ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),

падатрад птушак атр. вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.

Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш. лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс. га).

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,

бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв. к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр. к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мі́німум

(лац. minimum)

1) найменшая велічыня, найменшая колькасць, самая нізкая ступень чаго-н. (параўн. максімум 1);

2) сукупнасць ведаў або мерапрыемстваў, неабходных у якой-н. галіне (напр. тэхнічны м., кандыдацкі м.);

3) мат. найменшае значэнне функцыі ў параўнанні з яе значэннямі ва ўсіх дастаткова блізкіх пунктах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перакава́ць, -кую́, -куе́ш, -куе́; -куём, -куяце́, -кую́ць; -ку́й; -кава́ны; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава або ўсіх, многіх.

П. каню пярэднія ногі.

П. усіх коней.

2. што. Перарабіць каваннем.

П. мячы на аралы (высок.).

3. перан., каго-што. Карэнным чынам змяніць, перавыхаваць (разм.).

П. свой характар.

|| незак. перако́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. перакава́цца, -кую́ся, -куе́шся, -куе́цца; -куёмся, -куяце́ся, -кую́цца; -ку́йся (да 3 знач.); незак. перако́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 3 знач.).

Па ходзе п’есы галоўны герой перакоўваецца.

|| наз. перако́ўванне, -я, н. і перако́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вало́га1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́пшы, лі́пші, паст. ле́пі ’лепшы’ (Гарэц., Мядзв., Грыг., Булг., Бяльк., Шат., Яруш., ТС, ТСБМ, КЭС, лаг.; рагач., КЭС). Укр. ліпший, рус. пск., смал. лепший, ц.-слав. лѣпшій, польск. lepszy, н.-луж. lěpšy, в.-луж. lěpši, чэш., славац. lepší ’лепшы’, палаб. lepše ’лепш’, серб.-харв. ље̏пши ’прыгажэйшы’, славен. lépši ’тс’, ’прыемнейшы’. Прасл. lěpjь, р. скл. lěpjьša, пасля (паводле аналогіі) развілася другасная форма lěpjьšii — вышэйшая форма ад lěpjь, прадстаўленай ва ўсіх слав. мовах. І.‑е. *loip‑os > прасл. lěpъ ’той, які прылягае, прыліпае’ > ’той, які падыходзіць’ > ’добры’ > ’прыгожы’ (Бернекер, 1, 711; Брукнер, 296; Покарны, 670; Фасмер, 2, 485; Слаўскі, 4, 168–169; Скок, 2, 297, Шустар-Шэўц, 827–828). Сюды ж ле́пшаць ’рабіцца лепшым’, ляпша́ць ’ачуньваць’ (Бяльк., Яруш., ТС), лепшыньнік ’рамонтнік’ (Юрч. Вытв.), лепшота́ ’выгада, карысць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нале́цце ’будучы год’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др., Юрч., Сл. ПЗБ), нале́цьця ’тс’ (Бяльк.; бялын., Янк. Мат.; чавус., Нар. сл.; Яўс.; віл., Жыв. сл.), нале́цце ’лета (наступнае)’ (Мат. Гом.). Сюды ж нале́та ’ў будучым годзе’ (Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), на‑ле́то ’на будучы год’ (Мядзв.), якія тлумачаць паходжанне слова. Цікавую паралель уяўляюць в.-луж. nalěćo, н.-луж. nalěto ’вясна’, якія Шустар-Шэўц (13, 985) выводзіць *na lěto, *na letьje ’час, калі паварочвае на лета’. Ва ўсіх гэтых выпадках пад летам разумеецца ’спрыяльная пара для палявых работ’, пра што сведчыць наступны тэкст у слоўніку Насовіча: Загадаю загадку; закину за грядку; нехай моя загадка лежыць до налецця, г. зн. сяўба жыта на зіму. Слова вядома таксама паўднёварускім гаворкам: нале́тье, нале́тие ’будучы год; будучае лета’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)