ДЫЯДО́Р СІЦЫЛІ́ЙСКІ (грэч. Diodōros Sikeliōtēs; каля 90, Агірыён, в-аў Сіцылія — 21 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Аўтар працы «Гістарычная бібліятэка» (40 кн.; захаваліся 1—5 і 11—20, астатнія — у фрагментах), дзе сінхронна выкладаюцца падзеі з гісторыі стараж. Грэцыі, эліністычных дзяржаў, Рыма і Усходу з легендарных часоў да сярэдзіны 1 ст. да н.э.

Літ.:

Строгецкий В.М. Возникновение и развитие исторической мысли в Древней Греции: (На материале изучения «Исторической библиотеки» Диодора Сицилийского). Горький, 1985.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

1) у Стараж. Грэцыі пач. школы для хлопчыкаў 12 гадоў (школы граматыста) з выкладаннем чытання, пісьма і лічэння.

2) У Стараж. Рыме павышаныя (лац. і грэч.) пач. школы для дзяцей патрыцыяў і коннікаў.

3) У Расіі 17 ст. школы пры некат. манастырах для вывучэння грэч. і лац. граматыкі і ант. л-ры.

4) У Вялікабрытаніі і некат. краінах брыт. Садружнасці агульнаадук. сярэднія школы, якія рыхтуюць да паступлення ва ун-т.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),

асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СПА (Prespa),

возера на З Балканскага паўвострава, на мяжы Македоніі, Албаніі і Грэцыі. Пл. 285 км². Глыб. 54 м. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне каля паўн. краю гор Пінд, на выш. 853 м. Злучана пратокай з воз. Мікры-П. Мяркуецца, што падземны сцёк ідзе праз карставыя поласці ў воз. Ахрыдскае (16 км на ПнЗ ад П.). Штогадовыя ваганні ўзроўню 1,5—2 м. Рыбалоўства. На берагах П. — нац. паркі Галічыца (Македонія), Мікра-Прэспа (Грэцыя).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыяні́сіі

(гр. dionysia, ад Dionysios = імя бога вінаградарства і вінаробства ў старажытнагрэчаскай міфалогіі)

святы ў гонар бога Дыяніса ў Стараж. Грэцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),

бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.

Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму.

Архітраў.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́Н ((Arrianos) Флавій) (каля 95, Нікамедыя, Малая Азія — 175),

старажытнагрэчаскі гісторык і пісьменнік. Вучыўся ў Грэцыі ў філосафа-стоіка Эпіктэта. У 121—124 консул у Рыме, каля 131—137 намеснік Кападокіі. Арыяну належаць творы на філасофскую, гістарычную, ваенную, геаграфічную і іншыя тэмы. Захаваліся «Анабасіс Аляксандра» ў 7 кнігах (гісторыя паходаў Аляксандра Македонскага), «Індыя», «Аб’езд Эўксінскага Понта», «Успаміны пра Эпіктэта», «Настаўленне», у якіх выкладзена вучэнне Эпіктэта, змешчаны трактаты пра ваенную справу і паляванне. Іншыя працы вядомыя па фрагментах або назвах.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)