нямецкі філосаф, заснавальнік т.зв. крытычнай (новай) анталогіі. З 1920 праф. філасофіі ва ун-тах Марбурга, Кёльна, Берліна, Гётынгена. Напачатку быў паслядоўнікам марбургскай школы неакантыянства, потым распрацаваў анталагічную канцэпцыю, якая ўяўляе сабой мадэрнізацыю арыстоцелеўска-схаластычнага вучэння пра быццё («Новыя шляхі анталогіі», 1942), развіў вучэнне пра слаістую структуру быцця як іерархіі 4 якасна розных пластоў: неарганічнага і арганічнага, душэўнага і духоўнага. На аснове сваёй анталогіі пабудаваў натурфіласофію, філасофію аб’ектыўнага духу, этыку разам з тэорыяй «каштоўнасцей», эстэтыку і тэорыю пазнання. У яго філасофіі праяўляюцца рысы ірацыяналізму і агнастыцызму. Асн. творы: «Этыка» (1925), «Да абгрунтавання анталогіі» (1935), «Філасофія прыроды» (1950), «Эстэтыка» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1992 як установа культуры Гродзенскага гарвыканкома. Арганізатар і маст. кіраўнік А.Бандарэнка, з 1996 — А.Саладухін. У складзе капэлы камерныя хор (дырыжор Л.Іконнікава) і аркестр (дырыжор У.Борматаў), інстр. ансамбль салістаў, салісты-вакалісты. У праграмах капэлы муз. творы розных стыляў, эпох і жанраў, ад камерных (рамансы, інстр. п’есы) да сімфанічных і вак.-сімфанічных (сімфоніі, кантаты, араторыі), старадаўніх і сучасных бел. кампазітараў, рус. і зах.-еўрап. класікаў 17—20 ст., духоўная музыка, бел.нар. песні і інш. Мае на мэце адраджэнне і развіццё традыцый бел.муз. мінуўшчыны, прапаганду лепшых узораў бел. і сусв.муз. мастацтва, культ.-асв. і выдавецкую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ, генетычны фон,
комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ,
галіна гігіены, якая вывучае дзеянне радыеактыўных рэчываў і іанізуючых выпрамяненняў на арганізм чалавека з мэтай распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў радыяцыйнай бяспекі. Ажыццяўляе кантроль за радыяцыйнай чысцінёй прыроднага асяроддзя і харч. прадуктаў, распрацоўвае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў і ўзроўняў апрамянення ў розных умовах жыццядзейнасці чалавека, вывучае ўмовы працы і стан здароўя асоб, якія працуюць з радыеактыўнымі рэчывамі і крыніцамі іанізуючых выпрамяненняў, распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні забруджвання знешняга асяроддзя радыеактыўнымі рэчывамі. Сан. правілы ў галіне гігіены радыяцыйнай рэгулююцца спец. нарматыўнымі дакументамі. Кантроль за радыяцыйнай бяспекай ажыццяўляюць радыелагічныя лабараторыі і групы пры абл., гар. і раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг.муз. часткі Магілёўскага абл.драм.т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф.арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛЕР (Сямён Яфімавіч) (Хаймавіч; 15.6.1909, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 21.5.1983),
фізікахімік і біяфізік. Праф. (1846). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1930), працаваў у ім і адначасова ў розныхНДІАНСССР. Навук. даследаванні па біяарган. хіміі і малекулярнай біялогіі. Распрацаваў статыстычную тэорыю ланцуговых малекул з абмежаванай гнуткасцю (разам з Я.І.Фрэнкелем; 1939), тэорыю глабулярнай будовы бялку (разам з Д.Л.Талмудам; 1945), тэорыю храматаграфіі многавалентных іонаў на палімерных сарбентах (1950—55). Аўтар кніг «Радыеактыўныя элементы» (1949), «Фізіка і хімія макрамалекул» (1965, разам з Б.Л.Ерусалімскім).
Тв.:
Введение в молекулярную биологию. 2 изд. М.; Л., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я СВІДРАВІ́НА,
цыліндрычная горная вырабатка, створаная з дапамогай буравых інструментаў. Пачатак буравой свідравіны наз. вусцем, канец — забоем, бакавую паверхню — сценкай. Бываюць геолагаразведачныя (пошукавыя, структурныя, апорныя і інш.), эксплуатацыйныя (для здабычы нафты, газу, вады, расолаў), дапаможныя (назіральныя, вентыляцыйныя і інш.) і спецыяльныя (для размяшчэння зарадаў выбуховых рэчываў, замарожвальныя, дрэнажныя і інш.). Бураць буравыя свідравіны з паверхні сушы ці мора, з падземных горных вырабатак у розных напрамках: вертыкальным (уверх або ўніз), гарызантальным або нахільным з пастаянным або пераменным вуглом нахілу. Для стварэння буравой свідравіны выкарыстоўваюцца розныя тыпы буравых установак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД ((Wood) Генры Джозеф) (3.3.1869, Лондан — 19.8.1944),
англійскі дырыжор. Д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1926). Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1886—88), выкладаў у ёй (з 1923). З 1889 працаваў у розных оперных трупах. Арганізатар і кіраўнік «Праменад-канцэртаў» (з 1895) і інш. агульнадаступных сімф. канцэртаў, у т. л. «нядзельных». Дырыжыраваў на шматлікіх англ.муз. фестывалях, у т. л. Гендэлеўскіх у Лондане (з 1908). Выступаў з лепшымі аркестрамі свету, кіраваў Бостанскім сімф. аркестрам (1918). Стварыў шматлікія апрацоўкі для аркестра, фп. і інш. творы. Аўтар кн. «Аб дырыжыраванні» (1945, рус.пер. 1958). Муз. і літ. творы падпісваў псеўд. П.Кляноўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.