ТУГА́Н-БАРАНО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (8.1.1865, Харкаўская вобл., Украіна — 21.1.1919),

расійскі і ўкр. эканаміст, гісторык, грамадскі дзеяч і публіцыст; прадстаўнік «легальнага марксізму». Акад. АН Украіны (1919). Скончыў Харкаўскі ун-т (1888). У 1895—99 і 1905 у Пецярбургскім ун-це, з 1913 — праф. Пецярбургскага політэхн. ін-та. У 1905—07 у партыі кадэтаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 на Украіне: міністр фінансаў ва ўрадзе ўкр. Цэнтр. рады, праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны. Навук. працы па праблемах паліт. эканоміі, гісторыі рас. прам-сці, каап. руху. У кн. «Руская фабрыка ў мінулым і сучасным» (1898) крытыкаваў народнікаў па пытаннях эканам. развіцця Расіі. У працы «Тэарэтычныя асновы марксізму» (1905) абвясціў тэорыю К.​Маркса толькі «часткова правільнай» і адным з першых выступіў за спалучэнне марксісцкай тэорыі прац. вартасці і тэорыі гранічнай карыснасці. Лічыў, што капіталізм здольны да безупыннага развіцця і самакарэкціравання, а неабходнасць пераходу ад капіталізму да сацыялізму бачыў у сферы маралі, а не ў сферы аб’ектыўных законаў.

Тв.:

Современный социализм в своем историческом развитии. СПб., 1906;

Социальная теория распределения. СПб., 1913;

Очерки из новейшей истории политической экономии и социализма. 5 изд. СПб., 1914;

Социальные основы кооперации. М., 1916;

Влияние идей политической экономии на естествознание и философию. Киев. 1925.

т. 16, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́НШЛІХТ Іосіф Станіслававіч (псеўд. Лявон, Цёмны, Тэхнік, Юроўскі; 31.12.1879, г. Млава, Польшча — 29.7.1938),

савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч; удзельнік вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў. Скончыў тэхн. школу ў Варшаве. Чл. СДКПіЛ (1900). У 1910—13 узначальваў Варшаўскую арг-цыю СДКПіЛ. Шэсць разоў быў арыштаваны і высланы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 працаваў у выканкоме Іркуцкага Савета і к-це РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 на Зах. фронце: нарком па ваен. справах, нам. старшыні савета абароны, нам. старшыні ЦВК Літ.-Бел. ССР. Чл. РВС Літ.-Бел. ССР (з крас. РВС 16-й арміі, са снеж. 1919 да крас. 1921 — Зах. фронту), адначасова ў ліп.—жн. 1920 чл. Часовага польскага рэв. к-та. З 1921 нам. старшыні ВЧК—АДПУ, РВС, ВСНГ, Дзярж. плана СССР, нам. наркома па ваен. і марскіх справах СССР, нач. забеспячэння РСЧА. У 1933—35 нач. Гал. ўпраўлення Грамадз. паветр. флоту СССР. З 1935 сакратар Саюзнага Савета ЦВК СССР. У 1919 чл. ЦК КП(б)ЛіБ, чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1924—25. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1925. Чл. ЦВК СССР у 1922—37. Рэпрэсіраваны і ў ліп. 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

О Владимире Ильиче. М., 1972.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац. к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст. грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г. М., 1987.

Літ.:

Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.

І.Ціта.

т. 17, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ. дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал. філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт. кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш. Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.​Гасендзі, Р.​Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),

бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.​Драздовіча, Ш.​Руставелі, Т.​Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.​Гарэцкага, А.​Гурыновіча, М.​Забэйду-Суміцкага, Я.​Карскага, А.​Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУШКЕ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч (н. 15.12.1934, Мінск),

бел. фізік, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991). Д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Сын С.П.Шушкевіча. Скончыў БДУ (1956). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, на Мінскім радыёзаводзе. У 1961—67 і 1969—90 у БДУ (з 1971 заг. кафедры, з 1986 прарэктар). У 1967—69 у Мінскім радыётэхн. ін-це (прарэктар).

У 1989—91 нар. дэп. СССР. У 1990—96 дэп., у 1990—91 1-ы нам. Старшыні, у 1991—94 Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 дырэктар Цэнтра паліт. і эканам. даследаванняў Еўрап. гуманітарнага ун-та (Мінск). Разам з кіраўнікамі Расіі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Навук. працы па радыёфізіцы, опта- і ядз. электроніцы. Адзін з аўтараў асноватворных прац па аднаэлектроннай фотарэгістрацыі. Развіў метады электроннай інтраскапіі, спосабы візуалізацыі і каардынатаадчувальныя цвердацельныя дэтэктары іанізавальных выпрамяненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Основы радиоэлектроники. 2 изд. Мн., 1986 (разам з М.​К.​Яфімчыкам);

ЭВМ и микропроцессор. Мн., 1990 (разам з Я.​В.​Більдзюкевічам. В.​Л.​Гурачэўскім);

Неокоммунизм в Беларуси. Смоленск. 2002.

Літ.:

Класкоўская Л., Класкоўскі А. Станіслаў Шушкевіч: Пуцявіна лёсу. Мн., 1994.

С.С.Шушкевіч.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ Васіль Мікалаевіч (н. 21.11.1946, в. Ламачына Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф, дзярж. дзеяч. Д-р філас. н. (2004). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БСГА. З 1977 на парт. рабоце (у 1984—89 1-ы сакратар Чэрыкаўскага райкома КПБ, у 1989—91 пам. 1-га сакратара, нам. заг. аддзела ЦК КПБ). З 1991 у Мінскім аблвыканкоме. У 1994—96 сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай. У 1995—96 дэп., 1-ы нам. Старшыні Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1998 саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Малдове. З 2001 у Міжнар. гуманіт.-эканам. ін-це (дэкан ф-та). З 2002 у апараце Нац. АН Беларусі. З 2004 дырэктар Ін-та філасофіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах дыялектыкі сац. прагрэсу, гіст. неабходнасці яго універсалізацыі і гуманізацыі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў кантэксце сучаснага цывілізацыйнага і чалавечага развіцця.

Літ.:

На новом витке истории. Мн., 1996;

Социальный прогресс и перспективы человека. Мн., 1999;

Социальная закономерность. Мн., 2000;

Социальный прогресс и человеческое развитие // Чалавек. Грамадства. Свет. 2000. № 4;

Рэтраспектыўны погляд на праблему сацыяльнага прагрэсу// Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2001. № 2;

Вектор государственности — человеческое измерение // Бел. думка. 2002. № 2;

Социальный прогресс: универсализация, гуманизация, перспективы. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н (Washington) Джордж (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),

амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач. Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.

Літ.:

Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;

Яковлев Н. Вашингтон. 2 изд. М., 1976.

Дж.Вашынгтон.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Радзім Гаўрылавіч (н. 7.12.1928, Мінск),

бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл. Амер. геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АН СССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш. тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар. Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел. геал. т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.

Тв.:

Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);

Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);

Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);

Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).

Літ.:

Р.​Г.​Гарецкий: Биобиблиогр. указ. Мн., 1988.

Т.​В.​Якубоўская.

Р.Г.Гарэцкі.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ Міхаіл Львовіч (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)