ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.
галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл.Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл.Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.С.Глушак, Р.М.Казловай, Р.В.Краўчуком, В.У.Мартынавым, А.Я.Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр.М., 1954;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;
Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),
раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял.эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;
Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1989—90.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыіэкасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр.Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап.ідэаліст.філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц.містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).
Літ.:
Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;
Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;
Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭВАЛЮ́ЦЫЯ [ад лац. со (cum) з, разам + эвалюцыя],
сумесная (спалучаная) эвалюцыя двух і больш таксонаў, калі эвалюцыя кожнага часткова залежыць ад эвалюцыі другога. Таксоны аб’яднаны цеснымі экалагічнымі сувязямі, але не абменьваюцца генамі; пры гэтым дзейнічае рэцыпрокны ціск адбору (гл.Рэцыпрокнае скрыжаванне). Да К. належыць большасць папуляцыйных узаемаадносін, ад драпежніцтва і канкурэнцыі да мутуалізму і протакааперацыі, калі адносіны паміж двума арганізмамі (папуляцыямі) узаемакарысныя, але не з’яўляюцца абавязковымі, і ўзаемасувязь выпадковая (напр., некат. насякомыя жывуць і кормяцца на раслінах і выпадкова прымаюць удзел у іх апыленні). У вузкім сэнсе К. — эвалюц. ўзаемаадносіны паміж раслінамі і жывёламі. Тэрмін «К.» ўжываецца і ў адносінах да сістэмы «грамадства—прырода». Несупадзенне хуткасцей прыроднага працэсу, які ідзе марудна, і сац.-эканам. развіцця чалавецтва, якое ідзе намнога хутчэй, вядзе да дэградацыі прыроды. Прапануецца такое ўздзеянне чалавека на прыроду, якое рэгулюецца і свядома абмяжоўваецца (стварэнне наасферы). Гл. таксама Каадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.
М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10−24—10−26г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл.Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.
Літ.:
Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭКО́РВА (Бруна Максімавіч) (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),
расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АНСССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
раздзел генетыкі, які вывучае заканамернасці генет. структуры папуляцый і яе змены ў працэсе эвалюцыі. Вывучае эфекты антрапагеннага ўздзеяння на генет. структуру папуляцый, распрацоўвае асновы яе захавання і рацыянальнага выкарыстоўвання. Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную. Станаўленне П.г. звязана з працамі англ. матэматыка Г.Хардзі і ням. ўрача В.Вайнберга (1908), а таксама С.С.Чацверыкова (1926), Р.Фішэра, Дж.Холдэйна, С.Райта (1930) і інш. На Беларусі асобныя кірункі П.г. заклалі П.Ф.Ракіцкі і М.В.Турбін. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (генетыка камбінацыйнай здольнасці с.-г. раслін, уплыў адбору на генет. структуру папуляцый, аналіз генет. структуры прыродных папуляцый жывёл, вывучэнне заканамернасцей дынамікі хім. і радыяцыйнага мутагенезу ў папуляцыях і інш.), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (генет. полімарфізм насельніцтва Беларусі), Ін-це лесу (генет. структура хваёвых лясоў Беларусі), Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.