горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваныням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЭ́РТА-РЫ́КА (Puerto Rico),
Садружнасць Пуэрта-Рыка (ісп. Estado Libre Asociado de Puerto Rico, англ. Commonwealth of Puerto Rico), уладанне ЗША у Вест-Індыі, на аднайм. востраве (пл. 8,6 тыс.км²) і суседніх невял. астравах. Агульная пл. 9,1 тыс.км². Нас. 3916 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — ісп. і англійская. Адм. ц. — г.Сан-Хуан. Краіна падзяляецца на 78 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Прырода. Праз увесь востраў з З на У цягнецца хр. Кардыльера-Сентраль выш. да 1338 м (г. Пунта); уздоўж паўн. і паўд. берагоў раўніны і нізіны. На ПнЗ развіты карст. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: медныя, нікелевыя, марганцавыя руды, золата, каменная соль, мармур і інш. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры ў прыбярэжных раёнах 24—28 °C, у гарах на некалькі градусаў ніжэй. Ападкаў 1400—2500 мм за год на Пн і У, каля 900 мм на Пд і З, выпадаюць пераважна ў летне-асенні перыяд. У канцы лета бываюць ураганы. Рэкі кароткія, напаўняюцца вадой пасля ліўневых дажджоў. Вял. плошчы пад пусткамі. Натуральная расліннасць захавалася месцамі ў гарах. Пад лесам і хмызнякамі каля 16% тэрыторыі. На паўн. схілах гор — пальмы, дрэвы з каштоўнай драўнінай, каўчуканосы, на паўд. — засухаўстойлівыя хмызнякі і рэдкалессі. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Лукільё.
Насельніцтва. Больш за 99% складаюць пуэртарыканцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з неграмі і мясц. індзейцамі. Жывуць таксама амерыканцы ЗША і інш. Паводле антрапалагічнага складу каля 73% — белыя, каля 23% — мулаты, каля 4% — негры. Вернікі католікі (больш за 85%) і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 0,6% (2000). Сярэдняя шчыльн. каля 440 чал. на 1 км². Найб. населены прыбярэжныя раёны (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Сан-Хуан — 439,6 (з прыгарадамі і суседнімі гарадамі больш за 1 млн.ж.), Баямон — 236,7, Понсе — 193,6, Караліна — 192,1. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве і на транспарце — 8%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у сферы паслуг — каля 69%. Адбываецца пастаянная эміграцыя ў ЗША, там жыве каля 2,7 млн. пуэртарыканцаў (найб. у Нью-Йорку).
Гісторыя. Востраў заселены ў 1-м тыс.н.э. плямёнамі індзейцаў-аравакаў, якія называлі яго Борыкен. Адкрыты ў 1493 Х.Калумбам, які назваў яго Сан-Хуан-Баўтыста. У 1508 заваяваны іспанцамі на чале з Х.Понсе дэ Леонам. Ён заснаваў г. Пуэрта-Рыка (ісп. багаты порт), назва якога пазней перайшла на ўвесь востраў. У выніку таго, што да сярэдзіны 16 ст. індзейскае насельніцтва тут было амаль поўнасцю вынішчана іспанцамі, пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі. У 1835, 1838 і 1868 тут адбыліся паўстанні з патрабаваннем незалежнасці. У 1897 П.-Р. атрымаў абмежаваную аўтаномію з захаваннем вярх. улады ісп. губернатара. У часе іспана-амерыканскай вайны 1898акупіраваны ЗША і адышоў пад іх уладу паводле Парыжскага мірнага дагавора (снеж. 1898). У 1900 утвораны мясц.заканад. орган — кангрэс П.-Р., але вышэйшая ўлада належала губернатару, які прызначаўся ўрадам. ЗША. Пазней П.-Р. атрымаў статус «арганізаванай, але не ўключанай у склад ЗША тэрыторыі», а яе жыхары — права амер. грамадзянства без прадстаўніцтва ў кангрэсе. У 1947 жыхары П.-Р. атрымалі права выбару губернатара. Паўстанне 1950 за незалежнасць П.-Р. задушана войскамі ЗША, але канстытуцыя 1952 абвясціла П.-Р. «свабодна далучанай да ЗША дзяржавай».
У паліт. жыцці П.-Р. з 1960-х г. дамінуюць Нар.-дэмакр. партыя, якая стаіць за захаванне цяперашняга статуса вострава, і Новая прагрэс. партыя, якая выступае за яго далучэнне да ЗША у якасці штата. На рэферэндумах 1967, 1993 і 1998 б.ч. пуэртарыканцаў выказалася за захаванне цяперашняга статуса П.-Р.
Гаспадарка. П.-Р. параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 38,1 млрд.дол. (каля 9,7 тыс.дол. на 1 чал.). У эканоміцы дамінуюць амер. кампаніі. Прадукцыя паступае ў ЗША без мытных пошлін, што дае вытворцам дадатковыя перавагі. Прам-сць дае 45% ВУП, сельская гаспадарка — 1%, абслуговыя галіны — 54%. У прам-сці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Невял. здабыча марганцавых і медных руд, золата, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 17,8 млрд.кВт∙гадз (1998), 98% на ЦЭС, якія працуюць на імпартаванай нафце. Найб. развіты нафтаперапр., нафтахім., хім., фармацэўтычная, электронная, эл.-тэхн. галіны. Меншае значэнне маюць харч. (вытв-сць цукру, рому, сокаў, фруктовых і рыбных кансерваў), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная, шкляная і керамічная прам-сць, выраб упрыгожанняў і цацак. Шмат прадпрыемстваў па зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў быт. тэхнікі. Саматужная вытв-сць вышывак, карункаў і вязаных вырабаў. Асн. цэнтры прам-сці: Сан-Хуан, Баямон, Понсе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 460 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 130 тыс.га (каля 40 тыс.га арашаецца), пад пашай і лугамі каля 330 тыс.га. На ўзбярэжжы ёсць плантацыі экспартных культур, ва ўнутр.ч. вострава — дробныя сялянскія гаспадаркі памерам 0,4—1,7 га. Больш за 60% с.-г. прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пераважае мясны кірунак, у раёне Сан-Хуана — малочны. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — каля 600, свіней — каля 200, курэй — больш за 10 000. Развіваецца рыбалоўства і лоў крэветак (каля 100 тыс.т штогод). У земляробстве найб. значэнне маюць экспартныя культуры: цукр. трыснёг, тытунь, ананасы, кава, бананы. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, кукурузу, агародніну. Унутраны транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 14,4 тыс.км, чыгунак 96 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Сан-Хуан, Гуаяма, Плая-дэ-Понсе. У краіне 21 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. (каля гарадоў Сан-Хуан і Агуадылья). У 1999 экспарт склаў 34,9 млрд.дол., імпарт — 25,3 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафтапрадукты, хім. і фармацэўтычныя тавары, электроніка, адзенне, рыбапрадукты, цукар; у імпарце — нафта, хімікаты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Гандаль пераважна з ЗША (88% экспарту, 60% імпарту), Венесуэлай (імпарт нафты), Японіяй, Дамініканскай Рэспублікай. Краіну наведваюць штогод больш за 4 млн. турыстаў (75% з іх з ЗША). Штогадовыя расходы турыстаў у краіне больш за 2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Пуэрта-Рыка.Ландшафт унутраных раёнаў Пуэрта-Рыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСК,
горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс.ж. (1995).
Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.Радзівіла (гл.Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл.Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваныням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс.ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс.ж.
Хім.прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр.прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч.прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв.дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сцьбуд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.
Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр.б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.
Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус.тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.Савіна і В.Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус.нар.т-р пад кіраўніцтвам А.Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж.рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн.муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-рмуз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл.Бабруйская кераміка). Помнікі: С.М.Халтурыну, В.З.Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял.Айч. Вайны.
Цэнтральная плошча ў Бабруйску.Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.Да арт.Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83акупіраваныбрыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваныням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),
Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваныфранц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎ,
горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс.ж. (1998).
Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст.М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял.кн.ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял.кн.ВКЛСвідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн.Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваныфранц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс.ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв.арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач.Вял.Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваныням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс.чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.
Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл.Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл.Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл.Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл.Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл.Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл.Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач.Вял.Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.
Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал.нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл.Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн.Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед.ін-т; гл.Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн.пед. тэхнікум (гл.Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв.вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял.Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл.Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн.Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл.Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч.г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам.ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац.маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.
Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст.н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст.тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр.ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн.ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл.драм.т-ра сфарміравалася Тэатральная пл.Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.
У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах.ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд.ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр.ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш.ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх. А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.
У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл.Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ.«Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час.«Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед.час.«Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв.к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).
У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ.газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач.Вял.Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп.газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп.арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).
Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў.
Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».
Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш.бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб.бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач.Вял.Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.
Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл.Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел.нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж.гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш.Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел.сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв.т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав.т-р (1919), рус.драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.
Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст.муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм.т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..
Літ.:
Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;
Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986;
Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;
Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;
Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваныням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.