СЕНА́ТАРСКІЯ РЭВІ́ЗІІ,

перыядычныя праверкі мясц. дзярж. апарата спец. прызначанымі сенатарамі ў Расіі 18 — пач. 20 ст. Уведзены Пятром I у 1722 як штогадовыя камандзіроўкі сенатараў у губерні і правінцыі. У 1-й пал. 18 ст. праведзены С.р. толькі Маскоўскай губ. (1726). Адноўлены ў 1760-я г., праводзіліся нерэгулярна (да 1799—15 Р.с.). Паводле ўказа Паўла I у 1799—1800 С.р. праведзены ўсіх губерняў, выяўлены шматлікія парушэнні ў мясц. кіраванні і судзе, самавольства чыноўнікаў, вял. колькасць нявырашаных спраў; паводле вынікаў С.р. сенат зняў некалькі дзесяткаў асабліва скампраметаваных чыноўнікаў. У 19 ст. рэвізаваны 53 губ., некат. з іх па некалькі разоў. С.р. ў пэўнай ступені стрымлівалі самавольства мясц. улад, іх вынікі разглядаліся ў сенаце і Савеце міністраў.

т. 14, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІ́ЦЫН (сапр. Гёзе) Віктар Якаўлевіч

(2.5.1897, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.12.1976),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра (1918—24). З 1924 артыст Маскоўскага Маст. акад. т-ра. Мяккі лірычны акцёр. Сярод роляў: Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.​Чэхава), Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Рапяцілаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), губернатар («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Сціва Аблонскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога) і інш. Паставіў спектаклі: «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (1934), «Ідэальны муж» О.​Уайльда (1946), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1957) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949, 1951, 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1974.

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ПЕТАВА Паліна (Пелагея) Анціпаўна (4.10.1850, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 17.10.1903),

руская актрыса. Жонка М.​І.​Пісарава. Выступала ў правінцыі ў камедыях, вадэвілях, драмах, аперэтах. З 2-й пал. 1870-х г. актрыса Агульнадаступнага т-ра ў Маскве, у 1881—90, 1899—1900 — Александрынскага т-ра ў Пецярбургу. Валодала выдатным трагедыйным дараваннем і тэмпераментам. Сярод лепшых роляў: Лізавета («Горкая доля» А.​Пісемскага), Кацярына, Мар’яна Андрэеўна, Кручыніна («Навальніца», «Бедная нявеста», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Сцепаніда («Каля грошай» В.​Крылова паводле рамана А.​Пацехіна), Сара («Іванаў» А.​Чэхава), Мар’іца («Кашырская даўніна» Дз.​Аверкіева) і інш.

Тв.:

Воспоминания и письма. М ;

Л., 1934.

Літ.:

Беньяш Р.М. П.​А.​Стрепетова. Л., 1967.

П.А.Стрэпетава.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫ САВЕ́Т ЦЭ́РКВАЎ (ССЦ; World Council of Churches),

міжнародны цэнтр экуменічнага руху (гл. Экуменізм). Засн. ў 1948 на 1-й Генеральнай асамблеі ССЦ у Амстэрдаме як аб’яднанне 3 пратэстанцкіх рухаў («Вера і парадак», «Жыццё і дзейнасць», «Міжнародны місіянерскі савет»). Рэзідэнцыя ССЦ у г. Жэнева. Мэта ССЦ — садзейнічанне збліжэнню хрысц. цэркваў у пытаннях веравызнання. На асамблеях ССЦ распрацоўваецца агульная хрысц. праграма, накіраваная на сац. і эканам. пераўтварэнне свету, абмяркоўваюцца глабальныя праблемы чалавецтва і шляхі выхаду з сац.-эканам. і экалагічнага крызісаў. ССЦ аб’ядноўвае больш за 300 рэліг. аб’яднанняў са 100 краін свету. У яго склад уваходзяць пратэстанцкія і правасл. арг-цыі, у т. л. Руская праваслаўная царква (з 1961).

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТО́Й Пётр Аляксандравіч (1761—10.10.1844),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат, ген. ад інфантэрыі (1814), граф. Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794, кааліцыйных войнаў супраць Францыі 1799—1800, 1805 і 1806—07. У 1807—08 пасол у Францыі. У час вайны 1812 камандаваў рэзервовымі войскамі ў прыволжскіх губернях, нач. Ніжагародскага апалчэння. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. Чл. Дзярж. савета (1823). У 1826 чл. Вярх. суда над дзекабрыстамі. У час задушэння паўстання 1830—31 прызначаны 21.4.1831 галоўнакамандуючым 3-й рэзервовай арміяй з падпарадкаваннем яму Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. 12.6 і 22.6.1831 яму падпарадкаваны Гродзенская (з Беластоцкай вобл.) і Віленская губ. Фактычна кіраваў ліквідацыяй паўстання на тэр. Беларусі.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФАРМА́ЦЫІ КАПІТАЛІ́ЗМУ ТЭОРЫІ,

канцэпцыі эвалюцыйнага пераўтварэння капіталізму пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі. У адрозненне ад тэорый неакапіталізму, якія зыходзяць з магчымасці пераадолення ўнутр. супярэчнасцей капіталіст. грамадства, Т.к.т. абвяшчаюць часовы, гістарычна мінучы характар капіталізму, які ў выніку сац.-эканам. развіцця і навук.-тэхн. прагрэсу павінен пераўтварыцца ў больш дасканалую сац., эканам. і паліт. сістэму. Вытокі Т.к.т. у тэорыях 2-й пал. 19 ст. дзярж. і муніцыпальнага сацыялізму. Шырокае распаўсюджанне ў сацыялогіі і эканоміцы Т.к.т. атрымалі з 1930-х г. Да іх адносяцца тэорыі: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, грамадства дастатку (Дж.К.Голбрэйт), дзяржавы ўсеагульнага багацця (К.​Боўлдынг, А.​Хансен), пенсіённа-фондавага сацыялізму (П.​Друкер), суперіндустрыяльнага, посткапіталіст., праграмавальнага, шматмернага грамадства, стагоддзя высокага масавага спажывання і інш.

т. 15, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́МЛЯ,

рака ў Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 80 км, пл. вадазбору 769 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Раманішчы Акцябрскага р-на, цячэ па тэр. Калінкавіцкага, Петрыкаўскага і Мазырскага р-наў, пераважна па ўсх. ускраіне Прыпяцкага Палесся, вусце ў межах Мазырскага р-на, за 2,7 км на ПдЗ ад в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: р. Мядзведзь, канава Дубнянская, канал Плясецкі (злева). Даліна невыразная, схілы спадзістыя, пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 73,5 км. Берагі стромкія, умерана стромкія, абрывістыя. Замярзае ў сярэдзіне снеж., веснавое разводдзе ў канцы 2-й дэкады сак., працягласць 39 сут. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,9 м³/с.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЧЫНО́ВІЧ Восіп (Іосіф Цэзар) Вікенцьевіч (вер. 1824 — ?),

бел. гісторык, правазнавец. Паходзіў са шляхты Магілёўскай губ. У 1858—60 (?) перакладчык Магілёўскага дваранскага сходу. У пач. 1860-х г. у Іркуцкай губ., на пасадзе суддзі Ніжняудзінскага акр. суда. Далейшы лёс невядомы. Аўтар прац у галіне гісторыі права, а таксама выдадзенай у С.-Пецярбургу 1-й гісторыі Беларусі — «Агляд гісторыі Беларусі са старажытнейшых часоў» (1857). «Агляд...» даведзены да падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст., шмат увагі ў кнізе аддадзена асвятленню паліт. падзей.

Тв.:

О поземельной собственности и наследстве в Древней Руси. СПб., 1853;

История сельского хозяйства России от времен исторических до 1850 г. СПб., 1854.

І.​Л.​Грыбко.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРА́РСКАЯ ШКО́ЛА,

італьянская жывапісная школа эпохі Адраджэння. Цэнтрам школы, якая склалася пад уздзеяннем А.Мантэньі і П. дэла Франчэскі, часткова нідэрландскага жывапісу, быў двор герцагаў д’Эстэ ў г. Ферара. Творчасці майстроў Ф.ш., якая дасягнула росквіту ў 2-й пал. 15 ст. (К.​Тура, Ф. дэль Коса і інш.), уласцівы спалучэнне познагатычных і раннерэнесансавых рысаў, вытанчаная дэкаратыўнасць і эмац. экспрэсія вобразаў, выразная напружанасць малюнка і пластычная дакладнасць форм. У пач. 16 ст. Ф.ш. наблізілася да венецыянскай школы, зазнала ўплыў рымскіх мастакоў, да сярэдзіны 16 ст. заняпала.

Да арт. Ферарская школа. А.​Мантэньі. Маркіз Ладавіка з жонкай Барбарай Брандэнбургскай, дзецьмі і прыдворнымі. Фрагмент размалёвак. Камера дэльі Спозі ў Мантуі. Італія. 1471—77.

т. 16, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦ ІО́СІФ I (Franz Joseph; 18.8.1830, Вена — 21.11.1916),

імператар Аўстрыі і кароль Венгрыі [1848—1916]. З дынастыі Габсбургаў. Пляменнік і пераемнік імператара Фердынанда I. Ураду Ф.І. I удалося ліквідаваць рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі, але быў вымушаны выдаць шэраг канстытуцыйных актаў (1851, 1860, 1861). У выніку паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 адмовіўся ад улады над Паўн. Італіяй, а пасля паражэння краіны ў аўстра-прускай вайне 1866 і пад націскам нацыяналіст. сіл Венгрыі пайшоў на ўтварэнне Аўстра-Венгрыі (1867). Заключыў аўстра-германскі дагавор 1879. Саперніцтва Аўстра-Венгрыі з Расіяй на Балканах стала адной з гал. прычын 1-й сусв. вайны. Яго імем наз. Франца Іосіфа Зямля.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)