КЛІ́МАВА (Аляксандра Іванаўна) (н. 1.10.1921, с. Затаболаўка Кустанайскага р-на, Казахстан),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1963). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Маск. тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1949, педагог В.Пашэнная). Працавала ў т-рах Адэсы, Кіева, Харкава. З 1956 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі, адначасова ў 1981—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Выканаўца драм. роляў. Набыла вядомасць выкананнем ролі Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» У.​Вішнеўскага. Лепшым работам уласцівы рамантычная ўзрушанасць, дакладнасць псіхал. малюнка, глыбіня і сіла эмоцый: Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Жанчына ў белым («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Жанчына («Вяртанне ў Хатынь» А.​Адамовіча), Рашэль («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Ларыса («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Таланава («Нашэсце» Л.​Лявонава), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.​Гібсана), прынцэса Касманаполіс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.​Уільямса). Знялася ў кінафільмах «Каранцін», «Вытокі», «Залаты ганак», «Таму што кахаю», «Па сямейных абставінах», «Радуніца», «Эпілог», «Хэпі энд», «Сыны ідуць у бой», у тэлефільмах «Побач з вамі», «Уся каралеўская раць», «Па сакрэту ўсяму свету», «Атланты і карыятыды», «Шапка Манамаха» і інш. Пра К. створаны хранікальна-дакумент. фільмы «Актрыса — мая прафесія», «Апошні спектакль», «Па той бок люстэрка».

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Ад п’есы да спектакля. Мн., 1965. С. 95—101.

А.І.Клімава.
А.Клімава у ролі Жанчыны ў белым.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)