раманты́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве канца XVIII — першай чвэрці XIX ст., прыхільнікі якога змагаліся з канонамі класіцызму, выстаўляючы на першы план інтарэсы асобы і пачуццё і выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці гістарычныя і народнапаэтычныя тэмы. Рамантызм Байрана. Рамантызм Бетховена.

2. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, пранікнуты аптымізмам і імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека. Але па той прычыне, што Змітрок Бядуля яшчэ не валодаў рэалістычным метадам, імкненне сцвердзіць у творчасці станоўчыя пачаткі жыцця і ідэал прыгожага, жаданне пранікнуць у духоўны свет чалавека прывялі маладога пісьменніка да рамантызму. Каваленка.

3. Светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасць летуценнай сузіральнасцю.

[Фр. romantisme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супадзе́нне, ‑я, н.

1. Адначасовасць якіх‑н. фактаў, здарэнняў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад іменных асноў, яны паказваюць збліжэнне ці супадзенне ў прасторы або ў часе. Граматыка.

2. Падабенства, агульнасць; адпаведнасць у чым‑н. У падзеях з жыцця галоўнага героя трылогіі нямала супадзенняў з біяграфіяй самога аўтара. Шкраба. Па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць .. коней. Шамякін. Супадзенні тэм могуць сведчыць толькі аб жаданні маладога пісьменніка вучыцца ў Горкага. Адамовіч.

3. Злучэнне, спалучэнне. Звычайнае супадзенне абставін, ускладн[е]нае нейкімі прычынамі, з-за якіх Далінка не ўсё адкрывае следству. Асіпенка.

4. Сумяшчэнне пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУ́ЛЬБА (Альгерд) (сапр. Чыж Вітаўт),

бел. пісьменнік, крытык і публіцыст пач. 20 ст. У 1908—11 чл. рэдакцыі газ. «Наша ніва». З рэцэнзіямі і артыкуламі найб. актыўна выступаў у 1910—11. Адгукнуўся на выхад зб-каў Я.​Купалы «Гусляр», Я.​Коласа «Песні-жальбы», падкрэсліваў самабытнасць бел. паэтаў як мастакоў слова, з пазіцый народнасці л-ры палемізаваў з польскім крытыкам З.​Пяткевічам, які выступіў супраць паэмы Я.​Купалы «Адвечная песня» («Адказ пану З.​Пяткевічу», 1910). У арт. «Грамадзянскае становішча В.​Дуніна-Марцінкевіча» (1910) даволі дакладна ахарактарызаваў ролю пісьменніка ў гісторыі бел. л-ры. Даследаваў польск. і ўкр. л-ру (арт. «Барыс Грынчанка», 1910; «Памяці Тараса Шаўчэнкі», 1911). Узбагачаў бел. алегарычнае апавяданне («Пад шум восенных дажджоў...», 1910). Адстойваў правы бел. народа на сваю нац. л-ру, муз. мастацтва, тэатр (арт. «Беларускі вечар у Полацку», «Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах», абодва 1910; «З нашага жыцця (Аб беларускім тэатры)», 1911]. Пісаў артыкулы на тэмы эканомікі і палітыкі, даследаваў этнаграфію («Аб арганізацыі хатняга рамясла», 1911; «Гасударственная Дума, зямельныя законы і іх прымяненне ў жыццю», 1912). У брашуры «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі» (1911) апісаў бел. нар. строі. Пераклаў на бел. мову з рускай паасобныя апавяданні Л.​Андрэева, І.​Гарбунова-Пасадава, Р.​Данілеўскага, М.​Ляскова, Р.​Мачтэта.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

у кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура XIX—пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯ́МАНТ НА СМЕРЦЬ ЛЯВО́НА КАРПО́ВІЧА»,

«Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича», помнік бел. літаратуры 17 ст. Паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620. Прысвечана памяці бел. царк.-рэліг. дзеяча і пісьменніка-прапаведніка эпохі барока Л.Карповіча.

Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Карповіча праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Карповіча перарастае ў паэме ва ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Вобраз гал. героя пададзены ў духу жыційнай л-ры і ўзняты да ўзроўню ідэальнага хрысц. святога. Заключная частка «Ляманту...» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: ад імя нябожчыка паэт заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нац.-рэліг. традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы бел. народа з феад.-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнёным лірызмам, яркай, паэт.-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: спалучэнне ўзнёслага і будзённага, кніжнага стылю з жывой бел. мовай, вобразаў ант. і біблейскай міфалогіі; выкарыстанне тыпова барочных эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметна харэічнай яго аснове.

Літ.:

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992. С. 76—92, 150—164.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМФЛЕ́Т (ад англ. pamphlet лісток, які трымаюць у руцэ),

вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме паліт. з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. П. ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.

Вядомы са стараж. часоў. Некат. даследчыкі лічаць П. творы стараж.-грэч. філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў л-ры Зах. Еўропы 19—20 ст. (В.​Гюго, Э.​Заля, Г.​Ман і інш.). У рус. л-ры П. пісалі В.​Бялінскі, А.​Герцэн, Дз.​Пісараў, Л.​Талстой («Не магу маўчаць»), М.​Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У.​Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).

Рысы П. мелі творы бел. палемічнай л-ры канца 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гутаркі 2-й пал. 19 ст. Майстрамі П. выявілі сябе К.​Крапіва («Майстры крывавага джаза», «З фашыстоўскай падваротні» і інш.), К.​Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М.​Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М.​Пасладовіч, А.​Бажко, І.​Грамовіч, С.​Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-П. зрабіў І.​Гурскі («Чужы хлеб», 1969).

Літ.:

Ткачев П.И. «Иду на «вы»: Заметки о памфлете. Мн., 1975;

Яго ж. «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;

Гончарова-Грабовская С.Я. Комедия-памфлет в жанровой системе драматургии XX в. Мн.;

1994.

Я.​І.​Клімуць.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

выда́нне

I ср., в разн. знач. изда́ние;

в. по́ўнага збо́ру тво́раў пісьме́нніка — изда́ние по́лного собра́ния сочине́ний писа́теля;

в. зако́на — изда́ние зако́на;

вы́йшла друго́е в. — вы́шло второ́е изда́ние;

перыяды́чнае в. — периоди́ческое изда́ние;

афіцыя́льнае в. — официа́льное изда́ние

II: на ~нні прост., уст. на вы́данье;

дачка́ на ~нні — дочь на вы́данье

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

стыль

(фр. style, ад гр. stylos = палачка для пісьма)

1) сукупнасць характэрных прымет мастацкага афармлення пэўнага часу або пэўнага напрамку (напр. гатычны с.);

2) прыём, спосаб, метад работы або паводзін (напр. с. кіраўніцтва);

3) сукупнасць моўных прыёмаў пісьменніка або літаратурнага твора, жанру (напр. публіцыстычны с.);

4) спосаб летазлічэння (напр. стары с., новы с.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

уду́млівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны, схільны глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. Удумлівы пісьменнік. □ Перад маладой паэтэсай былі ўдумлівыя настаўнікі, і яна з ахвотай вучылася ў іх. Ярош. // Які выяўляе такую здольнасць, схільнасць. Удумлівыя вочы. □ Сакратар пачала гаварыць ціхім, удумлівым голасам, набліжаючыся тварам да калгасніцы. Пестрак. Паэт-рэаліст .. [Я. Купала] засяроджваў свой удумлівы позірк на ўсім чыста, што было жыццё. Лойка. // Які характарызуецца глыбінёй асэнсавання чаго‑н. Удумлівае чытанне. Удумлівы падыход. □ Я марыў пра вельмі ўдумлівую пастаноўку «Раскіданага гнязда». «Полымя». У .. [апавяданні] прыкметна выявіліся патэнцыяльныя творчыя магчымасці пачынаючага пісьменніка, яго ўдумлівыя адносіны да рэчаіснасці, да чалавека. Майхровіч.

2. Разм. Задуменны. Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложка, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сачо́к1 ’конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бес., З нар. сл.), са́чак ’тс’ (Дэмб., 2, 575). Памяншальнае да сак2 (гл.).

Сачо́к2 ’від жаночага адзення, кароткая куртка на ваце’ (ТСБМ, Янк., Сцяшк.), са́чак ’тс’ (Бір., Сцяшк., Шатал., Янк., З нар. сл., Нар. сл.), са́чык ’тс’ (Сцяшк., З нар. сл., Жд. 1, Нар. сл., Сл. Брэс., Сакал., Скарбы). Памяншальнае да сак1 (гл.).

Сачо́к3 ’гультай’ (Жд. 1). Запазычанне вусным шляхам з рус. прастамоўнага сачо́к ’тс’, сачкова́ть жарт. ’гультаяваць; прапускаць урокі, лекцыі’. Дзеяслоў, паводле ССРЛЯ, 13, 210, фіксуецца ўпершыню ў пісьменніка Новікава–Прыбоя ў значэннях ’лавіць рыбу сачком’, ’гультаяваць’. Тады да сачок < сак2 (гл.) ’прылада лавіць рыбу’; значэнне ’гультаяваць’ у дзеяслова з’явілася, відаць, пад уплывам меркаванняў, што лоўля рыбы — гэта заняцце, каб правесці час. Гэта можа быць і народная этымалогія. Гаўлава (Etym. Brunensia, Brno, 1980, 27), якая прыводзіць яшчэ дыял. маск. сачёк ’хлопец, які заляцаецца да дзяўчыны, яе каханы’, узводзіць да *sočiti (гл. сачыць), што больш верагодна, параўн. і вядомае ў гутарковай мове 30‑х гадоў XX ст. сачо́к як адпаведнік рус. сексо́т (< секретный сотрудник).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),

у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.

У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.​Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.​Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.​Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).

Я.​М.​Сахута (мастацтва), В.​П.​Рагойша (літаратура).

Да арт. Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.
Да арт. Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.
Да арт. Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)