ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.

Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.

На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы».

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),

сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.

Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.

Да арт. Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЧНІ́СТАРАСЯ́НЫЯ ГРЫБЫ́ (Erysiphales),

парадак сумчатых грыбоў з групы пірэнаміцэтаў. Больш за 250 відаў і форм. На Беларусі каля 100. Найб. пашыраны віды з родаў: сфератэка, эрызіфе, левейлула, мікрасфера, падасфера, трыхакладыя, філактынія. Аблігатныя паразіты раслін, многія прыстасаваны да пэўнага віду. Узбуджальнікі мучністай расы. Утвараюць на лісці, зялёных парастках, кветках, пладах грыбніцу з органамі споранашэння накшталт мучністага налёту (адсюль назва).

Мучністая раса: 1 — канюшыны; 2 — яблыні; 3 — дуба; 4 — пшаніцы; 5 — агрэсту.

Міцэлій белы або шэры, прымацаваны да субстрату прысоскамі і гаўсторыямі, з дапамогай якіх пранікае ўнутр эпідэрмісу і паглынае пажыўныя рэчывы. У цыкле развіцця 2 стадыі: бясполая — канідыяльная (за вегетац. перыяд канідыі ўтвараюцца шматразова, распаўсюджваюцца ветрам, насякомымі і інш.) і палавая — сумчатая. Сумкі з аскаспорамі размяшчаюцца ў пладовых целах (клейстатэцыях), якія маюць шарападобны выгляд, ломкія, часта з прыдаткамі і без вусцейкаў. Сумкі па адной ці ў пучках з 2—3 аскаспорамі.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫ часціца-антычасціца,

адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.

Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл. Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ​+μ​ звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ​+μ​ вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл. Партоны).

В.​І.​Куўшынаў.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),

атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн. г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.

Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,

агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.

Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн. м²/сут.

Папераробная машына (1799, Н.​Л.​Рабер, Францыя): 1 — валікі; 2 — адціскныя ролікі; 3 — вібратар; 4 — канцавы валік; 5 — самачарпалка; 6 — авальны чан.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),

падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).

Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Парамфістамататы. Парамфістам іхікавеі.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІНАВО́ЧКІ, вочніцы,

сатурніды (Attacidae, або Saturniidae),

сямейства начных матылёў. Больш за 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я. Жывуць на раслінах. На Беларусі 2 віды: паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia, або Saturnia carpyni, — занесена ў Чырв. кнігу) і паўлінава вока рыжае начное (Aglia tau).

Размах крылаў да 25 см. Тулава тоўстае, укрытае пушыстымі валаскамі. На кожным крыле пасярэдзіне па адной яркай вочкавай пляме — т.зв. «паўлінавыя вочкі» (адсюль назва). Вусікі ў самцоў грабеньчатыя (звязана з моцным развіццём нюху — выяўляюць знаходжанне самак за некалькі кіламетраў), у самак кароткапілаватыя. Хабаток недаразвіты (матылі не кормяцца, жывуць да 2 тыдняў). Вусені масіўныя, пераважна зялёныя, са шматлікімі вырастамі і бародаўкамі, акукліваюцца ў шаўкавістых коканах Некат. П. разводзяць для атрымання шаўкавіны (айлантавы і дубовы шаўкапрады і інш.).

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Паўлінавочкі: 1 — паўлінава вока рыжае начное; 2 — паўлінава вока малое начное (а — самец; б — самка; в — вусень; г — кукалка).

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ ЧЭ́РВІ, нематгельмінты, нематэльмінты (Nemathelminthes, або Aschelminthes),

тып ніжэйшых чарвей (скаляцыд). 6 (7) кл.: валасні, гастратрыхі, калаўроткі, кінарынхі, круглыя чэрві, скрэбні і, магчыма, прыапуліды. Апісана больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразіты (раслін, жывёл, чалавека). Свабоднажывучыя насяляюць моры, прэсныя вадаёмы, глебу. Узбуджальнікі нематодных хвароб раслін, нематадозаў. На Беларусі адзначаюцца валасні, гастратрыхі, калаўроткі, круглыя чэрві.

Даўж. ад 0,04 мм да 8 м. Цела цыліндрычнае, нячленістае, верацёна- або ніткападобнае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Паміж скурнамускульным мяшком і кішэчнікам шырокая першасная поласць цела (адсюль назва). Кішэчнік з 3 аддзелаў: пярэдняй, сярэдняй і задняй кішкі з анальнай адтулінай. Выдзяляльная сістэма — відазмененыя скурныя залозы або протанефрыдыі. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага нерв. кальца і аднаго ці некалькіх падоўжаных нерв. ствалоў ці мазгавога нерв. вузла з адыходзячымі ад яго нервамі. Органы пачуццяў (вочкі, нюхальныя ямкі, органы дотыку) слабаразвітыя. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Большасць раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)