КРАЎН-ЭФІ́РЫ,

цыклічныя поліэфіры, у якіх атамы кіслароду злучаны этыленавымі масткамі. Найпрасцейшы К.-э. — 12-краўн-4 ці 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкан, мае 4 атамы кіслароду.

Вязкія вадкасці ці крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Утвараюць устойлівыя комплексы з катыёнамі металаў, пераважна шчолачных і шчолачназямельных. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўплываюць на іонную і субстратную пранікальнасць біял. мембран, а таксама на ферментныя сістэмы. Выкарыстоўваюць для канцэнтравання і раздзялення металаў, стварэння іон-селектыўных датчыкаў і мембран, як лек. прэпараты, пестыцыды, антыдоты.

Да арт. Краўн-эфіры. Структурная формула 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкану.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАСО́СКІ (Hippoboscidae),

сямейства круглашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. 21 род, больш за 200 відаў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца К. птушыная (Grataerina pallida), К. конская (Hippobosca equina), рунец авечы (Melophagus ovinus). Паразіты птушак і млекакормячых, некаторыя — пераносчыкі і рэзервуары ўзбуджальнікаў інвазійных хвароб.

Даўж. да 8 мм. Цела пляскатае, шырокае, ногі ўчэпістыя з зубчастымі кіпцюркамі. Ротавы апарат колючага тыпу. Крылы развітыя або рудыментарныя, ёсць бяскрылыя. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў целе самкі, нараджаюцца гатовымі да акуклівання.

Да арт. Крывасоскі. Рунец авечы.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Анатоль Васілевіч (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЕ́НКА Вольга Якаўлеўна (н. 11.11.1919, г. Канеў Чаркаскай вобл., Украіна),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. мастацтва (1941). Працавала ва Укр. драм. т-ры імя І.​Франко ў Кіеве. Сярод роляў: Катра («Не суджана» М.​Старыцкага), Алёна («Міраед, ці Павук» М.​Крапіўніцкага), Ганна («Украдзенае шчасце» І.​Франко), Андрамаха («Касандра»Лесі Украінкі), Вольга, Васіліна («Макар Дубрава», «Калінавы гай» А.​Карнейчука), Меланка («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Вара («Вішнёвы сад» А.​П.​Чэхава), Эўрыдыка («Антыгона» Сафокла), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЮ́КАВА Даркуль (н. 15.5.1919, с. Акцябрскае Сузакскага р-на Джалал-Абадскай вобл., Кыргызстан),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). З 1936 працавала ў кірг. т-рах юнага гледача, з 1941 у драматычным (абодва ў г. Фрунзе). Стварыла вобразы моцных духам жанчын, вострыя сатыр. партрэты, уладарныя характары: Акчаім («Сарынжы» К.​Эшмамбетава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.​Айтматава), Джаныл («Джаныл» К.​Малікава і Кутубаева), Айганыш («Курманбек» К.​Джантошава), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Ганерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно: «Салтанат» (1955), «Спёка» (1963), «Першы настаўнік» (1965), «Белы параход» (1976).

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́НІНА Марына Аляксееўна (н. 24.6.1908, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. СССР (1950). Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1933). У 1933—35 актрыса МХАТ. У кіно дэбютавала ў фільме «Варожыя сцяжыны» (1935). Выканаўца лірыка-камед., меладрам. і вострахарактарных роляў у фільмах рэж. І.​А.​Пыр’ева: «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948), «Кубанскія казакі» (1950), «Выпрабаванне вернасці» (1954) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1951.

В.​А.​Рэшта.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЛЯКАПАДО́БНЫЯ (Caprimulgiformes),

атрад птушак, 5 сям., 93 сучасныя і 8 выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных раёнаў, найб. — у тропіках. На Беларусі 1 від — ляляк звычайны (Caprimulgus europaeus). Жыве парамі ў лясах, пераважна хваёвых. Начная птушка. Нар. назвы начніца, лежань. Пуэртарыканскі ляляк (C. noctitherus) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. леляка звычайнага да 29 см, маса да 100 г. Апярэнне мяккае, рыхлае, буравата-шэрае, стракатае. Крылы і хвост доўгія. Дзюба кароткая, рот шырокі, абкружаны доўгімі шчацінкападобнымі пёрамі. Вочы вялікія. Ногі кароткія, слабыя. Корміцца насякомымі. Нясе 3 яйцы.

Да арт. Лелякападобныя. Ляляк звычайны.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСПЯКА́ЕЎ Павел Барысавіч (20.4. 1927, г. Луганск, Украіна — 17.4.1970),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1965). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1950). Працаваў у рус. т-рах Тбілісі і Кіева. У 1959—64 у Ленінградскім Вял. драм. т-ры. Акцёр моцнага тэмпераменту. Яго творчасць вылучалася глыбокай арганічнасцю, эмацыянальнай яркасцю. Сярод роляў: Чаркун («Варвары» М.​Горкага), Нагульнаў («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава) і інш. З 1955 у кіно. Зняўся ў фільмах: «Балтыйскае неба» (1961), «Капронавыя сеткі» (1963), «Рэспубліка ШКІД» (1966), «Белае сонца пустыні» (1970).

Літ.:

П.​Луспекаев: Воспоминания об актере. Л., 1977.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ Аляксандр Міхайлавіч (н. 12.1.1925, в. Гольева Краснагорскага р-на Маскоўскай вобл.),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1970). З 1953 працаваў у тэатрах г. Уладзімір, на Д. Усходзе. У 1972—85 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. роляў. Сярод роляў у Гродзенскім т-ры: Караваеў («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Цясленка («Апошні шанц» В.​Быкава), Цімоха («Вечар» А.​Дударава), Каргін («Цяжкае абвінавачванне» Л.​Шэйніна), бацька Цярэнція («Жорсткія гульні» А.​Арбузава), дзед Сцёпачка («Печ на коле» Н.​Сямёнавай) і інш.

Н.​В.​Трацэўская.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см²), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)