РЫД (Reid) Томас Майн (4.4.1818, Баліроні, Ірландыя — 22.10.1883),

англійскі пісьменнік. З 1838 жыў у ЗША, займаўся журналістыкай. У 1849 вярнуўся ў Еўропу. Першы раман «Вольныя стралкі» (т. 1—2, 1850) пра нац.-вызв. рух у Мексіцы. Аўтар авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Белы правадыр» (т. 1—3, 1855), «Квартэронка» (т. 1—3, 1856), «Ацэола, правадыр семінолаў» (1858), «Коннік без галавы» (т. 1—2, 1866, экранізаваны 1972), «Смяротны стрэл» (т. 1—3, 1873) і інш., у якіх жыццё, побыт і норавы амер. Поўдня, трагічны лёс амер. індзейцаў і неграў. У трылогіі «У нетрах Паўднёвай Афрыкі, або Прыгоды бура і яго сям’і» (1856), «Юныя паляўнічыя» (1857), «Паляўнічыя на жырафаў» (т. 1—3, 1867), дылогіі «Паляўнічыя на расліны» (1857) і «Паўзуны па скалах» (1864) адлюстравана прырода экзатычных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Яго творы прасякнуты гуманіст. пафасам, непрыманнем расізму і сац. ўціску, адметныя рэзкім размежаваннем персанажаў на герояў і антыгерояў, спалучэннем рамант. тэндэнцый з рэаліст., з дакументальнасцю і выразным дэтэктыўным элементам.

Тв.:

Бел. пер. — Коннік без галавы. Мн., 1996;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—6. М., 1956—58;

Собр. соч. Т. 1—12. Мн., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

Т.М.Рыд.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙФЕРТ (Seifert) Яраслаў (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПАНЮ́К Барыслаў Паўлавіч (н. 16.7.1923, с. Канеўшчына Прылуцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі паэт і перакладчык. Засл. работнік культ. Кіргізіі (1975). Засл. работнік культ. Чувашыі (1979). Засл. работнік культ. Украіны (1983). Скончыў Кіеўскі ун-т (1947). Друкуецца з 1943. Матывамі дружбы народаў, ідэямі патрыятызму і інтэрнацыяналізму прасякнуты кнігі «Насустрач вёснам» (1948), «Бацькоўскі ачаг» (1955), «У палявым вянку» (1963), «Імем сонца» (1966), «Баладны лад» (1972), «Пяць пялёсткаў агню» (1980). Беларусі прысвяціў вершы «Ой, ляцелі гусі з Беларусі», «Песня Янкі Купалы», «Матчына мова» і інш. Пераклаў на ўкр. мову паэмы В.​Таўлая «Таварыш», А.​Вялюгіна «Вецер з Волгі», паасобныя вершы М.​Багдановіча, Р.​Барадуліна, З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, Е.​Лось, М.​Танка і інш. На бел. мову яго вершы перакладалі Барадулін, А.​Бялевіч, В.​Вольскі, Ю.​Голуб, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, Кірэенка, Г.​Пашкоў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка і інш. Складальнік анталогіі на бел. мове «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2 1975).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Обпалена всіма вітрами. Київ, 2000;

Бел. пер. — Матчына слова. Мн., 1977.

Літ.:

Рагойша В.П. Вяртанне ў матчыну мову // Кантакты. Мн., 1982.

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЕ́С, Талес (Thalēs) з Мілета (каля 640—625 да н.э., г. Мілет, Іонія, М. Азія — каля 547—545 да н.э.),

старажытнагрэчаскі мысліцель, родапачынальнік антычнай філасофіі, астраноміі і геаметрыі, заснавальнік мілецкай школы. Філас. і прыродазнаўчыя погляды Ф. яшчэ ў значнай ступені прасякнуты міфалагічным светаразуменнем, але ўяўляюць сабой першую спробу ў Стараж. Грэцыі даць навук. абгрунтаванне навакольнаму асяроддзю. Першастыхіяй усяго свету лічыў ваду: сцвярджаў, што ўсе з’явы і рэчы нараджаюцца з вады і ператвараюцца ў яе пасля сваёй гібелі. Зрабіў шэраг прыродазнаўчых адкрыццяў: прадказаў сонечнае зацьменне ў Грэцыі ў 585 да н.э., вызначыў працягласць года ў 365 дзён і разбіў яго на 12 трыццацідзённых месяцаў і інш. Вынайшаў мноства астр. прыбораў. Зрабіў спробу даць тлумачэнне святлу Месяца, летнім разлівам Ніла і інш. прыродным з’явам. Памылкова лічыў, што Сонца знаходзіцца далей за ўсе зоркі ад Зямлі, што Зямля ў выглядзе дыска трымаецца на вадзе. Мяркуецца, што яму належаць выказванні «Пазнай самога сябе», «Мнагаслоўнасць зусім не з’яўляецца паказчыкам разумнага меркавання», «Шукай што-небудзь адно мудрае, выбірай што-небудзь адно добрае, гэтак ты суцішыш пустаслоўе балбатлівых людзей» і інш., творы «Пра раўнадзенства», «Пра сонцаварот» і інш., якія не захаваліся.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пана; належыць пану. Зямля — дзе глянеш — панская, Вада, лес, дол, гара. Танк. Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Лынькоў.

2. Уласцівы пану; прасякнуты пагардлівымі адносінамі да каго‑, чаго‑н. Людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба.., як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раманты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рамантызму (у 1, 2 знач.). Рамантычная паэзія. □ У зборніку «Шляхам жыцця» .. [Я. Купала] даў узоры высокага рамантычнага стылю беларускай літаратуры. Лойка.

2. Схільны да рамантыкі, рамантызму (у 3 знач.); прасякнуты рамантыкай, незвычайны, таямнічы. Рамантычная натура. Рамантычны настрой. □ З цікавасцю гляджу я на гэтыя рамантычныя мясціны. Ыазыр — горад старажытны, і нямала адбылося тут розных падзей у даўно мінулыя часы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛЬМО́НТ Канстанцін Дзмітрыевіч (16.6.1867, в. Гумнішчы Іванаўскай вобл., Расія — 23.12.1942),

рускі паэт. З дваран. У 1886 паступіў у Маскоўскі ун-т, у 1887 выключаны за ўдзел у рэв. студэнцкім руху. Першыя кнігі «Зборнік вершаў» (1890) і «Пад паўночным небам» (1894) прасякнуты матывамі меланхоліі, смутку, адчужанасці. Зб. паэзіі «У бяскрайнасці» (1895), «Цішыня» (1989), «Будзем як сонца» (1903) вылучылі Бальмонта як аднаго з прадстаўнікоў рус. сімвалізму. У цэнтры паэзіі — стыхійныя сілы прыроды і роўны ім герой з абвостранымі пачуццямі, душэўнымі памкненнямі. У 1905 нелегальна выехаў за мяжу. Зб. «Песні мсціўца» (Парыж, 1907) забаронены царскай цэнзурай. Уражаннем ад падарожжаў напоўнены зб. «Зарыва світанняў» (1912), «Край Азірыса» і «Белы дойлід. Таямніца чатырох каганцоў» (1914). Вітаў Лют. рэвалюцыю 1917, не прыняў Кастр. рэвалюцыі і ў 1920 эмігрыраваў. Выдаў зб. вершаў «Дар Зямлі» (1921), «Маё — Ёй. Вершы аб Расіі» (1923), «Паўночнае ззянне» (1931), «Блакітная падкова» (1937), аўтабіягр. раман «Пад новым сярпом» (1923); перакладаў творы П.​Б.​Шэлі (Поўн. зб. тв.), П.​Кальдэрона, У.​Уітмена, Э.​По, П.​Верлена, арм., груз., літоўскіх аўтараў. Аўтар літ.-крытычных кніг «Горныя вяршыні» (1904), «Белыя бліскавіцы» (1908), «Паэзія як чараўніцтва» (1915).

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—10. М., 1908—13;

Избранное: Стихотворения;

Переводы;

Статьи. М., 1991.

П.​П.​Вашко.

К.​Дз.Бальмонт.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ Валянцін Віктаравіч (19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.​А.​Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.​Я.​Савінскага і П.​П.​Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус. рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).

Літ.:

Элентух И.Б. В.​В.​Волков. М., 1956.

В.​С.​Каваленка.

В.Волкаў. Студэнты. 1947.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ Франц Андрэевіч (каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — каля 1845),

бел. паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат. Скончыў Пінскае павятовае вучылішча (1833). Вучыўся ў Віленскай медыка-хірург. акадэміі (1833—38). Арганізаваў там нелегальнае рэв. Дэмакратычнае таварыства. У 1837 наладзіў сувязь з Ш.​Канарскім, з сябрамі ўступіў у яго Садружнасць польскага народа (гл. Саюз польскага народа). Арыштаваны (1838) і высланы (1839) у салдаты на Каўказ. У 1841 уцёк, быў злоўлены, каля 2 гадоў прасядзеў у турме Ціраспаля (цяпер Рэспубліка Малдова) пад чужым імем. Аддадзены паўторна на вайсковую службу, зноў уцёк. Вясной 1844 дабраўся да Кіева. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мяст. Янушпаль (каля Бярдзічава, Украіна). Заразіўся халерай. Аўтар статута «Прынцыпы дэмакратызму», пракламацыі «Заўвагі на маральную вайну народа з дэспатызмам» (адзін з першых паліт. памфлетаў у гісторыі вызв. руху на Беларусі), мемуараў (апубл. 1876). Яго беларускамоўны верш «Там блізка Пінска...», апубл. ў мемуарах Э.​Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), прасякнуты антыпрыгонніцкімі матывамі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961;

Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971;

Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДРАБКАЛН (Sudrabkalns) Яніс (сапр. Судрабкалнс Арвід, да 1923 Пейне Арвід; 17.5.1894, с. Інчукалнс Рыжскага р-на, Латвія — 4.9.1975),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Латвіі (1943). Нар. паэт Латвіі (1947). Акад. АН Латвіі (з 1973). Герой Сац. Працы (1974). Друкаваўся з 1909. Выступіў як рамантык (зб. «Крылатая Армада», 1920). Зб-кі вершаў «Пераўтварэнні» (1924), «Ліхтар на ветры» (1931) адметныя эмацыянальнасцю і інтэлектуальнасцю, віртуознасцю формы. Гумарыст. і сатыр. вершы ў зб-ках «Трубадур на асле» (1921), «Джэнтльмен у бэзавым фраку» (1924). Паэт. зб-кі «У братняй сям’і» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Яшчэ адна вясна» (1964, Дзярж. прэмія Латвіі 1965), «Ясень за акном» (1969), «Летуценнікам» (1974) прасякнуты грамадз. матывамі. Аўтар кніг лірычных мініяцюр, публіцыстыкі. Пераклаў на лат. мову верш Я.​Купалы «Абвілася краіна». Аўтар верша «Памяці Купалы». Сярод перакладчыкаў яго вершаў на бел. мову Э.​Агняцвет, П.​Броўка, С.​Блатун, С.​Гаўрусёў, С.​Грахоўскі, А.​Звонак, В.​Зуёнак, А.​Кудравец, Е.​Лось, М.​Танк, Г.​Шаранговіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Яшчэ адна вясна. Мн., 1969;

У кн.: Латышская савецкая паэзія. Мн., 1984. Т. 1;

У кн.: Песня Даўгавы. Мн., 1986;

Рус. пер. — Избранное. М.; Л., 1948;

Стихи. М., 1964;

Две новеллы. Рига, 1971.

Літ.:

Трофимов Р. Путь поэта. Рига, 1964.

М.​Абала.

Я.Судрабкалн.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)