бла́зан і бла́зен, ‑зна, м.

Разм.

1. Пра непаўналетняга чалавека, хлапчука; блазнюк. [Старшыня:] — І хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслуж[а]нае імя няславіў і аўтарытэт падрываў? Быкаў.

2. Малады чалавек несур’ёзных паводзін. — Эт, блазан, ды і толькі! — абсек Дразда злосны Косця і пайшоў па вуліцы. Карпюк. // Той, хто сваімі паводзінамі любіць пацяшаць другіх. [Маша Славіку:] — Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі. Шамякін.

3. Уст. Асоба пры двары манарха ці феадала, якая павінна была весяліць гаспадара і гасцей. Покуль размову вялі яны з панам, блазан у бубен парнуў нечакана. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брусо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да брус (у 1, 2 знач.). [Майстар] бярэ чатырохкантовы брусок жалеза і тлумачыць, якім чынам і дзе тут трэба пракруціць навылётны канальчык. Кулакоўскі. Стаяў асобна ў місцы скорам Сяго-таго для верашчакі. Хоць невялікія прысмакі — Цыбуля, перчык, ліст бабкоў Ды сальца некалькі брускоў. Колас.

2. Тачыльны, шліфавальны камень, звычайна ў форме плоскага прадаўгаватага чатырохгранніка. Шліфоўка інструментаў — рэч і не простая і не звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — пад[ы]ходзіць да кожнага начыння. Бядуля. Гаспадар на ганку точыць бруском сякеру. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.

2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.

[Ням. Bucht.]

бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.

[Гал. bocht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і інш.). Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны леглі над другім, затым над трэцім. Мележ. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні паверх бетонныя бэлькі і цяжкія, пліты і ўкладваў іх на месца. Грахоўскі. // Трама. — На бэльцы праснака кавалак, дастань ды з’еш з малаком, — заўважыла Ганна, увайшоўшы з Якавам. Лобан. У хаце гарэла лямпа-пяцілінейка, падвешаная да бэлькі над сталом. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Тое, што і віскнуць.

ві́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знаходзіцца ў вісячым становішчы, звісаць. Вісне галлё. Віснуць рукі. □ У кляновых лісцях віснуць павуціны. Куляшоў.

2. Апускацца над чым‑н., навісаць. Віснуць хмары над лесам. □ Туманаў лёгкія паромы Над рэчкай віснуць нерухома. Колас. Чорная ноч вісне над шырокай зямлёй. Каваль.

3. перан.; на кім-чым. Ліпнуць да каго‑, чаго‑н.; павісаць. Ды і сама Анюта адчула, што няма ў яе асаблівай патрэбы гаварыць з мужам. І на шыю яму кінуцца не хочацца, як іншыя віснуць. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.

Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.

•••

Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які падыходзіць для чаго‑н., які можа спатрэбіцца для чаго‑н.; здатны да чаго‑н. — А вы Васіль Майсеевіч не крыўдуйце. Вам знойдуць больш прыгодныя дзялянкі, і там, калі ласка, бушуйце хоць з атамнымі піламі. Паслядовіч. — На сівізну маю не глядзіце. Калі ў касцы не прыгодны, то косы кляпаць магу. Пальчэўскі. Была .. [група] малалікая, нявопытная, але прыгодная для выканання прасцейшых заданняў. Асіпенка. // Які прыносіць карысць; прыдатны да выкарыстання. Прыгодная зямля. Прыгодная глеба. □ Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Скачучы, наблізіцца да чаго‑н., апынуцца дзе‑н. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Кулакоўскі. [Вавёрка] учора была на гэтай яліне і пакінула некалькі нераструшчаных шышак, каб заўтра прыскакаць і датрушчыць іх. Лобан.

2. Прыехаць на кані наўскач (верхам або ў экіпажы, фурманцы). Неўзабаве на плошчу прыскакалі казакі. Гурскі. Запраглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынк[у] ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́шлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыйшоў адкуль‑н., не тутэйшы, чужы. [Кравец] аддаў сваю хату нейкаму прышламу чалавеку. Чорны. Войскі прышлага племені Не змаглі, не зламалі Чалавечага крэменю, Чалавечае сталі. Лужанін. / у знач. наз. пры́шлы, ‑ага, м., пры́шлая, ‑ай, ж. Хлопцы спалохана пазіралі на прышлых, што натапырыліся чатырма вінтоўкамі. Асіпенка.

2. Які прыйдзе, наступіць; будучы. Ён супакойвае Марыну І хоча свой узняць настрой, Але за прышлую часіну Не-не, ды возьме непакой. Колас. // у знач. наз. пры́шлае, ‑ага, н. Прышласць, будучыня. Замкнуўшыся ў маленькай бакоўцы, адгароджаны ад свету, марыў .. [Багдановіч] пра прышлае краю. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пстры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Рэзкі адрывісты ўдар пры разгібанні ўказальнага або сярэдняга пальца, сагнутага вялікім пальцам. Рыгор злавіў.. [Алега] ў канцы калідора, заціснуў галаву пад пахай і пачаў адлічваць дзесяць пстрычак. Ваданосаў. [Міхась] спакойна выцягнуў з кішэні пачак папярос, закурыў і пстрычкаю адкінуў запалку ў куток. Савіцкі.

2. Разм. Пра малую, несур’ёзную жанчыну ці дзяўчыну. [Фрыдхен] возіць штодня вясковае малако ў малачарню, а па паўдні сёй-той бярэ іх коні, наймае. Сама яна тады, зразумела, не едзе. Фрыдхен ездзіла раз, ды баіцца адна, пстрычка гэтая. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)