Павільён ’невялікі лёгкі будынак у людным месцы’ (ТСБМ), павілён ’заслона, полаг’ (Касп.), павілёны ’шырма’ (Сл. ПЗБ). З рус. павильо́н ’тс’, дзе з франц. pavillon або з ням. Pavillon ад лац. papilio ’матыль, а таксама падобны на матыля забаўны шацёр’ (Фасмер, 3, 182). Дыял. формы запазычаны з польск. pawilon ’балдахін; від полага над ложкам’ (Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бра́згаць, бра́зґаць ’стукаць, брынчаць’, таксама бра́зкаць. Рус. бря́згаць, укр. бря́зкати. Паводле Рудніцкага, 227, утварэнне ад выклічніка брязь! (гукапераймальнае). Фасмер (1, 225) лічыць роднасным з літ. breñgsti, brenzgiù ’загучаць, застукаць’. Параўн. Буга, РФВ, 70, 102. Траўтман (37) слав. bręzgъ і літ. формы выводзіць з балт.-слав. *brenzg‑. Сюды ж бел. бра́знуць ’стукнуць’, бра́знуцца ’ўпасці’ (bręzgnǫ‑ti).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Надува́нчык ’адуванчык, дзьмухавец’ (ТС), надуваньчык ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Змененая пад уплывам надуць ’надзьмуць’ руская назва одуванчик ’тс’, відаць, у выніку цяжкасцей пры ўспрыняцці пачатку слова (ідэнтыфікацыі а‑ = аб‑) і змены матывацыі («як надуты»); параўн. таксама рус. маск. надуванчик ’тс’, што сведчыць аб дээтымалагізацыі тэрміна і спробах «мадэрнізацыі» яго формы ў межах самой рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апалю́к ’ручка касы’ (ДАБМ), палю́к, палю́х, палец (ДАБМ, 831). Перанос назвы пальца (параўн. укр. дыял. палець ’зубец на шасцярні’) па знешняму падабенству ці паралельнае ўтварэнне (параўн. паля, укр. дыял. палюх ’слуп’). Магчыма, кантамінацыя з аплік, аплюк ’гаплік’ (не толькі ў вопратцы; форма аплюк садзейнічала выкарыстанню формы з пачатковым а‑), гаплюк ’гак да гною’ (Смул., 75).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Замгнуць ’задрамаць на адно імгненне, сплюшчыць вочы, засынаючы’ (ТСБМ). Рус. варонеж. замгну́ть ’тс’, укр. замгну́ти ’задрамаць ненадоўга’ (Грынч.), славен. zamígniti ’злёгку задрамаць’. Усх.-слав. формы адлюстроўваюць *за‑мьг‑ну‑ти, дзе корань мьг‑ з чаргаваннем галоснага; гл. міг. Славен. форма з іншай ступенню чаргавання, як і чэш. zamihnouti se ’рынуцца, з’явіцца на імгненне’, утварылася аўтаномна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухары́ба (сухорыба) ’гусцера, Blicca bjoerkna L.’ (вілен., Этимология–1978), сухарэ́ба ’тс’ (там жа; лід., Сл. ПЗБ), сухарэ́па (сухарепа) ’тс’ (там жа). Параўноўваецца польск. sucha ryba, suchareba ’тс’, літ. sukarèbka ’тс’, што да рыба (гл.) з азначэннем паводле канфігурацыі або формы цела, гл. сухі (Усачова, Слав. ихт. терм., 123); фармальныя змены пад уплывам сухарэбрыца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ікано́м ’кіраўнік маёнтка’, ’аканом у кляштары’, ’ашчадны гаспадар’ (Нас.), ікано́мія ’гаспода, панскі двор’ (Бяльк.), ст.-бел. икономъ, иканома ’эканом, загадчык гаспадаркі’. Формы з пачатковым відаць, са ст.-рус. икономъ, икономия (XI–XII стст.) < грэч. οἰκονόμος, οἰκονομία. Гл. Фасмер, 2, 125. Няма падстаў прыцягваць польск. ekonom для тлумачэння ст.-бел. икономъ, як Булыка, Запазыч. Гл. аканом.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заві́даваць ’зайздросціць’ (Сл. паўн.-зах.), за́відкі, заві́дна (ТСБМ), завіду́шчы, заві́днік (Нас.). Рус. зави́довать, укр. зави́дувати, н.-луж. zawidowaś, макед. завидува ’зайздросціць’; параўн. польск. zawidzieć, чэш. záviděti, славац. závidiet, в.-луж. zawidźeć, славен. zavídeti, серб.-харв. за́видети, балг. завѝждам, завидя, макед. завиди ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. (у Скарыны) завидѣти ’зайздросціць’. Верагодна, прасл. zaviděti: za + viděti, адкуль бязафіксны наз. zavida. Паводле Шанскага (ЭИРЯ, 2, 130–132), ад завида і ўтворана завидовать, якое фіксуецца з 1675 г. Бел. дыял. дзеяслоў можа быць запазычаны з рус., але магчыма і ўласнае развіццё, на што ўказваюць іншыя прыведзеныя формы: завідкі, мн. л. формы з суф. ‑к‑а ад ст.-рус. завида, якое дало прыметнік завідны (Сл. паўн.-зах.), адкуль заві́дна, заві́днік, а таксама заві́длівы (Сл. паўн.-зах.). Форма завидѣти і падобныя тлумачацца ў Фасмера (2, 72), БЕР (1, 575), Скока (3, 567) з видѣти: іначай Махэк₂ (711–712), які бачыць тут кантамінацыю былога кораня *veid‑ (гл. від 1) і *neid‑ (параўн. ням. neiden ’зайздросціць’), што пацвярджаецца недастаткова. Побач з тлумачэннем формы завидовать Шанскім (2, З, 17) магчымы і вывад яе з завидывать як мнагакратнай (параўн. видеть — видывать) ці імперфектыўнай (параўн. зачитать — зачитывать, гл. Вінаградаў, Русский язык, 1947, 502). Трэба ўлічваць пры гэтым замацаванне завидеть у значэнні ’ўбачыць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
т. 10, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)