АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-рфілал.н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ.крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ.крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЯРУ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1972;
Ступені росту: Бел.літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст.Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́НКА-КА́РЫ (сапр.Табілевіч Іван Карпавіч; 29.9.1845, с. Вясёлаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 15.9.1907),
украінскі драматург, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў рэаліст.нац. тэатра. Брат П.К.Саксаганскага. З 1865 акцёр-аматар, з 1883 у трупах М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, М.Садоўскага. Друкаваўся з 1876. Аўтар п’ес (каля 20), у якіх з рэв.-дэмакр. пазіцый паказаў класавае расслаенне на вёсцы, цяжкае жыццё сялян, у т. л. драм «Бурлака» (1883), «Наймічка» (1885), «Абяздоленая» (1886), сатыр. камедый «Разумны і дурань», «Мартын Баруля» (абедзве 1886), «Сто тысяч» (1890), «Гаспадар» (1900), гіст. трагедыі «Сава Чалы» (1899) і інш. Выступаў як тэатр.крытык, перакладчык і публіцыст. Яго п’есы папулярныя на Беларусі з пач. 20 ст. У 1909 сяляне в. Кленікі Гродзенскай губ. ставілі яго камедыю «Разумны і дурань». Творы К.-К. найб. папулярызаваў У.М.Крыловіч.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1985;
Рус.пер. — Пьесы. М., 1958.
Літ.:
Цибаньова О.С. Літопис життя і творчості І.Карпенка-Карого. Київ, 1967;
Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973. С. 98—119, 278—299.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),
рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз.літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.Гартнага, А.Гурло, Ф.Чарнушэвіча, Ф.Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел.літ. руху 1920-х г., творчасць А.Александровіча, А.Бабарэкі, А.Дудара, У.Дубоўкі, Я.Пушчы, К.Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.Купалам, Ц.Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЦКА (Яўген Рыгоравіч) (н. 20.4.1944, в. Пабрэззе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1997 дырэктар выд-ва «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1968. Даследуе маст. адметнасць, стыль сучасных бел. празаікаў, узаемадзеянне л-ры і чытача (зб. «Выхаваўчая роля літаратуры», 1980). У аповесцях «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981) псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літ.-знаўчага зб. «Вобраз» (1981), зб-каў апавяданняў маладых бел. пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялёны сад» (1988), кніг твораў М.Дзяшкевіча (1991), Л.Калюгі (1992), А.Мрыя (1993) і інш. Старшыня Аргкамітэта (1989—90) і Рады (1990—93) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Тв.:
Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Мн., 1973;
Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Мн., 1979;
Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.