ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.​А.​Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Князева.

Лельчыцы. Забудова вуліцы Перамогі.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Нясета на лініі Магілёў—Асіповічы. 8,6 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 1592 як в. Клічава Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1798 сяло ў Любашанскім старостве Аршанскага пав.; 20 гаспадарак, дзярж. ўласнасць. У 19 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ., дзейнічалі школа, млын, царква. У 1897 у К. 608 ж., праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1901 заснаваны Клічаўскі шклозавод. З 1924 мястэчка, цэнтр Клічаўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 504 чал. 20.3.1942 К. вызвалілі партызаны, была створана Клічаўская партызанская зона. У 1943 партызаны зноў разграмілі ў К. адноўлены гарнізон ворага (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943). Каля К. існаваў першы ў Беларусі партыз. аэрадром. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 3-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл. У 1962—65 уваходзіў у Кіраўскі р-н. У 1972—5,3 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Магілёўскі саўгас-тэхнікум, 2 сярэднія школы, вячэрняя, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Клічаўскі краязнаўчы музей лесу. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму, магілы ахвяр фашызму. Курган Славы. Помнік партызанам.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСЬ,

гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв. ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст.копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.

Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гляда́ч, гледача, м.

1. Той, хто глядзіць што‑н., назірае, сочыць за чым‑н. Спрактыкаванае вока старонняга гледача заўважыла, як шпарка рос гэты калгасны пасёлак. Колас.

2. Той, хто глядзіць спектакль, фільм і інш. віды мастацтва на сцэне. Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў, што густою сцяною адрэзалі сцэну ад залы. Гартны. / у знач. зб. Фільм «Канстанцін Заслонаў» заваяваў любоў гледача. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растэрмінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Разлажыць на некалькі тэрмінаў выкананне або выплату чаго‑н. Праўленне вырашыла: хочаш перасяліцца ў пасёлак, адвядзём табе ўчастак па плану, дапаможам перавезці сядзібу, а калі хата ў цябе струхлела, пабудуем новую, лепшую, разлік за гэта растэрмінуем на некалькі год... Хадкевіч. — Калі хочаце, з дазволу аддзела асветы я растэрміную гэтыя грошы на тры раты, калі хочаце — можаце плаціць адразу. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталі́ца, ‑ы, ж.

Галоўны горад дзяржавы, месцазнаходжанне ўрада і ўрадавых устаноў. Сталіца Беларусі. □ На плошчы, ў сталіцы Сафіі, Дзімітраўскі ёсць маўзалей. Танк. Будучы студэнткай, .. [Таццяна] ездзіла туды [у Маскву] на экскурсію і таму шчыра перадавала свае ўласныя ўражанні аб сталіцы. Шамякін. // Пра які‑н. населены пункт як цэнтр чаго‑н. Блукаючы па Палессі, я заехаў у былую сталіцу партызанскага краю. Гэта не то мястэчка, не то рабочы пасёлак. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тае́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тайгі, з’яўляецца тайгой. Таежны лес. // Які знаходзіцца, размешчаны ў тайзе. Таежны пасёлак. □ Бяжыць, уцякае ад .. [тайгі] сталёвая лента, дзе-нідзе пераскочыць цераз таежную рэчку. Васілевіч. // Які жыве ў тайзе; працуе ў тайзе. Таежны паляўнічы. □ У нанайцаў няма ні палёў, ні садоў, ловяць рыбу яны, б’юць таежных звяроў. Дубоўка.

2. Уласцівы тайзе, яе жыхарам. Таемныя звычаі. Таежнае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДАНЕ́ЦК,

горад на Украіне, цэнтр Данецкай вобл. Засн. ў 1869 як шахцёрскі пасёлак Юзаўка, у 1924—61 Сталіна. 1,2 млн. ж. (1995). Чыг. вузел. Цэнтр вугальнай прам-сці. Чорная і каляровая металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць горнашахтавага і для харч. прам-сці абсталявання, горнавыратавальнай апаратуры, кабелю, быт. тэхнікі — халадзільнікаў, веласіпедаў і інш.), коксахім., хім. (хім. рэактывы, пластмасы, гумава-тэхн. вырабы, фарбы і інш.), лёгкая (баваўняная), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Данецкі навук. цэнтр АН Украіны. 6 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Краязнаўчы і маст. музеі.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс. т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.

І.Б.Катунін.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс. ж. (1995).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс. чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.

М.​В.​Батвіннік, В.​Л.​Насевіч (гісторыя).

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)