ВЫКУПНА́Я АПЕРА́ЦЫЯ,

дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).

Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).

Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн. руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн. руб.

В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,

працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц. атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд. т вуглякіслага газу CO2, 700 млн. т інш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн. т.

Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),

бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.​Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.​Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.

Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.

т. 11, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНІ́НІ ((Paganini) Нікало) (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),

італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв. вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.

Літ.:

Ямпольский И.М. Н.​Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;

Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;

Григорьев В.Ю. Н.​Паганини: Жизнь и творчество. М., 1987.

Н.Паганіні.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІБО́Р’Е сучаснае,

спартыўныя комплексныя спаборніцтвы. Уключаюць верхавую язду (канкур з пераадоленнем 12 перашкод), фехтаванне на шпагах (па кругавой сістэме, да першага ўколу), стральбу з пнеўматычнага пісталета (на адлегласці 10 м), плаванне (вольны стыль, дыстанцыя 200 м), крос (дыстанцыя 3 км).

Вядома са стараж. часоў (пентатлон у праграме Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі). З 1912 — у праграме Алімп. гульняў. З 1948 — сучасная назва. Міжнар. саюз П. і біятлону засн. ў 1948 (Лондан). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1949 штогод (акрамя гадоў правядзення Алімп. гульняў), для юніёраў — з 1965. Жанчыны ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах з 1970-х г. Найб. развіццё П. атрымала ў Венгрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 1954, першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1957. Федэрацыя П. створана ў 1992. Каманда юніёраў Беларусі — чэмпіён Еўропы (1999), бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1993, 1994); жаночая каманда — бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1999, 2000) у эстафеце. Сярод бел. пяціборцаў найб. вызначыліся: П.​Доўгаль — бронз. прызёр XXVII Алімп. гульняў (2000, г. Сідней, Аўстралія), чэмпіён свету сярод юніёраў (1995); чэмпіёны свету сярод юніёраў — С.​Герасімовіч (1987), С.​Коршун (1993); сярод дарослых — В.Бялоў (1969), Ж.​Шубянок (1996); чэмпіёны Еўропы І.​Шухаўцава (1987), А.​Барысенка, Ж.​Далгачова (Гарленка) (1991) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),

дзяржава на астравах у зах. ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс. км, з Пн на Пд на 1 тыс. км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб. выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.

Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.

Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.​Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.​Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.​Табаі, з 1994 — Т.​Ціта.

Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн. дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс. га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс. т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс. т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн. кВтгадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кірыбаці.

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),

дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак. Пл. 1030,7 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае ​2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр. ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб. выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд. ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс. ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс. ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс. н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст. паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.

28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен. к-та нац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен. к-т нац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс. чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп. с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп. с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.

Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн. га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс. т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн. га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс. т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс. т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн. т жал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн. кВтгадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн. дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс. чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Маўрытаніі.

т. 10, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.

Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙10​9 т сухой масы і мае каля 300—500∙10​21 Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙10​9 т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙10​6 т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у вярхоўі р. Сэрвач. На аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. За 25 км ад г. Баранавічы, 2,5 тыс. ж. (1996).

У сярэдзіне 13 ст. Гарадзішча ў складзе ВКЛ, з 2-й пал. 15 ст. велікакняжацкі двор. У 1494 тут заснаваны касцёл. З канца 15 ст. ў розны час уладанне кн. Сямёна Бельскага, вял. княгіні Алены Іванаўны, Няміравічаў, Давойнавічаў, Карыцкіх, Гастомскіх, Хадкевічаў, Каменскіх, Зяновічаў, Л.​Паца, Бухавецкіх. З 1793 мястэчка ў Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1798 у Гарадзішчы уніяцкая царква, касцёл, якія ў 1839 і 1864 пераўтвораны ў правасл. цэрквы. У 1893 у Гарадзішчы 747 ж., сельскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, 5 яўр. малітоўных дамоў, багадзельня, цагельня, 12 крам, 2 кірмашы штогод. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Гарадзішчы больш за 4 тыс. чал. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1989 у Гарадзішчы 2,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл (18 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)