АПШЭРО́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
на зах. беразе Каспійскага м., у Азербайджане. Даўж. да 60 км, шыр. да 30 км. Усх. канцавая частка п-ва — Шахава каса. Хвалістая раўніна (выш. да 165 м) з гразевымі сопкамі і бяссцёкавымі катлавінамі, запоўненымі саланчакамі і салёнымі азёрамі, месцамі ўчасткі рухомых пяскоў. Радовішчы нафты і газу (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён). Мінер. крыніцы. Пустынны клімат змякчаецца ўплывам мора. Расліннасць паўпустынная. Вінаграднікі і бахчавыя культуры на паліўных землях. Кліматычныя і бальнеалагічныя курорты. На паўд. ўзбярэжжы паўвострава г. Баку.
т. 1, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МНА,
возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Каспля, за 26 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 2,1 км², даўж. 2,95 км, найб. шыр. 1,09 км, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км. Пл. вадазбору 97,8 км². Схілы катлавіны выш. 8 м, у верхняй частцы разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — глінай. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 20—90 м. Праз возера цячэ р. Вымнянка.
т. 4, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖЫ́НСКІ Сяргей Іванавіч (7.9.1861, г. Астрахань, Расія — 1.12.1900),
рускі батанік, аўтар тэорыі наступлення лесу на стэп. Акад. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Казанскі ун-т (1885). У 1888—92 праф. Томскага ун-та, з 1892 гал. батанік Пецярбургскага бат. саду, з 1893 дырэктар бат. музея АН. Адзін з заснавальнікаў фітацэналогіі. Апісаў расліннасць Сярэдняй Азіі, прапанаваў агульнае бат.-геагр. раяна-1 ванне Расіі. Пачаў выданне «Гербарыя рускай флоры» (1898). Незалежна ад Дэ Фрыза абгрунтаваў мутацыйную тэорыю («тэорыя гетэрагенезу», 1899).
т. 8, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індакітай, Малайскі архіпелаг і прылеглыя тэрыторыі. Пл. 4,5 млн. км. Нас. каля 450 млн. чал. (1999). Пераважае рэльеф сярэднягор’яў і ўзгорыстых раўнін. Клімат вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны мусонны. Прыродная расліннасць — трапічныя лясы і саванны. Пераважае арашальнае земляробства (гал. культура рыс), разнастайная прам-сць у прыбярэжных раёнах. На тэр. П.-У.А. знаходзяцца краіны: Бруней, В’етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма, Сінгапур, Тайланд, Усх. Тымор; часта да яе адносяць і Філіпіны.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн. км². Нас. каля 1300 млн. чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.
т. 12, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЧАКІ́,
тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).
Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРЦАЎ Мікалай Аляксеевіч (5.11.1827, г. Варонеж, Расія — 7.2.1885),
расійскі заолаг, зоагеограф і падарожнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1846). У 1857—79 даследаваў Сярэднюю Азію. Вывучаў геалогію, араграфію, клімат, глебы, расліннасць і жывёл цэнтр. ч. Цянь-Шаня, пустыні Кызылкум, Паміра і інш., стварыў першыя комплексна-геагр. характарыстыкі прыроды гэтых тэрыторый. Навук. працы па зоагеагр. раянаванні Палеарктыкі. Яго імем названы пік на Паміры ў хр. Пятра Першага, ледавікі на Паміры і Заілійскім Алатау, некат. віды жывёл і раслін.
т. 14, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТБА́Й,
горны хрыбет у Егіпце і Судане. Цягнецца ўздоўж узбярэжжа Чырвонага м. ад дэльты р. Ніл на ПнЗ да адгор’яў Эфіопскага нагор’я на ПдУ. Даўж. каля 1500 км. Пераважаюць выш. каля 1000 м, найб. 2259 м (г. Ода). Складзены з дакембрыйскіх крышт. сланцаў, гнейсаў. Стромка абрываецца на У да ўзбярэжжа, ступеньчата апускаецца на З да Аравійскай пустыні. У сухіх далінах бедная дрэвавая расліннасць (тамарыскі, сікаморы, акацыі), ксерафільныя злакі. Рэзерваты: Вадзі-Рышраш (Егіпет), Эркавіт (Судан).
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СЕНЬ,
балота на ПдУ Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., на водападзеле рэк Пціч і Бярэзіна. Вярховага (70%), нізіннага (20%), пераходнага (5%) і мяшанага (5%) тыпаў. Пл. 5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Глыб. торфу да 6,5 м, сярэдняя 2,3 м. Падсцілачны торф на 25% плошчы, ёсць сапрапель магутнасцю да 2 м. Здабыча торфу на паліва. Расліннасць цэнтр. ч. — мазаічныя сфагнавыя комплексы, на астатняй вярховай тэр. хваёва-хмызнякова-сфагнавыя, на нізінных участках асакова-гіпнавыя.
т. 18, кн. 1, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА МОХ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1981 для захавання ў натуральным стане тарфянога масіву, які рэгулюе водны рэжым прылеглых тэр. і азёр. Пл. 4840 га. Тарфяны масіў канцова-марэннага ландшафту складзены з вярховага і пераходнага відаў торфу (86% агульнай плошчы). Асн. расліннасць — рэдкалессе. Балотны масіў багаты зараснікамі журавін, дзе расце таксама марошка прысадзістая. У Чырв. кнігу занесены чубатка пустая, шпажнік чарапіцавы, бяроза карлікавая.
П.І.Лабанок.
т. 18, кн. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)