КІРАСІ́РЫ (ням. Kürassier ад франц. cuirassier латнік),

воіны цяжкай кавалерыі армій еўрап. краін канца 16 — пач. 20 ст. (у Расіі ў 1731—1917), якія мелі ў якасці засцерагальнага ўзбраення кірасу (адсюль назва) і каску, былі ўзброены палашом, карабінам і пісталетам. Прызначаліся для нанясення ў баі вырашальнага ўдару, атакавалі звычайна ў самкнутым баявым парадку. У шэрагу выпадкаў складалі адборны кав. рэзерв.

Да арт. Кірасіры. 1. Радавы кірасірскага палка. 1732—42. 2. Обер-афіцэр Ваеннага ордэна кірасірскага палка. 1813—14. 3. Радавы Маларасійскага кірасірскага палка. 1844—45. 4. Радавы лейб-кірасірскага пскоўскага палка. 1856. 5. Обер-афіцэр лейб-гвардыі коннага палка. 1910.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎ,

горад у Расіі, цэнтр Кіраўскай вобл., на р. Вятка. Вядомы з 1374, да 1781 наз. Хлынаў, да 1934 Вятка. 465 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (чыг. краны, станкі, с.-г. і лесапасадачныя машыны, дакладныя вымяральныя прылады і інструменты, пральныя машыны і інш.), хім. (шыны і інш.), мікрабіял. (кармавыя дрожджы), дрэваапр., лёгкая (штучнай скуры, гарбарна-абутковы, гарбарна-футравы камбінаты) і харчовая; вытв-сць глінянай дымкаўскай цацкі. 3 ВНУ. 3 т-ры. Музеі: краязнаўчы, маст. і вяцкіх маст. промыслаў. Дамы-музеі А.​С.​Грына, М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Арх. помнікі 17—19 ст. Перайменаваны ў гонар С.М.Кірава.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОС (ад англ. cross перасякаць),

спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.

Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС ЭКАНАМІ́ЧНЫ,

парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст. Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​В.​Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.​Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна).

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.​В.​Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРСК,

горад у Расіі, цэнтр Курскай вобл., на р. Сейм і яе прытоку Тускар. Вядомы з 1032 як крэпасць Кіеўскай Русі. 442,3 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (лічыльныя машыны, акумулятары, эл.-апаратура і інш.), хім. (хім. валакно, гумава-тэхн. і пластмасавыя вырабы), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ аховы глеб ад эрозіі. 4 ВНУ (пед., мед., с.-г., політэхн.). 3 т-ры (драм., юнага гледача, лялек). Філармонія. Цырк. Краязнаўчы музей, Ваенна-гіст. музей Курскай бітвы 1943. Карцінная галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст., у т. л. палаты баяр Рамаданаўскіх, Троіцкая царква.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Пётр Мікалаевіч) (8.3.1866, Масква — 14.3.1912),

расійскі фізік-эксперыментатар, стваральнік навук. фіз. школы ў Расіі. Скончыў Страсбургскі ун-т (1891). У 1892—1911 у Маскоўскім ун-це (з 1900 праф.). Навук. працы па эксперым. абгрунтаванні эл.-магн. тэорыі святла. Першым атрымаў міліметровыя эл.-магн. хвалі (1895) і даследаваў іх уласцівасці. Выявіў ціск святла на цвёрдыя целы (1899) і газы (1907) і правёў адпаведныя вымярэнні. Выканаў арыгінальныя эксперыменты па магнетызме вярчальных цел, выказаў гіпотэзу аб паходжанні каметных хвастоў. Яго імем названы Фіз. ін-т Рас. АН.

Тв.:

Собр. соч. М., 1963.

Літ.:

Сердюков А.Р. П.​Н.​Лебедев, 1866—1912. М., 1978.

П.М.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),

кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)