МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧНІ́К,

прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар, і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.

На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл. Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл. Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл. Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;

Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус. Мн., 1996;

Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар. навук.-практыч. канф. Мн., 2000.

Я.​М.​Сахута.

Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.
Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.
Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.
Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.
А.​Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.

т. 13, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст. н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.

2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў, Г.​А.​Маслыка (права).

Да арт. Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.

Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш. Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл. Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.

На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл. Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).

Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.

Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.

Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.​Бажова ў г. Сысерць (Расія).
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. каго. Пасадзіць на другое месца; прымусіць, памагчы перасесці. Перасадзіць вучня на пярэднюю парту. □ Вера перасадзіла Уладзіка на левую руку і дастала з бакавой кішэні ключ. Кулакоўскі. // Перамясціць, памагчы перайсці з аднаго транспарту на другі. Перасадзіць пасажыраў з аўтобуса на тралейбус. // Перавесці на якую‑н. іншую работу або на іншае месца работы. У часе вайны Яўгенію Лучанок перасадзілі з трактара-тралёўшчыка на лесавоз. Сабаленка. // Перавесці для ўтрымання ў другое месца, памяшканне. Перасадзіць птушку ў другую клетку. □ Віця тым часам выняў з Міколавага кошыка трусіка і перасадзіў яго ў свой. Скрыпка.

2. што. Выкапаўшы, пасадзіць (расліну) у другім месцы. Перасадзіць капусту. Перасадзіць вагон. □ Рабіны гэтыя некалі бацька перасадзіў з лесу. Хомчанка. // Перанесці (частку косці, тканкі, орган) для прыжыўлення на другім месцы або ў другім арганізме. Перасадзіць нырку.

3. што. Насадзіць, надзець на што‑н. іншае. Перасадзіць сякеру на другое тапарышча.

4. каго. Падняўшы, перамясціць цераз што‑н., памагчы пералезці цераз што‑н. Перасадзіць дзіця цераз парог.

5. перан.; на што. Разм. Пачаць карміць чым‑н. другім. Перасадзіць на малочную страву. □ Дзён пяць мы харчаваліся нішто: быў яшчэ сякі-такі запас прадуктаў. А потым .. перайшлі на Барысава ўтрыманне. Перш-наперш ён перасадзіў нас на чай. Асіпенка.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перасадзіць усе дрэвы. Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей. □ Да нас прыехаў ляснічы Пятро Максімавіч, дзядзька Косця. Яны заставаліся ў нас, пакуль мы не перасадзілі ўсіх сасонак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́сткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хістаецца, ківаецца, пакалыхваецца. На хісткай галінцы крушыны, узмахваючы крылцамі, сядзела птушка. Мележ. Люблю над картай пасядзець, люблю Чытаць геаграфічныя запіскі. І кожнаму зайздрошчу караблю І палубам, прасоленым і хісткім. Панчанка. І мы, каб не перашкаджаць людзям, якія ўжо заняты думкамі пра мора, па хісткіх дошках.. сыходзім на бераг. Сіпакоў. // Няўстойлівы, нетрывалы, які лёгка прыходзіць у рух з-за сваёй зношанасці, трухлявасці і пад. Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Над.. [рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі, і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў. // Які дрыжыць, мігціць (пра агонь, святло і пад.). Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. Грахоўскі. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра паходку, крок). Тады Люба рашуча адарвала свае рукі ад .. [Петрака] і хісткім крокам пайшла. Асіпенка.

2. перан. Ненадзейны, няпэўны; малапераканальны. Хісткае становішча. Хісткія падставы. □ Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе гэтыя доказы вельмі і вельмі хісткія. Ніхто і нідзе не мог прывесці прамога доказу непасрэднага ўдзелу інжынера ў чыгуначных дыверсіях. Лынькоў. Абое яны — дзядзька і цётка — усё яшчэ таілі хісткую надзею. Васілевіч. // Непастаянны ў сваіх поглядах, учынках і пад.; які лёгка паддаецца іншым уплывам. [Лабановіч:] — Я, аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме. Колас. Селянін у прозе Якуба Коласа так ці інакш цікавіцца рэвалюцыяй, усведамляе новыя сацыяльныя ідэі, якія яна несла, але рэвалюцыянер з яго яшчэ даволі хісткі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, С.​Крыўца, А.​Стаповіча, М.​Машары, У.​Самойлы, публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, А.​Станкевіча, В.​Харужай, навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка, М.​Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.​Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.​Луцкевіч, А.​Станкевіч, А.​Уласаў, П.​Валошын, П.​Мятла, М.​Бурсевіч, Альшэўскі, М.​Арэхва, Я.​Бабровіч, І.​Дабрыян, А.Данялюк, М.​Дворнікаў, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, Г.​Муха-Мухноўскі, А.​Лябецкая, Ф.​Стацкевіч, М.​Пяткевіч, Паўловіч, М.​Кепель, П.​Кізевіч, А.​Канчэўскі, І.​Лагіновіч (П.​Корчык), І.​Малец, С.​Панкова, С.​Прытыцкі, Родзевіч, І.​Сяменікаў, А.​Федасюк, Харужая, У.​Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.​П.​Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)