КАСІК’Я́РЭ (Casiquiare),

рака на Пд Венесуэлы. Даўж. 410 км, пл. басейна 45 тыс. км². Прымае частку сцёку (каля ⅓) р. Арынока на ўчастку верхняга цячэння, у раёне г. Сан-Карлас злучаецца з р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Сувязь дзвюх вял. рэк Паўд. Амерыкі — класічны прыклад біфуркацыі рэк. Злучэнне К. з р. Арынока адбываецца пры дапамозе «канала» — натуральнага рэчышча даўж. каля 30 км (з падзеннем да 5 м), які служыць вадаскідам з р. Арынока ў бас. Рыу-Негру.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЙВ ((Clive) Роберт) (29.9.1725, маёнтак Стайч, каля г. Сток-он-Трэнт, Вялікабрытанія — 22.11.1774),

дзеяч англ. каланіяльнай адміністрацыі ў Індыі. Генерал. На чале войск англ. Ост-Індскай кампаніі ў бітве каля Плесі (1757) разбіў войскі наваба Бенгаліі і заваяваў яе. У 1757—60 і 1765—67 англ. губернатар Бенгаліі. Увёў т.зв. дваістае кіраванне (грамадз. справы ў распараджэнні мясц. улад, збор падаткаў у Ост-Індскай кампаніі). Разрабаваў казну наваба. Пасля вяртання ў Англію абвінавачаны ў хабарніцтве. Скончыў самагубствам.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Клясціцы. Створана на р. Нішча ў 1959. Пл. 1,2 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,52 млн. м³. Берагавая лінія моцна парэзаная, берагі параслі лесам, вышыня берагоў у вярхоўі да 5 м, каля плаціны 10—15 м. Дно выслана пяском, слаба заілена. Ёсць дробныя астравы. Сярэдні шматгадовы сцёк у створы плаціны 226,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Клясціцкая ГЭС).

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДА,

рака на З Манголіі. Даўж. 561 км, пл. бас. каля 50 тыс. км². Вытокі на паўд. схілах горнага вузла Табын-Богда-Ола. У вярхоўях цячэ цераз Кабдоскія азёры, перасякае адгор’і паўн. схілу Мангольскага Алтая, ніжняе цячэнне па катлавінах Вял. азёр, дзе К. ўтварае забалочаную дэльту і разыходзіцца на 3 рукавы. Упадае ў воз. Хара-Ус-Нур. Жыўленне снегава-дажджавое, паводкі ў маі—чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 100 м³/с. Сплаўная.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга палеаліту (каля 30—20 тыс. г. назад) у межах Валына-Падольскай пліты на Украіне. Назва ад стаянкі каля в. Ліпа Дубенскага р-на Ровенскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на каня і паўн. аленя, радзей маманта, шарсцістага насарога і інш. Для матэрыяльнай культуры характэрны сякерападобныя крамянёвыя прылады (вядучая форма), буйныя скрабкі на пласцінах і скрэблы, сіметрычныя вастрыі, прызматычныя і клінападобныя нуклеусы. Сярод касцяных вырабаў пераважаюць наканечнікі коп’яў і дроцікаў, вастрыі.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ-А́ЙЛЕНД (Long Island),

нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс. км², даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах. ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г.Гудзонам.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЦЫ, Лочы (Locci) Аўгуста Вінцэнці (каля 1640, Варшава — 22.10.1732), польскі архітэктар. Вучыўся ў бацькі Аўгуста Станіслава Л. і Дж.​Б.​Джызлені ў Рыме. Кіраўнік буд.-дэкарацыйных работ і маст. дарадца польскага караля Яна III Сабескага. Паводле яго праектаў пабудаваны палац у Вілянаве (б. летняя каралеўская рэзідэнцыя каля Варшавы, 1677—1794; барока), створаны план Варшавы (1683, не захаваўся). Кіраваў буд-вам касцёла і кляштара капуцынаў у Варшаве (1683—85). На Беларусі для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу зрабіў праект галерэі (1678).

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ДА, Нарбада,

рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАПАЛЬСКІ МАРГАНЦАВАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы басейн марганцавых руд на Пд Украіны. Пл. больш за 5 тыс. км². Адкрыты ў 1883, распрацоўваецца з 1886. Марганцаносная алігацэнавая фармацыя з прамысл. пластамі руд (з сярэдняй магутнасцю каля 2 м) гарыз. залягання, цягнецца ўздоўж паўд. схілу Украінскага шчыта, даўж. 250 км, шыр. да 25 км. Руды: аксідныя (сярэдняя колькасць марганцу 27,8%), аксідна-карбанатныя (25%) і карбанатныя (22%). Агульныя запасы каля 2,5 млрд. т. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Нікапаль.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)