МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),

1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.

Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз. кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл. Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш. перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз. гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш. Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч. механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).

3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).

Літ.:

Кожевников С.Н., Есипенко Я.И., Раскин Я.М. Механизмы. 3 изд. М., 1965;

Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;

Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.

У.​М.​Сацута.

Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдам ’будаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗО́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае агульныя заканамернасці будовы, складу, развіцця і эвалюцыі зорных сістэм, у т. л. Галактыкі. Даследаванні інш. галактык і пазагалактычных аб’ектаў вылучыліся ў сярэдзіне 20 ст. ў пазагалактычную астраномію. Метадамі стат. аналізу, астраметрыі і астрафізікі даследуюцца таксама залежнасці паміж асобнымі характарыстыкамі зорак, іх сістэм, асацыяцый і скопішчаў, дыфузнай, пылавой і газавай матэрыі і інш. Важным метадам З.а. з’яўляецца стварэнне мадэлей зорных сістэм для розных стадый іх эвалюцыі ў адпаведнасці з рэальна назіранымі сістэмамі.

З.а. падзяляецца на зорныя статыстыку, кінематыку і дынаміку. У зорнай статыстыцы метадамі матэм. статыстыкі даследуюцца будова Галактыкі, характарыстыкі зорнага насельніцтва, у т. л. размеркаванні зорак з пэўнымі характарыстыкамі ў розных яе абласцях Напр., функцыі бляску, зорнай шчыльнасці, свяцільнасці і паглынання звязаны паміж сабой асноўнымі ўраўненнямі зорнай статыстыкі. На аснове гэтых ураўненняў вызначаюцца функцыі сапраўдных характарыстык зорак у параўнанні з бачнымі характарыстыкамі. Зорная кінематыка на аснове бачных (напр., уласнага руху, прамянёвай, тангенцыяльнай і прасторавай скорасцей) выяўляе сапраўдныя кінематычныя характарыстыкі руху зорак, а таксама заканамернасці руху зорнай сістэмы як цэлага. Зорная дынаміка вывучае заканамернасці руху зорак у сілавым полі зорнай сістэмы, будову і эвалюцыю зорных сістэм на аснове сіл, што дзейнічаюць у іх. Структура сілавога поля выяўляецца як суперпазіцыя сіл, створаных сістэмай у цэлым, і сіл, што ўзнікаюць пры збліжэнні асобных зорак.

Літ.:

Куликовский П.Г. Звездная астрономия. 2 изд. М., 1985.

А.​А.​Шымбалёў.

1 2 3
Лебедзь Cygnus Пн
Леў Leo Пн
Ліра Lyra Пн
Лісічка Vulpecula Пн
Лятучая Рыба Volans Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз) Ursa Minor Пн
Малы Конь Equuleus Пн
Малы Леў Leo Minor Пн
Малы Пёс Canis Minor Пн
Мікраскоп Microscopium Пд
Муха Musca Пд
Навугольнік Norma Пд
Насос Antlia Пд
Паўднёвая Гідра Hydrus Пд
Паўднёвая Карона Corona Austrina Пд
Паўднёвая Рыба Piscis Austrinus Пд
Паўднёвы Трыкутнік Triangulum Australe Пд
Паўлін Pavo Пд
Паўночная Карона Corona Borealis Пн
Пегас Pegasus Пн
Персей Perseus Пн
Печ Fornax Пд
Разец Caelum Пд
Райскі Птах Apus Пд
Рак Cancer Пн
Рыбы Pisces Э
Рысь Lynx Пн
Секстант Sextans Э
Сетка Reticulum Пд
Скарпіён Scorpius Пд
Скульптар Sculptor Пд
Сталовая Гара Mensa Пд
Страла Sagitta Пн
Стралец Sagittarius Пд
Трыкутнік Triangulum Пн
Тукан Tucana Пд
Тэлескоп Telescopium Пд
Фенікс Phoenix Пд
Хамелеон Chamaeleon Пд
Цыркуль Circinus Пд
Цэнтаўр Centaurus Пд
Цэфей Cepheus Пн
Цялец Taurus Пн
Чаша Crater Пд
Шалі Libra Пд
Шчыт Scutum Э
Эрыдан Eridanus Пд
Яшчарка Lacerta Пн
Абазначэнні: Пн — Паўн. паўшар’е неба, Пд — Паўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс.

т. 7, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.

Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл. Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл. Мазырскі кабельны завод).

У.​М.​Сацута.

Будова трохжыльнага кабелю напружаннем 10 кВ: 1 — медныя токаправодныя жылы: 2 — папяровая ізаляцыя; 3 — запаўняльнікі з папяровага жгута; 4 — слой паясной ізаляцыі з папяровых стужак; 5 — свінцовая абалонка; 6 — папяровая стужка; 7 — праасфальтаваны джут; 8 — браня з стальных стужак; 9 — вонкавае пакрыццё з кабельнай пражы, насычанай нафтабітумам.

Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

устро́йство ср.

1. (действие) устро́йванне, -ння ср.; майстрава́нне, -ння ср.; прыстро́йванне, -ння ср., прыла́джанне, -ння ср.; неоконч. прыла́джванне, -ння ср.; арганізава́нне, -ння ср.; неоконч. арганізо́ўванне, -ння ср., нала́джанне, -ння ср.; неоконч. нала́джванне, -ння ср.; спраўля́нне, -ння ср.; учыне́нне, -ння ср.; упара́дкаванне, -ння ср.; неоконч. упарадко́ўванне, -ння ср.; ула́джанне, -ння ср.; неоконч. ула́джванне, -ння ср., уладкава́нне, -ння ср.; неоконч. уладко́ўванне, -ння ср.; см. устра́ивать​ 1—5;

2. упара́дкаванне, -ння ср., уладкава́нне, -ння ср.; неоконч. уладко́ўванне;

полити́ческое устро́йство паліты́чнае ўпара́дкаванне (уладкава́нне, уладко́ўванне);

3. (строй) лад, род. ла́ду м.; (порядок) пара́дак, -дку м.;

обще́ственное устро́йство грама́дскі лад (пара́дак);

4. (конструкция) устро́йства, -ва ср., канстру́кцыя, -цыі ж.; (строение) будо́ва, -вы ж.;

устро́йство мо́ста́ будо́ва (канстру́кцыя) мо́ста;

5. (прибор, оборудование) устро́йства, -ва ср., прыла́да, -ды ж., прыбо́р, -ра м.; абсталява́нне, -ння ср.;

регули́рующее устро́йство рэгулю́ючае ўстро́йства (рэгулю́ючы прыбо́р);

счётно-реша́ющее устро́йство лічы́льна-раша́ючае ўстро́йства.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́ 1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць 2.

Зала́ 2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць 1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць 2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаць 1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць 2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. стать ‘будова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,

сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав. прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.

Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.​Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.​Блантара («Кацюша»), А.​Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.​Захарава («Ой, туманы мае...»), А.​Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.​Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.​Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.​Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.​Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.

На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац. фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.​Любана, «Песня пра Нёман» Н.​Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.​Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.​Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.​Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел. нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.​Ханка, «Карнавал» В.​Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.​Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.

Літ.:

Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;

Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Р.​М.​Аладава, Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)