бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,
структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАКО́ЛЬНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
асяроддзе пражывання і вытв. дзейнасці чалавека. Уключае прыроднае асяроддзе і штучнае (тэхнагеннае) асяроддзе (жылыя пабудовы, прамысл. прадпрыемствы, каналы, вадасховішчы і інш.). Узаемаадносіны чалавека і Н.а. грунтуюцца на іх непарыўнай сувязі, якая пастаянна адбываецца праз абмен рэчываў, энергіі і інфармацыі з прыродным асяроддзем, пераважна на аснове прац. дзейнасці чалавека. Змест і функцыянаванне Н.а. вызначаюцца прыроднымі і сац. фактарамі. Ва ўмовах навукова-тэхн. рэвалюцыі сфера чалавечай дзейнасці практычна ахапіла геаграфічную абалонку і касм. прастору (гл.Наасфера). Чалавечае грамадства істотна змяніла Н.а. ў працэсе яго гасп. асваення (гл.Антрапагеннае ўздзеянне на прыроду), асабліва значныя змены адбыліся ў вял. гарадах. У многіх выпадках умяшанне чалавека ў прыродныя працэсы мела негатыўныя вынікі (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Ужо недастаткова мер па ахове атмасферы, вод, глеб і інш. кампанентаў прыроднага асяроддзя (гл.Ахова прыроды) у межах асобных краін, таму ўзнікла неабходнасць аб’яднаць і актывізаваць намаганні ўсіх народаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял.т-ра ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РТА, Арта,
Хорта (Horta) Віктар (6.1.1861, г. Гент, Бельгія — 8.9.1947), бельгійскі архітэктар; адзін са стваральнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў АМ у Генце (з 1876) і Бруселі (з 1880). Праф. Свабоднага ун-та ў Бруселі (1892—1912), АМ у Антверпене (1919—27) і Бруселі (1912—31, у 1927—31 дырэктар). З 1915 працаваў у Вялікабрытаніі, у 1916—19 у ЗША. Для пабудоў О. (пераважна асабнякі) характэрны свабода планіроўкі, падабенства канструкцый да прыродных форм, пластычнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, шырокае выкарыстанне металу і шкла, выяўленне іх дэкар. магчымасцей, стыліст. адзінства ўсіх элементаў збудавання. У дэкоры інтэр’ераў і фасадаў багата выкарыстоўваў расл. арнамент, увёў у стылістыку мадэрну гнуткую лінію — т. зв. ўдар О., ці ўдар бізуна. Сярод твораў: асабнякі Таселя (1892—93), Сольве (1895—1900), Нар. дом (1896—99) — усе ў Бруселі. У позняй творчасці перайшоў на пазіцыі неакласіцызму (Цэнтр. вакзал у Бруселі, 1953). Іл.гл. ад арт.Мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жытомір, Украіна),
бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,
1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял.Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.
2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.
3) У ваенны час найменне ўсіхвайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СУ З’Я́ВЫ, кінетычныя працэсы,
нераўнаважныя працэсы, у выніку якіх у фіз. сістэме адбываецца прасторавы перанос эл. зараду, масы, імпульсу, энергіі ці інш.фіз. велічыні. Тэарэт. аснова вывучэння П.з. — кінетыка фізічная. Найб. агульны падыход да апісання П.з. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў.
Прычынай П.з. можа служыць аб’ёмная неаднароднасць шчыльнасці, т-ры, сярэдняй скорасці руху часціц сістэмы, уздзеянне знешняга эл. поля і інш. Ва ўсіх выпадках перанос адбываецца ў напрамку, адваротным градыенту адпаведнай велічыні. Да П.з. адносяць электраправоднасць (перанос эл. зараду пад уздзеяннем знешняга эл. поля), дыфузію (перанос рэчыва, у т. л. кампанентаў сумесі, пры наяўнасці ў сістэме градыента яго канцэнтрацыі), цеплаправоднасць (перанос цеплыні ў выніку градыента т-ры), вязкае цячэнне (перанос імпульсу, звязаны з градыентам сярэдняй масавай скорасці; гл.Вязкасць), а таксама тэрмадыфузію, гальванамагнітныя з’явы і тэрмамагнітныя з’явы, якія наз. перакрыжаванымі працэсамі (градыент адной фіз. велічыні выклікае перанос другой фіз. велічыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.