КАРАБЕ́ЛЬ ВАЕ́ННЫ,

баявы або спец. прызначэння карабель, які ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту. Мае ўзбраенне, інш. тэхн. сродкі для рашэння баявых і забяспечвальных задач, ваен. экіпаж і нясе ваенна-марскі флаг.

Першыя К.в. з’явіліся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме: яны былі драўляныя, рухаліся з дапамогай вёслаў. У 5 ст. да н.э. пачалі будаваць К.в. з некалькімі радамі вёслаў (напр., з трыма — трырэмы). Зброяй на іх былі тараны, кідальныя машыны, экіпаж да некалькіх соцень чалавек. У 7 ст. ў Венецыі створана галера, якая акрамя вёслаў мела ветразі. У 16—17 ст. набыў пашырэнне галеас. Пераход ад грабнога да ветразевага флоту адбываўся да 17—18 ст., гал. зброяй К.в. стала артылерыя. У 17 ст. К.в. пачалі дзяліць на 6 разрадаў (рангаў); караблі 1—3-га рангаў прызначаліся для вядзення артыл. бою і наз. лінейнымі караблямі (лінкоры), 4—5-га рангаў — для вядзення разведкі (фрэгаты), 6-га рангу — пасыльныя. З 2-й пал. 18 ст. для дзеянняў у прыбярэжных водах і на мелкаводдзі сталі выкарыстоўвацца кананерскія лодкі. На працягу стагоддзяў у ваен. мэтах выкарыстоўваліся таксама брандэры, брыгі, брыганціны, карветы, кліперы, шхуны і інш. У 1807 пабудаваны першы параход (Р.​Фултан, ЗША); пачаўся пераход ад ветразевых суднаў да паравых — напачатку колавых, а з вынаходствам у 1840-я г. грабнога вінта — да грабных з парасілавымі ўстаноўкамі. У 19 ст. з’явіліся мінная зброя (міны), тарпеды, а з канца 19 ст. асн. ударнай сілай флоту сталі браняносцы. Для іх баявога забеспячэння створаны крэйсеры і мінаносцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі будаваць мінныя загараджальнікі, падводныя лодкі, эскадраныя мінаносцы (эсмінцы), дрэдноўты. З 1910-х г. распачата буд-ва тральшчыкаў. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся авіяносцы, вартавыя караблі, тарпедныя катэры. У 2-ю сусв. вайну лінкоры страцілі ранейшае значэнне і разам з крэйсерамі сталі сіламі забеспячэння авіяносцаў. Вырасла роля падводных лодак, пашырыліся процілодачныя караблі. З 1950—70-х г. К.в. аснашчаюць ядзернымі сілавымі ўстаноўкамі, ракетна-ядзернай зброяй, найноўшымі радыёэлектроннымі сістэмамі, сродкамі навігацыі і сувязі; будуюцца судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій (Дняпроўскай, Заходнядзвінскай, Прыпяцкай, польскай і сав. Пінскіх) былі вартавыя караблі, кананерскія лодкі, маніторы, мінныя загараджальнікі, тральшчыкі, бранякатэры, катэры-тральшчыкі і інш.

Сучасныя К.в. падзяляюцца на надводныя і падводныя, на атамныя і са звычайнай энергет. устаноўкай. Аснашчаюць іх ракетнай, тарпеднай, артыл., бомбакідальнай, процілодачнай, мінна-тральнай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На караблях устанаўліваецца звычайна некалькі відаў зброі: галоўны — для рашэння асн. задач і дапаможныя — для выканання дадатковых задач і самаабароны. Некаторыя К.в. з’яўляюцца авіянясучымі — маюць самалёты і верталёты як асн. від зброі. У залежнасці ад прызначэння, узбраення, водазмяшчэння і інш. тактыка-тэхн. даных К.в. падзяляюцца на класы, падкласы, тыпы (праекты) і рангі (1—4-ы). Да асн. класаў адносяцца: ракетныя, тарпедныя і ракетна-тарпедныя падводныя лодкі; караблі авіянясучыя (мнагамэтавыя, ударныя і процілодачныя авіяносцы, процілодачныя крэйсеры, дэсантныя і процілодачныя верталётаносцы); ракетна-артыл. (ракетныя крэйсеры, вял. і малыя ракетныя караблі, эсмінцы, ракетныя катэры і інш.); процілодачныя (процілодачныя крэйсеры-верталётаносцы, вял. і малыя процілодачныя і вартавыя караблі); мінна-тральныя (мінныя і сеткавыя загараджальнікі і тральшчыкі); дэсантныя (спец. пабудовы, з апарэлямі; узброены ракетнымі комплексамі і артыл. гарматамі для агнявой падтрымкі дэсанта і самаабароны); спец. прызначэння (караблі кіравання, радыёлакацыйнага дазору, разведвальныя, рэтранслятары сігналаў сувязі, навучальныя, караблі сачэння, спец. забеспячэння — плывучыя базы і інш.). Да 1-га (вышэйшага) рангу адносяцца атамныя падводныя лодкі і буйныя падводныя караблі (крэйсеры, авіяносцы і інш.), да 4-га — катэры, базавыя і рэйдавыя тральшчыкі. Класіфікацыі К.в. у розных краінах звычайна адрозніваюцца. К.в. з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, падпарадкоўваюцца яе законам і ў замежных водах валодаюць правам экстэрытарыяльнасці.

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

В.​І.​Вараб’ёў, А.​А.​Калмакоў.

Некаторыя тыпы караблёў ваенных (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — баявы карабель Егіпта (1200-я г. да н. э.); 2 — асірыйска-фінікійскі (1000—1500-я г. да н. э.); 3 — рымская пентэра (пентэкатэра, з 5 радамі вёслаў; 3 ст. да н. э.); 4 — паўночнаеўрапейскі драмон (6—12 ст.; мелі назвы холк, нейв, неф, буза, кілс); 5 — дракар вікінгаў (8—10 ст.; паказаны дракар Вільгельма Заваёўніка); 6 — карака (14—16 ст.; паказана невялікая 4-мачтавая карака, пабудаваная ў Францыі ў 1535); 7 — галіён (16—17 ст.; паказаны 3-мачтавы іспанскі галіён, 1567).
Некаторыя тыпы караблёў ваенных 20 ст.: 1 — кананерская лодка «Карэец», якая разам з крэйсерам «Вараг» удзельнічала ў баі з японскай эскадрай у 1904, 2 — першы лёгкі крэйсер, пабудаваны ў СССР (1938); 3 — ракетны катэр на падводных крылах (ЗША, 1975); 4 — эскадраны мінаносец (СССР, 1980-я г.).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia),

Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia), дзяржава ў цэнтр. і ўсх. ч. Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс. чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.

Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс. км, з Пн на Пд на 1 тыс. км, раскіданы ў зах. ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн. км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.

На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс. ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.

Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.​Олтэр, у 1997 — Я.​Нена. Член ААН з 1991.

Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн. кВтгадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн. дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мікранезіі.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,

від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар. эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.

Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп. рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц. т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.

Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм. тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл. «Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац. маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз. жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар. тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.​Буйніцкага, У.​Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел. АМ, Мінскага нар. т-ра БДУ і інш. нар. тэатраў.

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,

від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.​Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.​Бялінскі).

У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.​Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.

П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш. рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.​Жукоўскі, М.​Гнедзіч, А.​Пушкін, А.​Блок, В.​Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.​Гінэбург, М.​Лазінскі, В.​Левік, М.​Любімаў, С.​Маршак, Я.​Хелемскі і інш.

На Беларусі П.м. пачаў Ф.​Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.​Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.​Вярыга-Дарэўскі, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, М.​Косіч, А.​Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.​Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, М.​Някрасава, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай), М.​Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.​Колас (пераклаў «Палтаву» А.​Пушкіна, «Дэмана» М.​Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, А.​Куляшоў, П.​Макаль, Я.​Семяжон. М.​Танк, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, а ў наш час Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, М.​Лужанін, Н.​Мацяш, В.​Сёмуха, Я.​Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.​Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.​Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер. выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.​Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.​Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа.

Літ.:

Гл. да арт. Перакладазнаўства.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́наўка ’рыба краснапёрка, Scardinius crythrophtalamus’ (ц.-палес., Пал., Крыв.), калінка ’верхаводка. Albumus albumus’ (зах.-дзвін., Сап.). Рус. ненз. калиновка ’гусцяра, Blicca bjoerkna’; паралелі да калінка таксама ў рус. гаворках — пенз. ’верхаводка’, ’гусцяра’, варонеж. ’ялец, Leuciscus leiiciscus’. Апрача гэтых прыкладаў, звяртаюць па сябе увагу ўкр. каліннік ’рыба лінь, Tinea tinca’. балг. каленак, каленичи ’тс’, і, магчыма, польск. kaliniak (у Варшаўскім слоўніку); Карловіч не падае гэтага слова, статус няясны, хутчэй за ўсё гэта тое ж зах.-палес. (зах.-укр. каліннк, гл. спіс крыніц у Уеачовай. Этимология, 1971, 129–130). Фармальна слова суадносіцца з каліна, а паводдзе пекаторых крыніц такое супастаўленне падмацоўваецца і семантыкай. Параўн. у Усачовай, там жа, 173, адносна ўкр. каліняк: ’лінь, які нерасціцца падчас цвіцення калінм’. і СРНГ, 12, 356: калін., цвяр. калинак ’рыба Abramis brama; буйны лешч’: «Нерестится во время цвета калины». Не вельмі ясна, аднак, якое значэнне з гэтых лексем з’яўляецца зыходным, паколькі рыбы з ліку прыведзеных роднасныя і шмат якія слав. назвы з’яўляюцца для іх агульнымі (гл. падрабязней матэрыялы Усачовай, Этимология, 1971 і паст.). Балг. слова, БЕР (2, 164) супастаўляе з дыял. калмиквід балотнай рыбы’, у якім -е- лічыцца страчаным (ненаціскная пазіцыя). Далей у якасці утваральнай асновы мяркуецца ст.-слав. калень, з матывацыяй ’рыба, якая жыве ў мутней вадзе, у балоцістым месцы’. Там жа і семантычныя паралелі: лайненик ’гнаявік (жук)’, ’рыба, якая жыве ў балоцістай, мутнай вадзе’; таксама звяртаецца ўвага на лац. тэрмін ііпса ў назве рыбы, які, паводле Младэнава, 228, паходзіць ад кельцкага слова і роднасны балг. тння ’ціна’. Для ўсх.-слав. тэрмінаў лічыць сувязь з kalina выпадковай нельга, паколькі намінацыі па такога тыну мадэлях з’яўляюцца звычайнымі, параўн. празрыстыя рус. дыял. колосовик ’буйны лешч, які нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’, колосовица ’рыба рапушка, якую ловяць у чэрвені, калі каласіцца жыта’ колосовка ’рыба верхаводка, якая нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’ і інш. Для бел. калінаўка ’краснапёрка’, магчыма, яшчэ нельга выключыць пэўных «каляровых» асацыяцый, тымбольш, калі згадаць славянскі тэрмін kalina як назву каровы па масці (польск. kalina ’карова масці ярка-чырвонай’, укр. калино ’вол цёмна-чырвонай масці’). Няясна, аднак, ці суадносіцца гэты тэрмін з назвай дрэва (колер ягад), ці з kaliti ’распальваць’, параўн. рус. калина ’жар і да т. п.’ Не выключана, што ўкр. і балг. лексемы неабходна разглядаць асобна, тым больш, што лінь з шэрагу разглядаемых асобна рыб яўна выдзяляецца. Разам з тым, як ужо гаварылася, няма патрэбы сумнявацца ў вялікай імавернасці суаднясення ўсх.-слав. назваў рыбы і слав. kalina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пижвід дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарада́1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́родвід высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́віць несов.

1. в разн. знач. ста́вить; (о строении — ещё) стро́ить, сооружа́ть;

с. кні́гі на палі́цу — ста́вить кни́ги на по́лку;

с. ко́ней каля́ варо́т — ста́вить лошаде́й во́зле воро́т;

с. тале́ркі на стол — ста́вить таре́лки на стол;

с. самава́р — ста́вить самова́р;

с. го́лас — ста́вить го́лос;

с. гадзі́ннік — ста́вить часы́;

с. тэлефо́н — ста́вить телефо́н;

с. п’я́ўкі — ста́вить пия́вки;

с. на туза́ — ста́вить на туза́;

с. салда́т на кватэ́ры — ста́вить солда́т на кварти́ры;

с. на рабо́ту — ста́вить на рабо́ту;

с. пе́рад фа́ктам — ста́вить пе́ред фа́ктом;

с. мэ́тай — ста́вить це́лью;

с. но́вую п’е́су — ста́вить но́вую пье́су;

с. до́следы ў лабарато́рыі — ста́вить о́пыты в лаборато́рии;

с. рэко́рд — ста́вить реко́рд;

с. рэзалю́цыю на галасава́нне — ста́вить резолю́цию на голосова́ние;

с. свой по́дпіс — ста́вить свою́ по́дпись;

2. ста́вить, устана́вливать;

с. но́вую апарату́ру — ста́вить (устана́вливать) но́вую аппарату́ру;

3. (заявлять о претензии) предъявля́ть;

с. свае́ патрабава́нні — предъявля́ть свои́ тре́бования;

4. (выдвигать, предлагать) ста́вить, поднима́ть;

с. пыта́нне — ста́вить (поднима́ть) вопро́с;

5. (считать за что-л.) ста́вить, вменя́ть;

с. у абавя́зак — ста́вить (вменя́ть) в обя́занность;

6. (вписывать) ста́вить, проставля́ть;

с. да́ту — ста́вить (проставля́ть) да́ту;

с. на від — ста́вить на вид;

с. у пры́клад — ста́вить в приме́р;

с. на ка́рту — ста́вить на ка́рту;

с. на адну́ до́шку — ста́вить на одну́ до́ску;

с. кро́пкі (кро́пку) над «і» — ста́вить то́чки (то́чку) над (на) «і»;

с. пад уда́р — ста́вить под уда́р;

с. знак ро́ўнасці — (паміж кім, чым) ста́вить знак ра́венства (между кем, чем);

с. крыж — (на чым) ста́вить крест (на чём)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ба́ба1 ’старая жанчына; бабка, бабуля; павітуха; жанчына наогул’. Рус., укр. ба́ба, польск. baba, чэш. baba, bába, балг. бáба, серб.-харв. ба̏ба і г. д. Прасл. baba. Параўн. літ. bóba ’старая’, лат. bãba, с.-в.-ням. bābe, bōbe ’старая’, buobe ’хлопчык’, італ. babbo ’бацька’ і г. д. Мабыць, усе гэтыя словы па паходжанню з дзіцячай мовы. Гл. Праабражэнскі, 1, 10; Бернекер, 36; Траўтман, 23; Фасмер, 1, 99; Фрэнкель, 52; Махэк₂, 39–40; БЕР, 1, 22–23. Параўн. таксама Мейе, Études, II, 247. Некалькі інакш Бадуэн дэ Куртэнэ, Szkice, I, 435 і наст. Да фаналогіі падобных тэрмінаў дзіцячай мовы гл. Якабсон, Writings, I, 538–544. Неверагодна Траймер, які лічыць baba словам каўказскага паходжання (аб гэтым гл. Фасмер, ZfslPh, 26, 60). Відаць, прасл. baba ’бабуля’ замяніла больш старое (з і.-е. сувязямі) прасл. ova ’тс’ (параўн. в.-луж. wowka). Гл. Шустэр–Шэўц, Сл. фил. Отгов., I, 67; ZfSl, 6, 574. Амаль усе лічаць, што ад baba, babъka метафарай утвораныя назвы розных прадметаў (гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165; падрабязней гл. ніжэй пры паасобных словах). Але гэта не бясспрэчна (так Попавіч, ЈФ, 19, 159–171, рэканструюе самастойную аснову bab‑|bob‑|bǫb‑).

Ба́ба2 ’прылада, цурбан для забівання свай у зямлю’ (Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Інстр. I). Відавочна, старая метафара баба1 (гл.): назвы для цяжкіх і тоўстых прадметаў часта ўтвараюцца ад гэтага слова. Падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba ’калода, цурбан для забівання свай’. Гл. яшчэ Брукнер, 9; Шанскі, 1, Б, 4.

Ба́ба3 ’саха, развіліна калодзежнага жураўля’ (Тарн., ДАБМ, 808, Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц.). Відавочна, старая метафара да баба1 (гл.). Аб матывацыі называння гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Рус. ба́ба ’тс’.

Ба́ба4 ’назва ежы’ (Бесар.), ’бабка, яда, прыгатаваная з дранай бульбы’ (Бяльк.). Рус. ба́бавід куліча’, укр. ба́бавід печыва’, польск. baba, чэш. bába. Слова не вельмі яснага паходжання. Відаць, ва ўсх.-слав. мовах гэта паланізм (гл. Шанскі, 1, Б, 4). У зах.-слав. мовах яго паходжанне таксама няяснае. Некаторыя лічаць, што гэта метафара да баба1 (Брукнер, 9), параўн. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Па версіі Махэка₂, 40, слав. слова запазычана з ням. Babe, Bäbe (з гэтым пагаджаецца Шанскі, 1, Б, 4), але Крэчмер, Wortgeögr., 353, Пауль, Wörterb., 65 і іншыя (гл. Махэк₂, 40) выводзяць ням. слова з слав. моў. З іншага боку, Попавіч (ЈФ, 19, 159–171, гл. асабліва стар. 168) хоча бачыць тут аснову bab‑ (гл. баб-), не звязаную з baba ’жанчына’.

Ба́ба5 ’нарыхтаваная гліна, шчыльна збітая ў горку прамавугольнай формы’ (Вярэн.). Параўн. і ўкр. ба́ба ’вялікі шарападобны камяк ганчарнай гліны’. Мусіць, метафара да ба́ба1 (гл.). Аб матывацыі гл. Шулан, SSlav., 153–165.

Ба́ба6 ’гатунак грушы; бэра’ (Сцяц.). Параўн. укр. ба́ба, польск. baby ’гатунак грушы’. Як і многія падобныя назвы, ад баба1 (гл.) па знешняму падабенству грушы да тоўстай жанчыны. Але параўн. і магчымасць паходжання ад прасл. асновы bab‑ (гл. пад ба́ба1).

Ба́ба7 ’расліна адуванчык Taraxacum officinale’ (палес., КЭС). Параўн. таксама яе іншыя назвы ва ўкр. мове: бабакуль, кульбаба, бабка, бабки (Макавецкі, Sł. botan., 366), серб.-харв. баба марта (Сіманавіч, 461). Аб матывацыі назвы можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё меліся на ўвазе лячэбныя ўласцівасці расліны (у сувязі з «бабамі-знахаркамі»; падрабязней гл. ба́бка ’трыпутнік’). Не выключаецца, што назва адлюстроўвае шарападобны выгляд расліны пасля цвіцення. Ва ўсякім выпадку сувязь з ба́ба ’жанчына, баба’ бясспрэчная. Параўн. і ням. назвы для Taraxacum off.: Alte Weiberteu, Großmutter Nachtfunzla (Марцэль, Pflanzennam., 5 (2), 178, 5 (4), 611). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6; 65.

Ба́ба8 ’дрыгва, багністае месца на балоце’ (палес., КЭС). Цёмнае слова. Можна толькі выказаць некалькі думак. Магчыма, ад ба́ба ’старая жанчына’. Параўн. укр. дыял. ба́бка (або ста́рка) ’плеўка на малацэ’. Гэта значыць, баба першапачаткова азначала такое месца на балоце, якое было прыкрыта «плеўкай» (травой і г. д.), але было вельмі небяспечнае. Другая магчымасць: можа ёсць сувязь з укр. дыял. ба́бло ’балота, дрыгва’ (форма ба́бло магла ўспрымацца як павелічальная, і з яе ўзнікла баба), гл. Краўчук, БЛ, 1974 (6), 66. Іначай Талстой, Геогр., 186, які зыходзіць са значэння ’бугарок’ і параўноўвае баба ’дрыгва’ з укр. ба́ба ’гурба снегу’.

Ба́ба9 ’птушка-баба, няясыць’ (Нас., Бяльк.). Параўн. рус., укр. ба́ба ’пелікан’ (у іншых славян таксама сустракаецца ў назвах птушак, напр., польск. baba ’сойка’). Ад ба́ба1 ’жанчына, бабуля’ (па знешняму выгляду птушкі, якая вельмі падобная на старую бабку, гл. Флінт, Птицы, табл. 12).

Ба́ба10 (каменная баба; археалагічны помнік). Рус. ба́ба, укр. ба́ба, польск. baba і г. д. ’тс’. Мабыць, да ба́ба1 (па знешняму падабенству). Брукнер, 9; Фасмер, 1, 99–100. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 4–5. Іншыя думаюць (гл. Фрыдрых, Зб. Буазаку, I, 383), што гэта запазычанне з цюркскіх моў (цюрк. baba ’статуя’ < baba ’бацька’).

Баба́ ’нятоўстая і невялікая калода, на якую кладуць бервяно на санях; прылада для забівання паляў’ (Шат.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Наўрад ці ёсць сувязь з укр. дыял. (бесараб.) баба́ ’слуп’ (< рум. babá ’бітэнг; слуп, паля’ < тур.). Хутчэй за ўсё націск на апошнім складзе развіўся пад уплывам марфалагічных фактараў (магчыма, на аснове формы мн. ліку тыпу бабы́) і, магчыма, для семантычнай дыферэнцыяцыі. Параўн. у тым жа раёне ба́ба, ба́бы ’тс’ (ДАБМ, 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГА́МБІЯ (Gambia),

Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс. км². Нас. 1042 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).

Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-ра ліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.

Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс. чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс. ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.

Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.

18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.​К.​Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.​Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл. ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.

Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам ​2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс. т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс. т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс. т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гамбіі.
Да арт. Гамбія. Сталіца краіны г. Банджул.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)