КАБЗА́Р,
украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.Кабзар, Д.Бандурка, В.Варчанка, П.Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.Шут, І.Краўчанка-Крукоўскі, А.Верасай, Ф.Халодны, М.Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.Кучугура-Кучарэнка, Ф.Кушнерык, П.Носач, Я.Моўчан, П.Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр. маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел. нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.
Літ.:
Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)