, педагог В.Пашэнная). Працавала ў т-рах Адэсы, Кіева, Харкава. З 1956 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі, адначасова ў 1981—88 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выканаўца драм. роляў. Набыла вядомасць выкананнем ролі Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» У.Вішнеўскага. Лепшым работам уласцівы рамантычная ўзрушанасць, дакладнасць псіхал. малюнка, глыбіня і сіла эмоцый: Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Жанчына ў белым («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Жанчына («Вяртанне ў Хатынь» А.Адамовіча), Рашэль («Васа Жалязнова» М.Горкага), Ларыса («Беспасажніца» А.Астроўскага), Таланава («Нашэсце» Л.Лявонава), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.Салынскага), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.Гібсана), прынцэса Касманаполіс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса). Знялася ў кінафільмах «Каранцін», «Вытокі», «Залаты ганак», «Таму што кахаю», «Па сямейных абставінах», «Радуніца», «Эпілог», «Хэпі энд», «Сыны ідуць у бой», у тэлефільмах «Побач з вамі», «Уся каралеўская раць», «Па сакрэту ўсяму свету», «Атланты і карыятыды», «Шапка Манамаха» і інш. Пра К. створаны хранікальна-дакумент. фільмы «Актрыса — мая прафесія», «Апошні спектакль», «Па той бок люстэрка».
Літ.:
Сабалеўскі А.В. Ад п’есы да спектакля. Мн., 1965. С. 95—101.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАПАСА́Н ((Maupassant) Гі) (поўнае імя Анры Рэнэ Альбер Гі) дэ (5.8.1850, замак Міраменіль, каля г. Дзьеп, Францыя — 6.7.1893),
французскі пісьменнік. Скончыў Руанскі ліцэй (1869). Друкаваўся з 1876. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Жыццё» (1883, экранізацыя 1958), «Мілы друг» (1885, экранізацыя 1955), «Монт-Арыёль» (1886), «П’ер і Жан» (1887—88), «Моцная, нібы смерць» (1889), «Наша сэрца» (1890). Прызнаны майстар навелы. Асаблівую вядомасць набыла яго навела «Пышка» (1880, экранізацыя 1936). У зб-ках навел «Майстэрня Тэлье» (1881), «Мадэмуазель Фіфі» (1882), «Дзядзечка Мілон» (1883), «Міс Гарыет» (1884), «Івета» (1885), «Пан Паран» (1886) і інш. тэмы вайны, супраціўлення, кахання, імкненне ўвасобіць як высокія, так і змрочныя, «начныя» аспекты чалавечых пачуццяў і ўзаемаадносін. Аўтар зб. «Вершы» (1880), кніг дарожных нарысаў «Пад сонцам» (1884), «На вадзе» (1888), «Бадзяжнае жыццё» (1890), драм., літ.-крытычных артыкулаў. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам, сюжэтнай напружанасцю, прысутнасцю элементаў натуралізму і сімвалізму. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Істомін, З.Колас, Н.Мацяш, С.Мурашка, М.Паслядовіч, С.Шупа. Многія навелы інсцэніраваны. БДТ-2 паставіў яго п’есу «Гавань» (1927).
Тв.:
Бел.пер. — Пышка. Мн., 1937;
Навелы. Мн., 1987;
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—12. М., 1958;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1977.
Літ.:
Данилин Ю.И. Жизнь и творчество Мопассана. 2 изд. М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВІЧ (Міларад) (н. 15.10.1929, Бялград),
сербскі пісьменнік, гісторык л-ры. Акад. Сербскай АН і мастацтваў (з 1989). Д-рфілал.н. (1966). Скончыў Бялградскі ун-т (1957). Ў 1967—89 праф. Нові-Садскага і Бялградскага ун-таў. Пачынаў як паэт (зб-кі «Палімпсесты», 1967; «Месяцаў камень», 1971), потым выступіў як празаік-навеліст з нетрадыц. тэматыкай (кнігі апавяд. «Коні святога Марка», 1976; «Душы купаюцца апошні раз», 1982; аўтабіягр.кн. «Шкляны смоўж», 1998). Сусв.вядомасць прынёс неардынарны па змесце і форме раман «Хазарскі слоўнік» (1984). Аўтар «Невялікага начнога рамана» (1981), іранічнага рамана-прытчы «Пейзаж, напісаны чаем» (1988), гіст.-парадыйнага «Унутраны бок ветру» (1991), літ.-знаўчых даследаванняў, у т. л. «Гісторыя сербскай літаратуры перыяду барока, XVII і XVIII ст.» (1970), «Моўная памяць і паэтычная форма: Агляды» (1976), «Нараджэнне новай сербскай літаратуры» (1983), «Гісторыя, саслоўе і стыль» (1985) і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклаў І.Чарота.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус.пер. — Пароль. Тайная вечеря // Набросок сценария со счастливым концом. М., 1984;
Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.Вівальдзі, «Месія» Г.Ф.Гендэля, месы В.А.Моцарта і Ф.Шуберта, рэквіемы Л.Керубіні, Дж.Вердзі, Моцарта, І.Брамса, А.Брукнера, «Званы» С.Рахманінава, «Вяселейка» І.Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.Шнітке, М.Сідзельнікава, С.Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.Шастаковіча, А.Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб.вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Т ((Marat) Жан Поль) (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),
французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, што крымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр. сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп.Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.Кардэ, звязанай з жырандыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),
англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.Дзікенса, як драматург — А.Чэхава. Аўтар аўтабіягр.кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж.рус.драм.т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел.т-р імя Я.Купалы).
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;
Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;
Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.
Літ.:
Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;
Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.