КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш. гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),

буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс. км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс. км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн. ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс. км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял. трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.

Літ.:

Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;

Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.

А.​М.​Матузка.

Усходні бераг Каспійскага мора.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст. маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.​Фальканэ), К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.​Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.​Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.​Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.​Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.​Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.

На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст. вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял. Айч. вайны: помнікі В.​І.​Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.​Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.​Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.​Селіханаў), экіпажу самалёта М.​Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.​Анікейчык, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.​Арцімовіч, М.​Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.​Купалу (скульпт. Анікейчык, А.​Заспіцкі, Л.​Гумілеўскі, арх. Ю.​Градаў, М.​Левін). Я.​Коласу (скульпт. З.​Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.​Багдановічу (1982, скульпт. С.​Вакар, арх. Л.​Маскалевіч) у Мінску, Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, арх. В.​Марокін), С.​Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.​Гарбунова), Я.​Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.​Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.​Арэхаў, арх. Ю.​Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальная скульптура. В.​Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.
Да арт. Манументальная скульптура. С.​Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.

т. 10, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЎГАРАД,

горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. Драм. тэатр. Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.

У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл. Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст. наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.

У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б. дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.​Мікешын, арх. В.​Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.​Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.​Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.​Чарноў, арх. Г.​Ісаковіч).

Літ.:

Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;

Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;

М., 1970;

Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.

Да арт. Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.
Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́Р,

высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт. вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пдр. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.

Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб. рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 м найб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Памір. Пік Леніна.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),

выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.

Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.​Манэ, Гранвіль, Г.​Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.​Шэрэ, Т.​Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.​Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.​Муха ў Чэхіі і Францыі, О.​Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.​Бернхард у Германіі, М.​Касандр у Францыі, А.​Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.​Кольвіц, Дж.​Гартфілд (Германія), Л.​Мендэс (Мексіка), А.​Дайнека, Л.​Лісіцкі, Дз.​Маор, Кукрыніксы (Расія), І.​Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.​Маякоўскі, М.​Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.​Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.​Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.​Тамашэўскі, С.​Эйдрыгявічус, В.​Свежы, М.​Васілеўскі), Японіі (К.​Нагаі, С.​Фукуда, І.​Танака, М.​Тода), Чэхіі (К.​Мішак, В.​Растока).

На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.​Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.​Драздовіч, А.​Быхоўскі, Г.​Змудзінскі, П.​Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.​Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял. Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.​Волкаў, М.​Гуціеў, Л.​Замах, Т.​Ігнаценка, Л.​Кроль, Я.​Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.​Анемпадзістаў, У.​Васюк, С.​Войчанка, С.​Яўлампіеў, У.​Жук, Л.​Кальмаева, А.​Кітаева, У.​Крукоўскі, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, В.​Смаляк, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;

Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;

Zürich;

New York, 1994.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Плакат. С.​Войчанка, У.​Цэслер, А.​Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.
Да арт. Плакат. Г.​Мацур. Францыск Скарына. 1989.
Да арт. Плакат. Л.​Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.
Да арт. Плакат. А.​Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.
Да арт. Плакат. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Афган. 1989.

т. 12, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лі́па1 дрэва ліпы, Tilia L.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., ТС, Кіс.) і ліпа́ ’тс’ (смарг., віл., іўеў., воран., трак., Сл. паўн.-зах.), маг. лі́пнік ’тс’ (Кіс.), іўеў. ’ліпавы цвет’ (Сл. паўн.-зах.), ’кара, лыка’ (трак., навагр., Сл. паўн.-зах., ТС), лі́піна ’асобнае ліпавае дрэва’, ’драўніна з ліпы’ (Касп.; міёр., Нар. словатв.), ’белы, бяскроўны’ (Янк. III, Гарэц.), ’ліпавае лыка’ (Ян.), ’ліпа’ (лудз., Сл. паўн.-зах.), драг. лэ́па, пін. лы́па, лы́піна ’ліпа’ (КЭС). Укр., рус. липа, польск. lipa, палаб. lai̯po, луж. lipa, чэш. lípa, славац. lipa, славен. lípa, серб.-харв. ли̏па, макед. липа, липата, балг. липа́ ’тс’, страндж. ’лыка’. Прасл. lȉpa ’ліпа’. Найбольш блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. líepa, лат. liẽpa, ст.-прус. leip‑ (у тапоніме Leipiten), — якія з’яўляюцца роднаснымі да прасл. lьpěti ’прыклейвацца, ліпнуць, гарнуцца’, параўн. бел. ліпець (гл.), а таксама, відаць, кімр. llwyf ’ліпа, вяз’, ст.-грэч. (Гесіхій) ἀλίφαλος δρῦςвід дуба’ < і.-е. lēipa ’ліпа’ (Голамб, Зб. Якабсону, 1, 1967, 778; Махэк₂, 334). Матывацыя назвы дрэва — яго ліпкі сок (Міклашыч, 178 і інш.; Фасмер, 2, 499; Слаўскі, 4, 271; Скок, 2, 305; Бязлай, 2, 143). Паўн.-слав. lipъka. Сюды ж бел. ліповы, лі́павы (Шат., Сцяшк., Мат. Гом., ТС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ліпавый (Яруш., Бяльк.), ст.-бел. липовый ’зроблены з ліпы, адносіцца да ліпы’ (Булахаў, Гіст. прым., 117), лі́павіна ’адна ліпа’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ліпава́ты ’мяккі (пра драўніну)’ (ТС), лі́павец (Грыг.), лі́пка ’лыка з вяза’ (Маш.), лі́пнік ’лыка з ліпы’ (лун., Шатал., ТС), ’малады ліпняк’ (б.-каш., лун., Шатал., Мат. Гом., ТС), ліпнёг ’сушанае лісце ліпы’ (лаг., Жд. 2).

Лі́па2 ’пра нешта’ фальшывае, несапраўднае’ (ТСБМ). Запазычана з рус. арго зладзеяў (Ушакоў, 2, 66). Сюды ж лі́павы ’падроблены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́сны1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снищевід глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жа1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionneвід саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)