САЛАНЧАКІ́,

тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).

Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)