Парча́ ’тканіна са складаным узорам з шаўковай асновай і залатым або сярэбраным (або імітаваным пад золата ці серабро) узорам’. Рус., укр. парча́ ’тс’. У запазычаннях ст.-бел. м. не адзначаецца, таму, відаць, у бел. м. з рус. Лічыцца запазычаннем з тат. parča ’парча, узор’ (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 140, 232; Праабражэнскі, 2, 19). Паводле Гомбаца (RS, 7, 187), тут ст.-цюрк. аснова, што і ў кірг. barča ’шаўковая тканіна’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 210.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сапе́та ’спецыяльная сетачка для захавання злоўленай рыбы ў жывым выглядзе’ (бых., КЭС), сапэ́тка ’саламяны мат’ (Анох.), ’кошык, сплецены з лазы, дроту’ (Сцяшк. Сл.). Рус. сапётка ’вулей, плецены з пруццяў вярбы’ (Каўказ), ’кош для пасадкі злоўленай рыбы’ (дан., церск.), укр. сапе́т, сапе́та, сапе́тка ’вялікі плецены кош на калёсы’, ’плецены з лазы ручны кош’, польск. sepet ’скрынка’. З тур., крым.-тат. säpät ’кош’ (Радлаў, 4, 495), якое з перс. (Гл. Локач, 139; Фасмер, 3, 558; Брукнер, 485).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Семенчаваць ‘суцешыць радаснай весткай’ (Тэсфір 1725 г.). Паводле Мішкінене (Slavistica Vilnensis, 1997, 210), сустрэлася ў каментарыі да Карана ў форме семенчуй з тлумачэннем “суцеш радаснай весткай”. Антановіч (Зб. Крымскаму, 148–149) у арабаграфічных тэкстах семенчаваць “вітаць” разглядае як цюркізм. Вытворнае ад ст.-бел. семенчъ ‘радасная вестка’ (1545 г.), што з крым.-тат. sävinč, чагат. sävünč ‘тс’, якое ў сувязі з абмежаваным характарам выкарыстання сярод беларускамоўных мусульман разглядаецца як экзатызм (Булыка, Лекс. запазыч., 36).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каю́к 1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.
Каюк 2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий конь — Маслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нага́та ’старажытная грашовая адзінка’ (Рабцэвіч), параўн. ст.-бел. у Летапісе Аўрамкі XV ст.: по двѣ нагатѣ (Карскі 2–3, 106), ст.-рус. ногата. Выводзяць з кыпч. тур. nakt ’наяўныя грошы’, крым.-тат. naxt ад араб. naḳd ’дробныя грошы’; аднак не выключана і мясцовае ўтварэнне ад мяркуемага *нагата ’сабаліная шкурка з чатырма нагамі’ вытворнага ад нага́, параўн. бел. нога́ты ’з доўгімі нагамі’ (ТС), што характэрна для ўсх.-слав. назваў грошай; гл. Кіпарскі, ВЯ, 1956, № 5, 135; Фасмер, 3, 79.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Патарыба́ніць ’бегчы’ (Інстр. III). Да прасл. terti (Куркіна, Этимология–1980, 24) > terati ’гнаць, бегчы’ (в.-луж. ćerić ’лавіць’, ст.-чэш. poteriti, vteriti ’неадступна ісці, бегчы за кім-н.’, славен. tėrjati), якое пазней набыло экспрэсіўныя суфіксы — патараніць (гл.), патарабаніць — магчыма, пад уплывам цюрк., параўн. тат. daraban ’барабану > тарабан ’тс’, тарабаніць: вяц. ’біць, барабаніць’, бел. ’моцна стукаць’, ’хутка несці нешта вялікае’, польск. potarabanić ’ісці з цяжкасцю’, усх.-чэш. tarabit ’несці з намаганнем’. Аб мене а > ы гл. Карскі, 1, 103.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сабанту́й ’у татараў і башкіраў народнае свята, звязанае з заканчэннем веснавых палявых работ’, ’шумлівая пагулянка; калатня, бітва’ (ТСБМ). Праз рус. сабанту́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з тат. сабанту́й ’банкет у канцы свята веснавога ворыва’, ад сабан ’двухколавы плуг’ і туй, той ’банкет, баль’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 541. Аб магчымым існаванні слова сабан і ў бел. гаворках сведчыць наяўнасць яго ў гаворках беларускіх перасяленцаў у Сібіры: “пахалі бабы, плугоў не была, сабані толькі” (Бел.-рус. ізал., 120).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́рмас ‘рэдзька’ (Сцяшк. Сл.), ту́рмус ‘турнэпс’ (навагр., Жыв. сл., Васільковая сп.). Лічыцца сапсаванай назвай турнэпс (гл.), параўн. турне́пс, турнэт ‘тс’ (Сл. ПЗБ.). Аднак здзіўляе падабенства з аддаленымі геаграфічна назвамі асм. тур. turma ‘рэпа’, тат. torma ‘рэдзька’; венг. torma ‘хрэн’, з якіх выводзяць харв. turma, turman ‘хрэн’ (Скок, 3, 485), славен. tȗrman ‘тс’ (Сной у Бязлай, 4, 250). Магчыма, пранікненне праз мову беларускіх татараў-гароднікаў? Параўн. напоўненую «ўсходнімі элементамі» лічылку: Шалды‑балды, / Бушмак — барада́, / Выйдзі вон з гарада́. / Турмас! (бялын., Дзіц. фальк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)