ХВЕДАРО́ВІЧ Мікола (сапр.Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч; 6.4.1904, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.8.1981),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Брат Н.Чарнушэвіча. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929—32), «Чырвоная Беларусь» (1932—33), «Полымя рэвалюцыі» (1934—37). Чл. аб’яднанняў «Маладняк», БелАПП. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1940 асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. З 1946 працаваў у г. Каршы (Узбекістан). Паўторна арыштаваны ў 1949 і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956 вярнуўся ў Мінск. Друкаваўся з 1924. Першы зб. паэзіі «Настроі» (1929). У паэт.кн. «Баявыя песні», «Рытмы» (абедзве 1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968) рамантыка грамадз. вайны. Асаблівасці яго паэт. манеры — публіцыстычнасць, спалучаная з лірызмам, канкрэтнасць і рэалістычнасць вобразаў. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978), кніг нарысаў і ўспамінаў пра бел. пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выд. 1977), «Незабыўнае» (1976). Пісаў для дзяцей («Сонечны зайчык», 1961; «Лясныя званочкі», 1968; «Крылы», 1973). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, Э.Багрыцкага, раман А.Фадзеева «Апошні з удэге» (1935, з А.Звонакам), паэму Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1966, са Звонакам), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (1960, з І.Грамовічам), зб. Ш.Пецёфі «Ліра і меч» (1971), вершы ўкр. і інш. паэтаў. Некат. вершы Х. пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІЛІ́ЯЗМ (ад грэч. chilias тысяча), міленарызм (ад лац. mille тысяча),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога канчатковаму канцу свету будзе папярэднічаць тысячагадовы перыяд Царства Божага (другое прышэсце Хрыста), калі ўсталююцца ўсеагульны мір і гармонія паміж чалавекам і прыродай. Узнік ва ўлонні хрысціянства на мяжы 1—2 ст., відаць, пад уплывам іудзейскага вучэння пра месію. Гал. біблейская крыніца Х. — літаральнае тлумачэнне 20—22-й глаў Адкрыцця св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіса), а таксама сцвярджэнні ў інш. кнігах Новага Запавету (Евангелле ад Лукі, 1-е Пасланне да карынфіян апостала Паўла і інш.). Заснавальнікам Х. лічыцца ератык апостальскіх часоў Керынф (некат. прыпісвалі яму аўтарства Апакаліпсіса).
Хіліястычных ідэй прытрымліваліся многія стараж.-хрысц. тэолагі і пісьменнікі (Папій Іерапольскі, Юсцін-філосаф. Юлій Афрыканскі, К.С.Ф.Тэртуліян і інш.). Супраць Х. выступалі Дыянісій Вялікі, Еўсевій Кесарыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзім, Аўгусцін Блажэнны і інш. У 2 ст. Х. быў найб. пашыраны ў малаазійскіх цэрквах, у 3 ст. — у Егіпце. У 4 ст., калі хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй у Рым. імперыі, хрысц. царква пачала праследаваць хіліястаў як ератыкоў. У сярэдневякоўе, у час росквіту разнастайных містычных вучэнняў, Х. аднавіўся і стаў часткай многіх ератычных вучэнняў; яго прапаведавалі Іаахім Флорскі. радыкальныя рэфарматары (альбігойцы, Т.Мюнцэр, гусіты. анабаптысты). Х. пашырыўся ў 19—20 ст.: яго прытрымліваюцца адвентысты, мармоны, сведкі Іеговы. Каталіцкі касцёл з Эфескага сабора (431) лічыць Х. тэалаг. памылкай (у 1944 ён афіцыйна асуджаны каталіцкімі касцельнымі ўладамі). Правасл. багаслоўе пакідае гэтае пытанне адкрытым. Адмоўна ставяцца да Х. і асн. пратэстанцкія цэрквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́МЧАНКА Васіль Фёдаравіч (12.1.1919, в. Канічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.11.1992),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваен.-юрыд. акадэмію ў Маскве (1951). У 1937 рэпрэсіраваны і асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Ніжне-Амурскім лагеры. Вызвалены ў 1941. У 1941—68 у Сав. Арміі. Рэабілітаваны ў 1969. У 1972—85 заг. рэдакцыі выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1934. Пісаў на бел. і рус. мовах. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва: зб-кі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Верны рыцар» (1965), «Сустрэча з цудам» (1969), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976) і інш. Аповесць «Пры апазнанні затрымаць» (1983) пра жыццёвы і творчы шлях Ф.Багушэвіча. У кнізе аповесцей і апавяданняў «Цар — зэк Сямён Івашкін» (1992) падзеі перыяду рэпрэсій. Аўтар рамана «Вяртанне ў агонь» (1978), зб-каў гумарэсак і апавяданняў «Паляванне на львоў» (1970), «Лёгкая рука» (1979), сцэнарыяў фільмаў маст. «Ветразі майго дзяцінства» (1982) і тэлевізійнага «Незнаёмая песня» (1983). Пераклаў на бел. мову казку Р.Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос», апавяданні лат. і літ. пісьменнікаў.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1979;
Бацькава шабля: Аповесць і апавяданні. Мн., 1982;
Чэкістам стала вядома: Аповесць, апавяданні. Мн., 1985;
Стрэл у акно: Аповесці і апавяданні. Мн., 1988.
Літ.:
Баруздин С. О Василии Хомченко // Баруздин С. Заметки о детской литературе. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХАН Дарафей Дарафеевіч (4.2.1878, Мінск — 1942),
рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ.«Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял.Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел.нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).
Літ.:
Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;
Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;
Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;
Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЦЫЙ (Grotius) Гуга (сапр.дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус.пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІКанвенцыя 1925 аб асноўных прынцыпах узаемаадносін,
падпісана ў Пекіне 20 студз. Паводле яе паміж СССР і Японіяй устанаўліваліся дыпламат. адносіны; Японія абавязалася да 15.5.1925 вывесці свае войскі з Паўн. Сахаліна; бакі дэкларавалі імкненне жыць у міры і дружбе і абавязаліся ў сваіх адносінах зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. СССР пагадзіўся, што Портсмуцкі мірны дагавор 1905 застаецца ў сіле. Бакі дамовіліся аб пераглядзе рас.-яп. пагадненняў, якія закраналі пытанні гандлю, эканомікі і рыбалоўства (гл.Руска-японскія дагаворы і пагадненні). Пагадненне 1939 аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне Халхін-Гола, падпісана 15 ліст. ў Маскве. Паклала канец Халхін-Гольскаму канфлікту 1939, зафіксаваўшы аднаўленне граніцы Манг.Нар. Рэспублікі, як да пач. канфлікту. Пакт 1941 аб нейтралітэце, падпісаны 13 крас. ў Маскве. Паводле яго бакі абавязаліся падтрымліваць мірныя і дружалюбныя адносіны адзін да аднаго; узаемна паважаць цэласнасць тэрыторыі адзін аднаго; у выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з адной або некалькімі трэцімі дзяржавамі інш. бок абавязаўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго канфлікту. Скасаваны з уступленнем 9.8.1945 СССР у вайну з Японіяй. Савецка-японская сумесная дэкларацыя 1956, падпісана 19 кастр. ў Маскве. Спыняла стан вайны, які існаваў паміж СССР і Японіяй з 9.8.1945; паміж дзвюма дзяржавамі аднаўляліся дыпламат. адносіны; прадугледжвалася, што ў магчыма кароткі тэрмін паміж СССР і Японіяй пачнуцца перагаворы аб усёабдымным мірным урэгуляванні; пасля такога ўрэгулявання СССР абавязаўся перадаць Японіі а-вы Шыкатан і Хабамаі з Курыльскіх астравоў (пазней СССР адмовіўся ад гэтага абавязку ў аднабаковым парадку); СССР пагадзіўся на рэпатрыяцыю ўсіх яп. грамадзян, якія былі асуджаны на сав. тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУШЭ́ВІЧ Дзмітрый Сілыч (13.11.1882, г. Капыль Мінскай вобл. — 28.6.1938),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. З 1901 працаваў у канцылярыях станавых прыставаў у Брагіне, Капылі, в. Юравічы Рэчыцкага пав. У 1904—06 у Амерыцы, у 1906—07 і ў 1914—17 у арміі. Са студз. 1918 сакратар Слуцкага пав. аб’яднання кааператываў. За прапаганду сярод ням. салдат у сак.—маі 1918 зняволены ў канцлагер. З вер. 1918 рэдактар, пам. загадчыка, заг. аддзела Белнацкома. Са студз. 1919 камісар сац. забеспячэння ў Часовым рэв. рабоча-сял. урадзе БССР. З сак. 1919 чл. калегіі Наркамата сац. забеспячэння Літ.-Бел. ССР, з мая старшыня Капыльскага і Клецкага вал. выканкомаў. З вер. 1919 сакратар пав. выканкома, адначасова сакратар рэўкома, старшыня пав.к-та партыі, заг. зямельнага аддзела г. Духаўшчына Смаленскай губ. З лют. 1922 старшыня Ігуменскага пав. выканкома, з вер. 1923 сакратар Ігуменскага пав.к-та партыі. З сак. 1924 нарком унутр. спраў БССР, са жн. 1924 сакратар ЦВКБССР, са жн. 1927 старшыня Упраўлення дзярж. страхавання БССР. З пач. 1930-х г.нам. дырэктара Ін-та л-ры, мастацтва і мовы Бел.АН, пазней у Мінскім аддз.Бел. канторы Усесаюзнага акц.т-ва па забеспячэнні сельскай гаспадаркі сродкамі вытворчасці. Чл.ЦВКБССР у 1919, 1921—31, чл. Прэзідыума ЦВК 1924—27. Чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР (1919). Канд. у чл. Кантрольнай камісіі КП(б)Б у 1923—24, чл. Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1925—27, чл.ЦККП(б)Б у 1929—30. 25.1.1938 арыштаваны і неабгрунтавана асуджаныВаен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР (Hitler) Адольф (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),
фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг.Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл.Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр.СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.
Літ.:
Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;
Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІН Міхаіл Сяргеевіч (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.