СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДКО́ВА,

вадасховішча ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., за 4 км на З ад в. Судкова. Створана ў 1982. Пл. 1 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,2 м, аб’ём вады 3 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,1 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Віць па напорным трубаправодзе пры дапамозе помпавай станцыі, забіраецца вада праз донны вадавыпуск у целе дамбы. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 15, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНАВЫ РУХАВІ́К,

рухавік, які забяспечвае рух судна (гал. рухавік) або дзеянне яго электрагенератараў, вентылятараў, помпаў і інш. (дадатковы рухавік). Першым С.р. была паравая машына, пасля — дызель, паравая турбіна, газавая турбіна, электрычны рухавік, рухавік знешняга згарання (Стырлінга рухавік).

Працуюць С.р. пераважна на вадкім паліве, таксама на ядз. гаручым (ядзерныя сілавыя ўстаноўкі т.зв. атамаходаў). Перадача энергіі ад гал. С.р. на суднавы рухач — прамая (непасрэднае злучэнне рухавіка з грабным валам), праз рэдуктар (зубчасты або гідраўлічны) або электрычная (ад электрагенератара С.р. да электрарухавіка грабнога вала).

т. 15, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕГЕРМА́НСКІ КАНА́Л,

суднаходны канал у Германіі, які злучае рэкі Эмс, Везер і Эльбу, а праз сістэму каналаў — р. Рэйн з р. Одэр. Даўж. 325 км, мінім. глыб. 3 м; 3 шлюзы, суднапад’ёмнікі, прапускае судны грузапад’ёмнасцю да 1 тыс. т. Адкрыты ў 1938. Канал мае адгалінаванні на Оснабрук, Місбург, Ліндэн, Гільдэсгайм, Зальцгітэр. У 1976 ад С.к. пабудаваны Эльбскі абвадны канал (канал Поўнач—Поўдзень) ад г. Вольфсбург да нізоўяў р. Эльба і далей да ўзбярэжжа Паўн. мора (г. Любек). Гал. парты: Оснабрук, Гановер, Браўншвайг, Берлін.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНССУДА́Т (ад транс... + лац. sudare сачыцца),

вадкасць, якая назапашваецца ў тканкавых шчылінах і поласцях цела жывёл і чалавека пры ацёках — у выніку парушэння крова- і лімфазвароту.

Бясколерная або бледнавата-жоўтая празрыстая вадкасць, бедная бялком, па саставе солей набліжаецца да плазмы крыві. Удз. в. 1006—1020. Утвараецца ў выніку пранікнення сывараткі крыві праз сценкі крывяносных капіляраў пры павышэнні іх пранікальнасці (пры недастатковай дзейнасці сэрца, нырак, цырозе печані і інш.). Т. лёгка інфіцыруецца і ператвараецца ў эксудат (гл. Выпат).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́КТАНДЭР (Тэктандэр фон дэр Ябель) Георг

(1570—1614),

нямецкі дыпламат, падарожнік. У 1602—03 удзельнічаў у пасольстве імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Рудольфа II да перс. шаха Абаса I (сакратар, пасля пасол). Аўтар дарожных нататкаў пра пасольства, якое рухалася з Чэхіі праз Польшчу, Беларусь і Маскоўскую дзяржаву. Даў звесткі пра Гродна, Вільню, Мінск, Оршу.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие в Персию через Московию 1602—1603 гг. (разам з С.​Какашам) // Чтения в О-ве истории и древностей российских. 1896. Кн. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНІІДО́ЗЫ,

глісныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітамі-тэніідамі — стужачнымі чарвямі. У чалавека найб. пашыраны тэніёз (узбуджальнік свіны цэпень), тэніярынхоз (узбуджальнік бычыны цэпень), цэнуроз. Заражэнне ад спажывання недастаткова тэрмічна апрацаванага мяса свіней і буйн. раг жывёлы, інвазіраванага лічынкамі (фінамі) паразітаў. Узбуджальнікі раздражняюць нерв. канцы кішэчніка і выклікаюць інтаксікацыю арганізма. Прыкметы: ірвота, боль у жываце, запоры або паносы. Лячэнне: проціглісныя сродкі. У жывёл заражэнне адбываецца праз забруджаныя кармы і ваду. Драпежнікі заражаюцца пры паяданні ўнутр. органаў жывёл з лічынкамі ўзбуджальнікаў.

т. 16, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УАЛЬЯ́ГА (Huallaga),

рака ў Перу, правы прыток р. Мараньён (бас. р. Амазонка). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі на ўсх. схілах Зах. Кардыльеры. Цячэ паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, утварае 42 парогі, у ніжнім цячэнні прарываецца праз Усх. Кардыльеру і выходзіць на Амазонскую нізіну. Разводдзе з вер. да сак., у ніжнім цячэнні пад’ём вады да 6—7 м. Сярэдні расход вады каля 3500 м³/с. Суднаходная да г. Юрымагуас (250 км ад вусця). На У. — г. Уанука.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНО́ГРАФ (ад фон + ...граф),

апарат для механічнага запісу і ўзнаўлення гуку. Вынайдзены ў 1877 Т.Эдысанам. У час запісу гуку звязаная з мембранай іголка рухаецца па вінтавой лініі на паверхні цыліндрычнага валіка, укрытага фольгай ці воскам, і выціскае на ёй канаўку пераменнай глыбіні. Пры ўзнаўленні запісу іголка рухаецца па канаўцы, робячы вымушаныя ваганні, а звязаная з ёю мембрана адпаведна ўзнаўляе гук праз рупар. Да 1920-х г. выкарыстоўваўся для запісу твораў муз. фальклору. Правобраз грамафона, патэфона і інш. прылад мех. гуказапісу.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАР ІВА́НАВІЧ (31.5.1557, Масква — 17.1.1598),

расійскі цар [1584—98], апошні з дынастыі Рурыкавічаў. Сын цара Івана IV і Настассі Захар’інай-Юр’евай (праз яе Раманавы лічыліся сваякамі Рурыкавічаў). Замест няздольнага Ф.І. краінай кіраваў Рэгенцкі савет, а з 1587 — Барыс Гадуноў (брат жонкі цара Ірыны). Пры Ф.І. аднаўлялася падарваная Лівонскай вайной 1558—83 і апрычнінай гаспадарка краіны, узмацнілася запрыгоньванне сялян (гл. Запаветныя гады); у 1590—93 у Швецыі адваяваны прыбалт. і карэльскія землі, страчаныя ў выніку Лівонскай вайны; да Расіі далучана Зах. Сібір (1590-я г.).

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)