ІЗМІ́Р (Izmir),

горад на З Турцыі, адм. цэнтр іля Ізмір, на ўзбярэжжы Эгейскага м. 1757 тыс. ж. (1990). Гал. па экспарце і другі (пасля Стамбула) па імпарце порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна (тытунь, бавоўна, вінаград, алівы, збожжавыя). Прам-сць: харч., тэкст., дывановая, хім. (суперфасфат), металургічная, маш.-буд., у т. л. суднабуд. і інш. Ун-т. Акадэмія эканомікі і гандлю. Музей. Цэнтр турызму.

Засн. як стараж.-грэч. калонія ў 2-м тыс. да н.э. пад назвай Смірна. У 575 да н.э. зруйнаваны царом Лідыі Аліятам, у 4 ст. да н.э. адбудаваны. У 27 да н.э. — 324 н.э. пад уладай рымлян, пазней — Візантыі. У канцы 11 ст. захоплены сельджукамі. У 13 ст. генуэзскі порт. У 1402—03 разрабаваны Цімурам. З 1425 у складзе Асманскай імперыі, наз. І. Моцна разбураны землетрасеннямі 1688 і 1778. З канца 18 ст. адзін з эканам. і культ. цэнтраў Турцыі. У час грэка-тур. вайны 1919—22 акупіраваны грэч. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны порт І. — ваен.-марская база, у горадзе размешчаны штаб камандавання сухап. сіламі НАТО у Паўд.-Усх. Еўропе. Захаваліся руіны храма 7 ст. да н.э., эліністычных тэатра і стадыёна, паблізу І. рэшткі 3 акведукаў рым. часоў.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́ННЕ тытуню,

адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.​Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.​Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.

Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.

Разм.

1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.

2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умя́ць, умну, умнеш, у мне; умнём, умняце; пр. умяў, умяла; заг. умні; зак., што.

1. Прымяўшы, уціснуць, увагнаць у што‑н., куды‑н. Дзядзька.. выплюнуў з рота папяросу, спакваля расцёр яе, умяў наском бота ў пясок. Сачанка.

2. Націскаючы, зрабіць больш шчыльным. Умяць тытунь у люльцы. // Прымяць хадою, яздою; утаптаць, уездзіць. Умяць зямлю гусеніцамі трактара. □ Падэшвы яго [Шпакевіча] ботаў глыбока ўмялі намыты пясок на беразе. Чыгрынаў.

3. Разм. З’есці вялікую колькасць чаго‑н., прагна з’есці што‑н. Умяць цэлы бохан хлеба. □ [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Куры́ць 1 ’пыліць, дыміць; удыхаць і выдыхаць дым якога-небудзь рэчыва, пераважна тытуню’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Сержп., Пр., Янк. Мат., Шатал.). Укр. курити, рус. курить ’тс’, ст.-слав. коурити сѧ ’дыміць’, балг. курна ’запаліць’, серб.-харв. ку́рити ’паліць агонь у печы, тытунь’, славен. kúriti ’раскладваць агонь, дыміць, курыць’, польск. kurzyć się ’дыміць, гарэць; пыліць’, чэш. kouřiti ’дыміць, параваць, пыліць’, славац. kúriť ’паліць печ’, kúriť sa ’дыміць’, в.-луж. kurieć н.-луж. kuriś ’тс’. Прасл. kuriti мае паралелі ў балтыйскіх мовах: літ. kùrti ’раскладваць агонь, паліць’, лат. kur̃t ’тс’. Паралелі ў германскіх мовах (гоц. haúri ’вугаль’, ст.-ісл. hyrr ’агонь’) канчаткова пацвярджаюць першаснасць значэння ’паліць агонь’ (Бернекер, 651–652; Траўтман, 145; Фрэнкель, 319).

Куры́ць 2 ’ехаць або бегчы хутка’ (Нас., ТС, Ян.). Запазычанне з літ. kùrtí ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сярдзі́ты

1. серди́тый;

с. но́раў — серди́тый нрав;

2. серди́тый; злой;

с. го́лас — серди́тый го́лос;

ён с. на мяне́ — он зол на меня́;

3. перен., разг. серди́тый, злой; (о зиме, морозе и т.п. — ещё) лю́тый;

с. тыту́нь — серди́тый (злой) таба́к;

с. маро́з — лю́тый моро́з

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПАЎНО́ЧНАЯ КАРАЛІ́НА (North Carolina),

штат на У ЗША. Пл. 136,5 тыс. км². Нас. 7546,5 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Ролі. Вял. гарады і асн. прамысл. цэнтры: Шарлат, Грынсбара, Уінстан-Сейлем, Дарэм. Усх. ч. штата на Прыатлантычнай нізіне, на З — горы Апалачы выш. да 2037 м (г. Мітчэл) і плато Підмант. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля 4 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Гал. рэкі Роанак і Кейп-Фір, парожыстыя ў вярхоўях, суднаходныя ў нізоўях. У Апалачах захаваліся шыракалістыя лясы (пад лесам 7,8 млн. га). Найб. развіта тэкст. прам-сць (1-е месца ў ЗША па вытв-сці баваўняных тканін). Развіты таксама тытунёвая, дрэваапр. (асабліва мэблевая), маш.-буд. (прамысл. машыны і трансп. сродкі, электрычнае і электроннае абсталяванне), харч., швейная прам-сць. Выплаўка алюмінію, вытв-сць хім. валокнаў. Здабыча фасфарытаў, буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Гал. культура — тытунь (каля 300—400 тыс. т штогод, 1-е месца ў краіне). Вырошчваюць таксама арахіс, кукурузу, рыс, бавоўну, сою, пшаніцу, батат, гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне свіней і птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 980, свіней — 9500, авечак — 14,5; курэй — 17,2 млн., бройлераў — 665 млн. Марское рыбалоўства. Турызм у 1996 прынёс даход 10,2 млрд. дол. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, авіяцыйны. Гал. порт Уілмінгтан.

І.​Я.​Афнагель.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.

1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.

2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.

•••

Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

с... (а таксама са..., су...), прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў і надае ім знач.:

1. Убіранне чаго-н. з паверхні або наогул адкуль-н., напр.: ссыпаць, спілаваць.

2. Рух зверху ўніз; перамяшчэнне туды і назад, напр.: сцячы, скінуць, скаціцца, схадзіць (у краму).

3. Злучэнне:

а) змацаванне, напр.: скруціць (дрот), склеіць;

б) сканцэнтраванне ў адным месцы, напр.: ссунуць (сталы), ссяліць;

в) (звычайна з часціцай -ся) рух з розных месцаў у адзін пункт, напр., сцячыся.

4. (з часціцай -цца). Узаемнае дзеянне, напр.: спісацца, спрацавацца.

5. Выніковасць:

а) паўната, інтэнсіўнасць, наступленне якога-н. стану, напр.: ступіцца, спісацца (пра чарніла);

б) зрасходаванне ў выніку якога-н. дзеяння, напр.: скурыць (тытунь), скарміць;

в) выраб прадмета ў выніку дзеяння, напр.: скруціць (вяроўку), спячы (торт).

II. Утварае форму закончанага трывання некаторых дзеясловаў, напр.: скласці, станцаваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыслоўяў са знач. месца, напрамку, прычыны ад ускосных склонаў назоўнікаў, напр.: справа, спачатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АРАГО́Н (Aragón),

аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі, на мяжы з Францыяй. Пл. 47,7 тыс. км², нас. 1,2 млн. чал. (1991). Адм. ц. — г. Сарагоса. Буйныя гарады Уэска і Тэруэль. Уключае правінцыі Сарагоса, Тэруэль і Уэска. Займае Арагонскую раўніну ў бас. р. Эбра. Акаймавана Пірэнейскімі (пік Анета, 3404 м), Іберыйскімі, Кантабрыйскімі і Каталонскімі гарамі. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. 4—8 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў 350 мм за год. Эканоміка агр.-прамысловая. Земляробства пераважна арашальнае ў даліне р. Эбра. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, шафран, садавіну, агародніну, вінаград, міндаль, масліны, на паліўных землях — рыс, тытунь, траву альфа. Гадуюць авечак, козаў. Здабыча бурага вугалю, жал. руды. На горных рэках некалькі ГЭС, працуюць ЦЭС на бурым вугалі. Прамысловасць: чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (трансп. і с.-г. машыны), металаапр., электратэхн., хім., цэментная, шкляная, папяровая, тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Чыг. і аўтамаб. транспарт, нафта- і газаправоды, у Сарагосе міжнар. аэрапорт.

У 9 ст. ў ходзе Рэканкісты засн. графства Арагон. На пач. 11 ст. тэр. Арагоны далучана да каралеўства Навара, у 1035 самастойнае каралеўства, якое на аснове асабістай уніі аб’ядналася ў 1137 з Барселонскім графствам. У 1164 графы Барселоны сталі каралямі і ўключылі ў Арагон усе землі Каталоніі. У 13—15 ст. Арагон адваяваў у маўраў Балеарскія а-вы, Валенсію, Сіцылію, Сардзінію, Неапалітанскае каралеўства. У 1479 каралеўства Арагон з Кастыліяй аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Іспанію. У 1978 Арагон атрымаў аўтаномію.

Ф.​С.​Фешчанка.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)