ХЛО́ПІН Віталь Рыгоравіч (26.1.1890, г. Перм, Расія — 10.7.1950),
расійскі радыехімік; адзін з заснавальнікаў рас. радыехіміі і радыевай прам-сці. Акад. АН СССР (1939; чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Гётынгенскі (1911) і Пецярбургскі (1912) ун-ты. У 1915—21 у Радыелагічнай лабараторыі, з 1922 у Радыевым ін-це АН СССР (з 1939 дырэктар). Навук. працы па радыехіміі, тэхналогіі радыеактыўных рэчываў, вызначэнні геал. ўзросту Зямлі. Атрымаў першыя ў Расіі прэпараты радыю, арганізаваў даследаванні па хіміі і геахіміі радыеактыўных элементаў. Адкрыў закон размеркавання мікракампанента паміж цвёрдымі і вадкімі фазамі (закон Х.). Арганізатар прамысл. здабычы радыю і гелію ў СССР. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—2. М.; Л., 1957.
т. 17, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ЦКІ Станіслаў Тэафілавіч (1878—1934),
расійскі педагог; арганізатар і кіраўнік шэрагу дзіцячых доследных устаноў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). З 1905 арганізоўваў на ўскраіне Масквы першыя ў Расіі клубы для дзяцей рабочых. У 1911 (з жонкай В.М.Шацкай) арганізаваў у Калужскай губ. летнюю прац. калонію «Бадзёрае жыццё» і першую доследную станцыю па нар. асвеце, якая ў 1919—32 была комплексам н.-д. пед. устаноў, дзіцячых садкоў, пазашкольных устаноў для дзяцей і культ.-асв. для дарослых. З 1932 кіраваў Цэнтр. эксперым. лабараторыяй Наркамасветы РСФСР, адначасова быў дырэктарам Маск. кансерваторыі. Аўтар прац «Бадзёрае жыццё: З вопыту дзіцячай працоўнай калоніі» (1914, з В.М.Шацкай), «Гады пошукаў» (1924).
Тв.:
Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1980.
т. 17, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДФЕЛЬД Віктар Маркавіч (6.1.1894, г. Кіраваград, Украіна — 19.12.1982),
украінскі і бел. скрыпач, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Праф. (1935). Вучыўся ў Брусельскай (1908—09), скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас Л.Аўэра). У 1917—41 педагог Харкаўскага муз.-драм. ін-та. Адначасова канцэртмайстар сімф. аркестра, вёў канцэртную дзейнасць (выступаў у ансамблях з К.Шыманоўскім, Г.Нейгаўзам, У.Горавіцам). Арганізатар і 1-ы скрыпач (1920—27) вядомага Квартэта імя Ж.Б.Вільёма. З 1944 праф. і заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі. З 1958 праф. Бел. кансерваторыі па класах скрыпкі і камернага ансамбля, кіраваў (з М.Браценнікавым) ансамблем скрыпачоў кансерваторыі. У пед. дзейнасці спалучаў традыцыі школы Аўэра з сучаснымі выканальніцкімі прынцыпамі.
Літ.:
Юзефович В. Наследник славных традиций // Сов. Музыка. 1978. № 3.
А.А.Саламаха.
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К Давід Давідавіч (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
т. 3, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЧЫ́Н (Balanchine) Джордж (сапр. Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),
амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.П.Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.С.Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.Стравінскага, у т. л. «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДАША (Kadosa) Пал (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),
венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.Кошута 1950, 1975 і Ф.Эркеля 1955, 1962.
т. 7, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУ́РА (Kazuro) Станіслаў (2.8.1881, б. фальварак Тэклінаполь Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1961),
польскі кампазітар, харавы дырыжор, педагог. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1910) і акадэмію «Санта Чэчылія» ў Рыме (1914). У 1916—39 праф., у 1945—51 рэктар Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік масавых хароў у Варшаве, у т. л. Польскай нар. капэлы, аратарыяльнага хору Варшаўскай філармоніі. Аўтар опер, араторый, сімф. паэм, канцэртаў для розных інструментаў з аркестрам, рамансаў і песень, падручнікаў па спевах для агульнаадук. і муз. школ. У канцы 1920-х г. запісаў у в. Камаі (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) шэраг бел. нар. песень, частку іх апрацаваў для аматарскіх хароў і голасу сола («Чырвоная калінанька», «Малады дубочак» і інш.).
Г.І.Цітовіч.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў Мікалай Канстанцінавіч (15.7.1872, Масква — 2.12.1940),
савецкі біёлаг, заснавальнік айч. эксперым. біялогіі. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1916). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі (1917—39). Распрацаваў гіпотэзу малекулярнай будовы і матрычнай рэпрадукцыі храмасом («спадчынныя малекулы»; 1928), чым вызначыў прынцыповыя палажэнні сучаснай малекулярнай біялогіі і генетыкі па рэплікацыі генаў на аснове матрычнага сінтэзу бялковых малекул Навук. працы па параўнальнай анатоміі пазваночных жывёл, эксперым. цыталогіі, фізіка-хім. біялогіі. Засн. часопісы: «Успехи экспериментальной биологии» (1922), «Журнал экспериментальной биологии» (1925), «Биологический журнал» (1932).
Тв.:
Организация клетки. М.; Л., 1936.
Літ.:
Полынин В.М. Пророк в своем отечестве. М., 1969;
Астауров Б.Л., Рокицкий П.Ф. Н.К.Кольцов. М., 1975.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́Ў Уладзімір Лявонавіч (13.10.1869, Пецярбург — 5.12.1945),
расійскі батанік і географ, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1920; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1914). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894) і выкладаў у ім, з 1918 прафесар. Адначасова з 1899 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе. З 1930 віцэ-прэзідэнт, з 1936 прэзідэнт АН СССР. Удзельнік рэформы АН, арганізатар яе баз і філіялаў. Навук. працы па сістэматыцы, фларыстыцы і геаграфіі раслін. Даследаваў флору Д.Усходу, Маньчжурыі. Кіраваў стварэннем «Флоры СССР» (т. 1—30, 1934—64). Адзін з аўтараў географа-марфал. канцэпцыі віду ў раслін. Імя К. прысвоена Бат. ін-ту АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—12. М.; Л. 1945—58.
т. 7, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАСАЎ Аляксей Паўлавіч (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.
Т.Г.Слабодчыкава.
т. 8, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)