дале́й, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. далёка (у 1 знач.). Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. З нар.
2. Наперадзе, у пэўным аддаленні ад якога‑н. месца. Канчаецца хмызн[я]к і жыта, А далей узлескі, паляны. Колас. Далей, з боку паляны, на ігліцы і ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Мележ.
3. Затым, потым, у далейшым. [Суседзі] разумелі, што ўся дружба скончыцца, як толькі Сімон паедзе адгэтуль, і далей нічога добрага чакаць не выпадае. Самуйлёнак. Далей, як і ва ўсіх пісьмах, ішлі паклоны — кожнаму паасобку. Якімовіч.
4. Працягваючы пачатае. Чытаць далей. Вучыцца далей. Расказваць далей. // Болей, больш. Далей Люда не можа трываць: яна садзіцца .. і звонка смяецца. Брыль.
•••
Далей ад граху (бяды) — пра нежаданне ўвязвацца ў складаную непрыемную гісторыю. [Лявон], каб далей ад бяды, ускочыў у свой двор, зачыніў вароты і падпёр іх плечуком. Сабаленка.
Далей-болей — ужываецца, каб падкрэсліць далейшае нарастанне інтэнсіўнасці дзеяння, развіцця падзей і г. д.
Далей (ехаць, ісці) некуды гл. некуды.
Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.
І гэтак далей (скарочана і г. д.) — ужываецца ў канцы пералічэння як указанне на тое, што пералічэнне можа быць працягнута.
Не ісці далей гл. ісці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даро́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Памянш.-ласк. да дарога; вузкая дарога, сцежка. Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Колас. Неўзабаве на вочы трапілася вузенькая палявая дарожка. Якімовіч.
2. Спецыяльна зробленая для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад. Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. Колас. Вось ён злез і крочыць паркам Па дарожцы між прысад. Крапіва. // Доўгі вузкі след, пакінуты кім‑н., чым‑н. Дарожка лісіных слядоў.
3. Вузкі доўгі дыван; палавік. Шырокія калідоры засцелены лінолеумам і плюшавымі дарожкамі. «Беларусь». // Вузкая паласа з тканіны, карунак і пад., якая сцелецца зверху ў якасці аздобы. Усё чысценька, усё прыкрыта сурвэткамі, дарожкамі. Васілевіч.
4. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы. Лоўля на дарожку — гэта лоўля на блешню, якую цягнуць за сабой, плывучы па вадаёму на лодцы. Матрунёнак.
5. Вузкае доўгае паглыбленне на чым‑н.; жалабок, разорка.
•••
Бегавая дарожка — спецыяльная кругавая дарожка на стадыёнах, катках і пад., на якой праводзяцца трэніроўкі і спаборніцтвы ў бегу.
Лётная дарожка — паласа зямлі на аэрадроме, прызначаная для ўзлёту і пасадкі самалётаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аста́тні, ‑яя, ‑яе.
1. Які астаўся, іншы. Сцяпан Андрэевіч з брыгадай пайшоў адкопваць заводскія рэчы, а ўсе астатнія людзі ўзяліся за ачыстку галоўнага корпуса. Гурскі. / у знач. наз. аста́тнія, ‑іх. Чакаючы, пакуль падыдуць астатнія, хлопцы сядзелі на бярвеннях і, пыхкаючы цыгаркамі, вялі нетаропкія гутаркі, — адпачывалі. Шахавец. / у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. [Міхайлаў:] — У нашага чалавека .. ёсць здаровае і законнае жаданне — самому пажыць у камунізме. Ігнараваць гэта жаданне нельга. А астатняе прыйдзе само сабою. Карпаў.
2. Такі, за якім не ідзе другое; які знаходзіцца ў самым канцы шэрагу прадметаў, з’яў і пад.; апошні. Падходзь чужы і хатні Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Купала. // Перадсмяротны. Там карнікі паляць нявінных людзей, У гумны сагнаўшы іх разам, у стайні. Там крык разлягаецца немы, астатні, Старых, і жанчын, і маленькіх дзяцей. Зарыцкі.
3. Які застаўся к канцу; апошні. Усе гады, як пайшоў бацька на вайну, .. [маці] баялася і падумаць аб тым, каб спыніць сынаву вучобу. Намагалася з астатняй сілы. Якімовіч. // у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. Тое адзінае або невялікае, што засталося. Бедны астатнім падзеліцца. Астатняе аддала дзіцяці.
•••
З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́па, ‑ы, ж.
1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.
2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.
3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.
4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.
5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.
•••
Даць (сунуць) у лапу гл. даць.
Запусціць лапу ў што гл. запусціць.
Налажыць лапу на што гл. налажыць.
Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.
У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).
Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.
Як курыца лапай гл. курыца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.
2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.
3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую працягласць знізу ўверх; малы па вышыні; проціл. высокі. Нізкі рост. □ Цёмныя, нізкія хаты пад саламянымі стрэхамі яшчэ ніжэй туліліся да зямлі. Колас. Злева, за светла-сіняй стужкай Ціхай Лані, узвышаліся парослыя нізкім хмызняком узгоркі. Шашкоў. // Які знаходзіцца на невялікай адлегласці ад зямлі, якога‑н. узроўню. У ветраны дзень часцей бываюць нізкія воблакі. Грамовіч. У доме некалькі пакояў з нізкаю стол[л]ю. Чорны. // Які знаходзіцца ніжэй акаляючай мясцовасці. Хатка стаяла на самым канцы мястэчка на нізкім месцы. Бядуля.
2. Які не дасягнуў звычайнай сярэдняй нормы, пэўнага ўзроўню. Нізкая тэмпература. Нізкая цана. // Які не дасягнуў значная ступені развіцця. Нізкая кваліфікацыя. Нізкая культура. // Разм. Які займае нязначнае службовае становішча. Нізкая пасада.
3. Дрэнны па якасці або наогул дрэнны. Нізкі сорт паперы.
4. перан. Подлы, ганебны. Нізкі ўчынак. □ [Гушчын:] — Падхалім — гэта самы нізкі і самы страшны чалавек. Гурскі.
5. У класавым грамадстве — які не належыць да правячых колаў. Нізкае паходжанне.
6. Уст. Вельмі просты, не ўрачысты, не прыняты ў літаратуры (пра стыль мовы).
7. Невялікай вышыні (пра гукі, голас і пад.). Нізкі голас Васілісы гучыць мяккім пералівам. Васілевіч. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць 1 — праляцець (у 1 знач.).
2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».
пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.
1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.
2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.
1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.
2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.
3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страхо́цце, ‑я, н.
Разм.
1. Той, хто (або тое, што) наганяе страх, палохае. Ды і такі добрага страхоцця нагнаў на Віцю той дзядзька, што ехаў у канцы цягніка, — старшы з аховы. Нядзведскі. [Луцэвіч:] О, вы яшчэ, дзеткі, не знаеце пушчы. Яна пагоніць на чалавека такія страхоцці, што калі хто і знойдзе [кветку шчасця], дык пакіне і ўцячэ. Вітка. // Страшная, трагічная з’ява, падзея. Пра тое, што немцы спалілі наш Вялікі Лес, а людзей, насельнікаў вёскі, пагналі ў Нямеччыну — Вяргейчык, па ўсім відаць, яшчэ не ведаў, бо і на чужыну ён паехаў намнога раней, да таго страхоцця, што мы перажылі. Сачанка. // толькі мн. (страхо́цці, ‑яў). Страхі. Пра пана Прусака ў нас расказваюць цэлыя страхоцці. Якімовіч.
2. Пра каго‑, што‑н. пачварнае, брыдкае, што палохае сваім выглядам. — Ну і страшыдла! — заўважыў .. [Сяргей]. — Спаткаешся з такім ноччу дзе ў глухім месцы — падумаеш: здань. І як .. трымаюць такое страхоцце. Машара.
3. у знач. вык. Тое, што і страх (у 2 знач.). Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. Колас. // Вельмі многа. Хораша зімою ў бары. Толькі адно блага: снег глыбокі. Намяло сёлета — страхоцце адно. Савіцкі. — Палічы, колькі часу трэба чакаць, пакуль ты скончыш вучылішча, — страхоцце! Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́ма 1, ‑ы, ж.
1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.
2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.
стро́ма 2, прысл.
1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.
2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)